Top.Mail.Ru

Як выкарыстоўваць БПЛА і не стаць правапарушальнікам

На мінулым тыдні Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон «Аб змяненні законаў па пытаннях крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці», які накіраваны на ўзмацненне аховы паветранай прасторы Беларусі. Закон таксама ўстанавіў адказнасць за парушэнне правілаў пастаноўкі і зняцця беспілотніка з дзяржаўнага ўліку. Падрабязней аб усіх тонкасцях захоўвання і выкарыстання БПЛА на тэрыторыі нашай краіны, а таксама аб тым, якое пакаранне прадугледжана за невыкананне правілаў, у Нацыянальным прэс-цэнтры расказалі спецыялісты.


Як зарэгістраваць і ўвезці беспілотнік у Беларусь?

Новы закон устанавіў адміністрацыйную адказнасць за незаконныя ўвоз, захоўванне, абарот, эксплуатацыю і выраб грамадзянскіх беспілотнікаў. Так, цяпер фізічныя асобы за пералічаныя парушэнні прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу да 30 базавых велічынь з магчымай канфіскацыяй лятальнага апарата. Пры паўторным парушэнні на працягу года — крымінальная адказнасць.

1734612138092.jpg

Закон таксама ўстанавіў адказнасць за парушэнне правілаў пастаноўкі і зняцця беспілотніка з дзяржаўнага ўліку, папярэдзіла начальнік упраўлення прававой, кадравай работы і дакументацыйнага забеспячэння Дэпартамента па авіяцыі Вольга Калошыч. Яна паведаміла, што для ўвозу беспілотніка ў Беларусь неабходна атрымаць дазвол у Дэпартаменце па авіяцыі. Затым на працягу пяці рабочых дзён з моманту ўвозу трэба паставіць БПЛА на ўлік. Тут новае заканадаўства вылучае дзве катэгорыі арганізацый: тыя, якія рэалізоўваюць беспілотнікі, і тыя, якія іх эксплуатуюць, — тлумачыць Вольга Калошыч: «Арганізацыя, якая рэалізоўвае беспілотнікі, ставіць іх на дзяржаўны ўлік без мэты эксплуатацыі, таму на дадзеным этапе ідэнтыфікацыйныя пазнакі класа і нумары на кожны беспілотнік не ўстанаўліваюцца. Гэтыя маркіроўкі наносяцца пазней, калі беспілотнік паставіць на ўлік арганізацыя, што эксплуатуе».

Падставай для зняцця з уліку можа стаць, напрыклад, разбурэнне беспілотніка. Аб гэтым неабходна паведаміць у Дэпартамент па авіяцыі, прычым зрабіць гэта трэба ў той жа дзень, калі беспілотнік быў разбураны. Дарэчы, сёння на дзяржаўным уліку стаіць каля 1,6 тысячы грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў. У асноўным яны выкарыстоўваюцца для правядзення аэрафотаздымкі ў сельскай гаспадарцы і пры геолага-геадэзічных работах.

У ліку асноўных парушэнняў, якія дапускаюць уладальнікі грамадзянскіх беспілотнікаў, у Дэпартаменце па авіяцыі назвалі наступныя: эксплуатацыя беспілотніка без нанясення ўнікальнага ўліковага нумара і ідэнтыфікацыйнай пазнакі класа; выкананне палёту аператарам, які не прайшоў падрыхтоўку; перадача кіравання асобе, якая не мае падрыхтоўкі кіравання такой тэхнікай. Усе гэтыя дзеянні цяпер прыроўнены да адміністрацыйных правапарушэнняў.

Як паляцець законна?

Каб законна валодаць і выкарыстоўваць лятальныя апараты ў межах пагранічнай зоны (прыграніччы), трэба звярнуцца ў найбліжэйшае тэрытарыяльнае падраздзяленне органаў пагранічнай службы, расказаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення папярэдняга расследавання і прававога забеспячэння аператыўнай дзейнасці Дзяржпагранкамітэта Мікалай Барэйка. Для выканання палёту неабходна прадставіць у найбліжэйшае тэрытарыяльнае падраздзяленне органаў пагранічнай службы ўсе неабходныя звесткі, у тым ліку інфармацыю аб тым, хто будзе выкарыстоўваць беспілотнік, яго кантактныя тэлефоны, тып лятальнага апарата, лётныя тэхнічныя характарыстыкі і іншую важную інфармацыю. «Даволі часта выяўляем выпадкі, калі асобы выкарыстоўваюць беспілотныя лятальныя апараты ў розных мэтах, у тым ліку для ажыццяўлення супрацьпраўнай дзейнасці на дзяржаўнай граніцы, ажыццяўлення назірання за аб’ектамі пагранічнай інфраструктуры. Сёлета па такіх фактах мы ў 94 выпадках пачыналі адміністрацыйны працэс, канфіскавалі 81 беспілотны лятальны апарат і камплектуючыя. За парушэнне правілаў памежнага рэжыму органамі памежнай службы прыцягнуты да адказнасці 33 асобы», — сказаў Мікалай Барэйка.

Адной з асноўных прычын унясення змяненняў у дзеючае заканадаўства сталі шматлікія парушэнні парадку выкарыстання паветранай прасторы Беларусі з ужываннем беспілотных лятальных апаратаў, заявіў начальнік Галоўнага штаба — першы намеснік камандуючага ВПС і войскамі СПА Сяргей Фралоў: «Гэтая галіна развіваецца, колькасць беспілотных апаратаў павялічваецца, і насельніцтва, у тым ліку нашай краіны, імкнецца выкарыстоўваць дадзены тып лятальных апаратаў у сваіх мэтах — асабістых і вытворчых. Змяненні ў дзеючым заканадаўстве закліканы ўпарадкаваць дадзеную сферу».

Паведамленні аб парушэннях правілаў выкарыстання паветранай прасторы шмат у чым звязаныя з выкарыстаннем беспілотных лятальных апаратаў, адзначыў начальнік упраўлення Узброеных Сіл па выкарыстанні паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь Расціслаў Давідзюк: «У 2020 годзе ў нас было каля 20 паведамленняў магчымага парушэння правілаў выкарыстання паветранай прасторы. У 2022 годзе колькасць такіх паведамленняў ужо складала каля 270, а ў 2024 годзе — каля 600. Як пасля высвятлялася, большасць такіх паведамленняў датычылася карыстальнікаў, якія выконвалі сваю дзейнасць у паветранай прасторы на законных падставах з усёй неабходнай дакументацыяй».

1734612138389.jpg

Разам з тым Расціслаў Давідзюк адзначыў, што з уступленнем у сілу Указа № 297 «Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў» ад 25 верасня 2023 года колькасць рэальных парушэнняў правілаў карыстання паветранай прасторай Беларусі зніжаецца.

А што з аэраклубамі?

З улікам дзяржаўнай палітыкі ў частцы ўключэння школьнікаў у развіццё беспілотнай авіяцыі пытанне «Як навацыі ў заканадаўстве закрануць іх дзейнасць?» вельмі актуальнае. Вольга Калошыч супакоіла: у дзейнасці гурткоў і секцый авіямадэлявання прынцыпова нічога не зменіцца. Галоўнае — выконваць дзеючае заканадаўства: «Перш за ўсё гурткі авіямадэлявання абавязаны выконваць умовы захоўвання. Гэта значыць, усе гурткі, у якіх на балансе ёсць беспілотныя лятальныя апараты і авіямадэлі, павінны выключыць доступ да іх старонніх асоб і выкарыстоўваць тэхніку выключна ў рамках адукацыйнага працэсу».

Выносіць беспілотны лятальны апарат за межы гуртка або тэхналагічнага цэнтра забаронена, таму што ў адпаведнасці з новым законам гэта з’яўляецца парушэннем умоў захоўвання і за гэта прадугледжана адказнасць.

Copy of 1734612138092.jpg

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю