Не менш важная задача — прававая асвета грамадзян па частцы магчымасцяў дзяржаўных арганізацый, гатовых аказаць дапамогу ў сферы забеспячэння пажарнай бяспекі. Павышэнне інфармаванасці — ключ да ўмацавання правапарадку і папярэджання правапарушэнняў.
Дарэчы, адначасова праводзіў сваю акцыю «Бяспека — гэта...» і Дзяржэнергагазнагляд. Яна накіравана на правільнае выкарыстанне электра- і цеплаўстановак і газавыкарыстоўваючага абсталявання.
«Нашай мэтай было акцэнтаваць увагу насельніцтва на пытаннях электра- і цеплабяспекі, правільным карыстанні газам у побыце ва ўмовах паніжаных тэмператур, — падкрэсліў намеснік генеральнага дырэктара — галоўны інжынер ДУ „Дзяржаўны энергетычны і газавы нагляд“ Аляксандр ГУЛЕВІЧ. — Мы імкнуліся не проста праверыць, але і растлумачыць, падказаць і навучыць, бо часам нават гэтыя элементарныя веды дапамагаюць пазбегнуць бяды». Віктарыны, інтэрактыўныя пляцоўкі, мабільныя дадаткі і іншыя цікавыя фарматы работы з насельніцтвам, паводле яго слоў, ператвараюць урокі бяспекі ў захапляльны працэс, дапамагаючы лепш засвойваць веды.
Сярод задач акцыі «За бяспеку разам» не толькі распаўсюджванне ў грамадстве жыццёва важных ведаў, але і карпатлівая работа на месцах.
Яна вядзецца адрасна і настойліва: «У рамках акцыі ратавальнікі правялі ацэнку супрацьпажарнага стану домаўладанняў і кватэр з выдачай адпаведных рэкамендацый, а таксама інструктажы аб мерах пажарнай бяспекі і дзеяннях у выпадку ўзнікнення пажару», — адзначае намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыі нагляду і прафілактыкі Галоўнага ўпраўлення нагляду і прафілактыкі МНС Рэспублікі Беларусь Дзяніс ЖУКОЎСКІ.
Намаганні ўсіх ведамстваў сканцэнтраваны ў першую чаргу на дапамозе адзінокім пажылым людзям, інвалідам, сем’ям, якія апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы. Пад кантроль трапляюць і грамадзяне, якія выкарыстоўваюць сваё жыллё для распівання алкаголю і вядуць асацыяльны лад жыцця. Штогод праводзяцца абследаванні ўмоў пражывання вышэйзгаданых катэгорый, тлумачыць начальнік Галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Кацярына КАЛЯДА. Пад патранажам знаходзіцца каля мільёна чалавек, з якіх больш за
150 тысяч — гэта адзінокія пажылыя грамадзяне і інваліды. Сёлета меры падтрымкі ў выглядзе рамонту жылых памяшканняў, печаў, электраправадоў, газавага абсталявання, устаноўкі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў былі аказаны 13 тысячам ветэранаў Вялікай Айчыннай, асобам, пацярпелым ад наступстваў вайны, адзінокім пажылым грамадзянам і інвалідам. На гэтыя мэты было выдаткавана больш за 1,6 мільёна рублёў.
Аміна НАЗАРАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД