Top.Mail.Ru

У сталіцы і на Міншчыне пабудаваны шэраг школ, садкоў, паліклінік

Сёлета ў краіне ўведзены ў эксплуатацыю шэраг сацыяльных аб’ектаў — дзіцячых садкоў, школ, паліклінік, бальніц, устаноў сацыяльнай абароны, культуры і фізічнай культуры. Некаторыя з іх па традыцыі стануць падарункам беларусам да 7 лістапада, частка будзе дабудавана да канца года, а на шэрагу аб’ектаў будаўніцтва працягваецца ці толькі распачата. Расказваем, якія новыя сацыяльныя ўстановы зробяць больш камфортным жыццё мінчан і жыхароў Мінскай вобласці.



Мінск-Мір, Бараўляны, Усходні

Згодна з асобным даручэннем кіраўніка дзяржавы ў пасёлку Бараўляны пабудаваны і сёлета адчынілі свае дзверы школа на 1020 месцаў з басейнам і дзіцячы садок. Яшчэ адзін з’явіўся ў пасёлку Усходні. Таксама ўведзена ў эксплуатацыю сярэдняя агульнаадукацыйная школа ў мікрараёне Мінск-Мір.

— У мікрараёне пабудавана каля 2 мільёнаў квадратных метраў жылля, таму ажыццяўляецца паэтапнае праектаванне і будаўніцтва дашкольных устаноў і агульнаадукацыйных школ. Усяго тут запланавана 13 дзіцячых садкоў, 4 пабудаваны, 

а ў наступным годзе з’явіцца яшчэ адзін, — паведаміла старшыня Камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Ірына ГОНТАРАВА, дадаўшы, што будаўніцтва жылля апярэджвае сацыяльную інфраструктуру, аднак за апошні час яна істотна падцягнулася.

Акрамя таго, сёлета пачалі прымаць пацыентаў дзве новыя ўстановы аховы здароўя. Па вуліцы Маякоўскага рэканструяваны аб’ект незавершанага будаўніцтва, недабудаваны інвестарам. Цяпер там з’явіўся шматфункцыянальны медыцынскі комплекс, дзе размясцілася 10-я стаматалагічная паліклініка, эндакрыналагічны цэнтр і цэнтр пластычнай хірургіі. Гэта дзяржаўныя агульнадаступныя медустановы. Днямі адкрылася і дзіцячая паліклініка ў мікрараёне Лошыца-9 на 480 наведванняў.

Уведзены і тры аб’екты культуры: пасля рэканструкцыі адкрыўся цалкам абноўлены кінатэатр Масква, рэканструяваны храм Аляксандра Неўскага, маштабныя работы праведзены ў Лошыцкім парку, дзе з’явіліся ЗАГС, некалькі кафэ і гасцініца. Прыбавіцца ў сталіцы і фізкультурна-аздараўленчых цэнтраў: ФАЦ «Мандарын» ужо адкрыты ў Лошыцы, завяршаецца будаўніцтва яшчэ двух: па вул. Беларускай і вул. Курчатава — для студэнтаў БДУ.

У верасні ўведзены ў эксплуатацыю корпус Мінскага гарадскога сацыяльнага пансіяната «Гармонія» па вул. Ангарскай. Аднак яго рэканструкцыя будзе працягнута, плануецца будаўніцтва новых карпусоў.

На шэрагу аб’ектаў будаўніцтва працягваецца. Да канца года ў сталіцы адкрыецца яшчэ дзве паліклінікі — дзіцячая і дарослая ў складзе комплексу Мінск-Мір, у 2026-м наведвальнікаў пачне прымаць шматпрофільная паліклініка ў пасёлку Усходні. Працягваецца будаўніцтва агульнаадукацыйнай школы на 792 месцы з басейнам.

Маштабная рэканструкцыя вядзецца ў 6-й клінічнай бальніцы, там будзе абноўлена і ўзведзена некалькі карпусоў на працягу

бліжэйшых двух гадоў. Працягваецца будаўніцтва новага корпуса Мінскага гарадскога анкалагічнага цэнтра і шматпрофільнага Мінскага гарадскога наркалагічнага цэнтра па вуліцы Карвата. На месцы апошняга быў незавершаны аб’ект. Мінгарвыканкам выйшаў з ініцыятывай перадачы яго ў камунальную ўласнасць сталіцы, будынак быў абследаваны, распрацавана праектная дакументацыя, сёння завяршаецца яго будаўніцтва. Трэба дадаць, што ўстановы аховы здароўя аснашчаюцца высокатэхналагічным абсталяваннем, у тым ліку імпартным, і здаюцца ў эксплуатацыю цалкам падрыхтаванымі да работы.

Што датычыцца аб’ектаў незавершанага будаўніцтва, то быў добраўпарадкаваны яшчэ адзін з іх па вуліцы Алібегава. Выканана перапраектаванне, сёння там будуецца сучасны інтэрнат на 66 асобных кватэр.

Акрамя таго, у Мінску вядзецца будаўніцтва найбуйнейшага ў краіне інфекцыйнага стацыянара — новай інфекцыйнай бальніцы ў раёне Даўгінаўскага тракта. Побач з ім узводзіцца інтэрнат для медыцынскіх работнікаў. Працягваецца будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу па вуліцы Казіміраўскай, яго завершаць у першым квартале 2026 года. Побач працягнецца рэканструкцыя парка Уга Чавеса, пасля чаго ў Каменнай горцы з’явіцца адзіны спартыўны комплекс, які дазволіць жыхарам раёна з карысцю для здароўя бавіць вольны час.

Акрамя таго, у наступным годзе ў сталіцы новы дзіцячы садок з’явіцца ў мікрараёне Лошыца-2. А ў 2027-м завершыцца будаўніцтва новага корпуса на 120 месцаў Мінскага гарадскога дзіцячага сацыяльнага пансіяната «Сонечны» па вуліцы Выгоцкага.

Вобласць не адстае

Як расказаў намеснік старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Мінскага аблвыканкама Аляксей БЫКАЎ, згодна з інвестыцыйнай праграмай Мінскай вобласці на будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў сёлета будзе накіравана больш за 170 мільёнаў рублёў. Частка іх ужо ўведзена. У прыватнасці, адчынілі свае дзверы дзіцячы садок на 200 месцаў у Лагойску, сярэдняя школа ў Фаніпалі, амбулаторыя ў аграгарадку Юзуфава, дзіцячы садок-пачатковая школа ў Слуцку. Да фестывалю-кірмашу «Дажынкі» адрэканструяваны шэраг будынкаў у Заслаўі. Уведзены ў эксплуатацыю лячэбны корпус у пасёлку Дружны, фізкультурна-аздараўленчы цэнтр у Лескаўцы. Новая аўтастанцыя пабудавана ў Жодзіне.

Да канца года юных наведвальнікаў ужо пачне прымаць дзіцячы садок у Смілавічах Чэрвеньскага раёна. Працягваецца

будаўніцтва бальніцы ў Заслаўі, станцыі пералівання крыві ў Барысаве, у Мінскай абласной клінічнай бальніцы будуецца новы хірургічны корпус. Тры новыя сярэднія школы ўзводзяцца ў Жодзіне, Прылуках і Смалявічах. А фізкультурна-аздараўленчыя цэнтры з’явяцца ў наступным годзе ў Нясвіжы, Заслаўі і Крупках.

Алена КРАВЕЦ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю