Нам крылы не падрэжаш
Гісторыя падарожжаў па беларускаму небу пачалася 7 лістапада 1933 года, калі быў адкрыты аэрапорт у Мінску, а з беларускай сталіцы ў Маскву стартаваў першы пасажырскі рэйс. А сёння флагманам галіны па праве лічыцца авіякампанія «Белавія» — найбуйнейшы авіяперавозчык краіны, які базіруецца ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. Кампанія была створана ў 1996 годзе, а з 1997-га з’яўляецца паўнапраўным членам Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарта (ІATA). Яна ажыццяўляе рэгулярныя рэйсы ў 12 краін, абслугоўвае 22 аэрапорты.
Нягледзячы на санкцыі, якія мелі на ўвазе і адмену маршрутаў у некаторыя краіны, нацыянальны авіяперавозчык здолеў застацца на плаву, аператыўна памяняўшы карту палётаў. Сёння сярод найбольш запатрабаваных напрамкаў у пасажыраў — Масква, Санкт-Пецярбург, Дубай, Стамбул, Тбілісі і Баку. А пасажырапаток і колькасць рэйсаў у Кітай у параўнанні з 2024-м выраслі практычна ў два разы.
Праз 15 гадоў санкцый, 1 верасня 2025-га Упраўленне па кантролі за замежнымі актывамі ЗША (OFAC) выдала Генеральную ліцэнзію № 11, якая дазваляе правядзенне аперацый з «Белавія». Частковае зняцце абмежаванняў, магчыма, адкрые і новыя магчымасці. Напрыклад, спрашчэнне паставак запчастак і работы з амерыканскай валютай у міжнародных аперацыях.
Галіна бесперапынна ўдасканальвае матэрыяльна-тэхнічную базу, абнаўляе спецтэхніку і асвойвае новыя віды яе рамонту. У сувязі з планамі па пачатку эксплуатацыі далёкамагістральных паветраных суднаў у Нацыянальным аэрапорце Мінск ужо прапрацоўваецца маштабная праграма пашырэння інфраструктуры. Яна ўключае рэканструкцыю аэравакзальнага комплексу і перона, а таксама закупку спецыялізаванай тэхнікі для абслугоўвання двух новых самалётаў — далёкамагістральных. Імі паветраны флот папоўніўся ў канцы мінулага года, і пасля рамонтных работ яны былі гатовы да сваіх рэйсаў. Важна адзначыць, што тэхнічнае абслугоўванне самалётаў, у тым ліку іх афарбоўка, было цалкам праведзена на Мінскім авіяцыйным рамонтным заводзе. А таму і якасць работ — на самым высокім узроўні.
Трэці самалёт, паводле слоў генеральнага дырэктара «Белавія» Ігара ЧАРГІНЦА, плануецца ўвесці ў строй да лютага наступнага года. Па даных кампаніі, з пачаткам актыўнай эксплуатацыі другога далёкамагістральнага самалёта ў кастрычніку, рэальны рост пасажырапатоку ўжо дасягнуў 11 %.
Прыярытэт — бяспека палётаў
Сёння развіццю паветраных перавозак у Беларусі дзяржава ўдзяляе пільную ўвагу. Пастаянная мадэрнізацыя аэрапортаў у абласных цэнтрах і здольнасць Нацыянальнага аэрапорта Мінск прымаць любыя тыпы паветраных суднаў — нагляднае таму пацвярджэнне. Дарэчы, аэранавігацыйнае абслугоўванне ў нашай паветранай прасторы прадстаўлена 141 авіякампаніяй з 37 дзяржаў свету, а інтэнсіўнасць палётаў праз тэрыторыю Беларусі ўзрасла на 27 %. Адбылося гэта дзякуючы палётам авіякампаніі такіх краін, як Егіпет (у 52 разы), Кітай (у 1,7 раза) і Казахстан (у 1,6 раза). Ключавым кірункам застаецца цеснае ўзаемадзеянне са стратэгічным партнёрам — Расійскай Федэрацыяй. За апошнія два гады было адкрыта 9 новых напрамкаў, і зараз агульная колькасць маршрутаў у РФ дасягнула 17. Неабходна адзначыць, што Нацыянальны аэрапорт Мінск узаемадзейнічае з 10 авіякампаніямі, большасць якіх — з Расійскай Федэрацыі: «Аэрафлот», «Перамога» і «Red Wіngs».
Аднак галоўны прыярытэт заўсёды застаецца нязменным — бяспека палётаў. Гэта задача непарыўна звязана з чалавечым фактарам, паколькі залежыць не толькі ад надзейнасці тэхнікі, але і ад найвышэйшага прафесіяналізму ўсіх авіяспецыялістаў. Менавіта дзякуючы іх зладжанай рабоце і стабільнай якасці паслуг беларускія авіятранспартныя прадпрыемствы здолелі заваяваць аўтарытэт на міжнароднай арэне. Важнай падзеяй года стане першы ў гісторыі краіны выпуск лётчыкаў грамадзянскай авіяцыі, падрыхтаваных у Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі сумесна з ДТСАФ і іншымі авіяцыйнымі арганізацыямі краіны. «У складаных знешніх умовах беларуская грамадзянская авіяцыя працягвае дэманстраваць упэўненасць і актыўна развіваецца, адпавядаючы ўсім міжнародным стандартам бяспекі, надзейнасці і якасці авіяперавозак», — адзначыў Ігар ГОЛУБ, дырэктар Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый.
Новае жыццё рэгіянальных аэрапортаў
Як паведаміў генеральны дырэктар Нацыянальнага аэрапорта Мінск Уладзімір ЧАРАУХІН, у параўнанні з мінулым годам па ўсіх ключавых паказчыках назіраецца станоўчая дынаміка. Рост дэманструе пасажырапаток, які склаў 102 %. Колькасць самалётавылетаў таксама павялічылася на 3,5 %, а аб’ём грузавых перавозак вырас на цэлых 46 %. Пры гэтым ільвіную долю пасажырапатоку нацыянальнага аэрапорта (больш за 66 %) забяспечвае менавіта «Белавія», што падкрэслівае яе ключавую ролю ў транспартнай сістэме краіны. Але радуе не толькі сталіца: у 2025-м былі адкрыты авіязносіны ў філіяле — ў Магілёўскім аэрапорце, а Аршанскі філіял адзначыўся прыростам у перавозцы грузаў.
Адраджэнне работы рэгіянальных аэрапортаў было адной з ключавых задач, пастаўленых кіраўніком дзяржавы ў галіне. Яшчэ 3–4 гады таму яны практычна бяздзейнічалі, але дзякуючы сумесным намаганням работнікаў авіяцыі сітуацыя змянілася, і рэгулярныя рэйсы ўжо паспяхова функцыянуюць у рэгіёнах: «Першым аднавіў палёты аэрапорт Гомеля, затым да яго далучыліся Брэст і Магілёў. Віцебск пакуль працуе па чартэрнай праграме, але ў перспектыве ў нас работа на рэгулярнай аснове і з ім», — падкрэсліў дырэктар Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый. У планах на наступны год — рамонт узлётна-пасадачнай паласы і абнаўленне радыётэхнічнага абсталявання ў аэрапорце Гродна, каб запусціць рэгулярныя і чартэрныя рэйсы ў гэтым рэгіёне.
Аміна НАЗАРАВА
Фота з адкрытых крыніц