Top.Mail.Ru

Для Беларусі Казахстан з’яўляецца прыярытэтным партнёрам у гандлёвых і эканамічных адносінах

05.11.2025 | 11:00

Урадавая дэлегацыя на чале з Прэм’ер-міністрам Беларусі Аляксандрам Турчыным наведала з афіцыйным візітам Казахстан 4–5 лістапада. У першы дзень візіту адбылася сустрэча з Прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым. На сустрэчы акцэнтавалася ўвага на стратэгічным узаемадзеянні паміж дзвюма краінамі. Учора Аляксандр Турчын правёў перагаворы з Прэм’ер-міністрам Казахстана Алжасам Бекценавым у вузкім і пашыраным складах. Таксама ў Астане прайшло пасяджэнне беларуска-казахстанскага дзелавога савета. Вынікі візіту — у нашым матэрыяле.


Развязкі будуць знойдзены

Падчас перагавораў з Прэм’ер-міністрам Казахстана Алжасам Бекценавым у вузкім складзе Аляксандр Турчын адзначыў высокі ўзровень развіцця супрацоўніцтва паміж дзяржавамі.

— Нягледзячы на адлегласць, якая раздзяляе нас, для Беларусі Казахстан з’яўляецца найважнейшым эканамічным партнёрам, другім па тавараабароце сярод краін СНД пасля Расіі, а гэта значныя лічбы.

Ён падкрэсліў, што сустрэча з Прэзідэнтам Казахстана зрабіла на яго і ўдзельнікаў урадавай дэлегацыі вельмі глыбокае ўражанне:

— Прэзідэнт усебакова праінфармаваў нас аб бягучай сітуацыі ў Казахстане, пытаннях знешняй палітыкі. Мы вельмі ўдзячныя за такую сустрэчу. Мяркую, што ў ходзе нашых дыскусій у вузкім і пашыраным складах мы разгледзім тыя кірункі, па якіх нам трэба дзесьці дадаць. І калі ёсць праблемныя пытанні, думаю, мы знойдзем развязкі.

У сваю чаргу Алжас Бекценаў канстатаваў, што ў цэлым адносіны паміж нашымі краінамі заўсёды былі, ёсць і застануцца самымі добрымі і цёплымі:

— Яны носяць характар стратэгічнага партнёрства і развіваюцца па ўзыходзячай. З радасцю хацеў бы адзначыць, што і тавараабарот сёлета прыкметна вырас. Урад Казахстана настроены на канструктыўнае ўзаемадзеянне і дынамічнае развіццё гандлёва-эканамічных адносін паміж нашымі краінамі.

Можам дасягнуць большага

— Аб’ём узаемнага гандлю паміж нашымі краінамі стабільна высокі — каля 1 мільярда долараў, — прывёў лічбы Аляксандр Турчын падчас перагавораў з Алжасам Бекценавым у пашыраным складзе.

Ён адзначыў, што ў бягучым годзе расце як беларускі экспарт у Казахстан, так і казахстанскі імпарт у Беларусь. Прэм’ер-міністр лічыць важным захаванне гэтай дынамікі:

— Больш за тое, я лічу, што нам пад сілу і больш сур’ёзныя лічбы з улікам патэнцыялу развіцця нашых краін. Думаю, у наступную пяцігодку мы павінны для сябе гэтую планку істотна павысіць і даказаць, што можам дасягнуць яшчэ большага.

У ходзе перагавораў быў зроблены акцэнт на працягу работы па ўмацаванні гандлёва-эканамічных сувязяў. Адзін з галоўных прыярытэтаў — супрацоўніцтва ў сферы прамысловасці, асабліва машынабудавання. Прэм’ер-міністр Беларусі нагадаў, што на тэрыторыі Казахстана ўжо не першы год працуюць сумесныя прадпрыемствы.

— Узровень лакалізацыі такі, што гэта ўжо наш сумесны прадукт, — растлумачыў ён.

Падчас афіцыйнага візіту беларускай урадавай дэлегацыі ў Астану абмяркоўваліся пытанні далейшага ўзаемадзеяння, наладжвання новых сувязяў і рэалізацыі перспектыўных праектаў.

— Наша супрацоўніцтва не абмяжоўваецца эканомікай і гандлем, а ахоплівае таксама гуманітарную сферу, ёсць сумесныя праекты ў сферах адукацыі, культуры, спорту, турызму, — падкрэсліў Аляксандр Турчын. — На мой погляд, пашырэнне сувязяў менавіта ў гэтых кірунках дазволіць умацаваць падмурак нашых адносін і ўзбагаціць іх змест.

Ён адзначыў, што для беларускага боку Казахстан з’яўляецца прыярытэтным партнёрам у гандлёвых і эканамічных адносінах:

— Таму ўрад нашай краіны настроены ўсяляк развіваць гэтыя сувязі. Той узровень дыялогу, які склаўся на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, абавязвае нас дэманстраваць упэўнены рост тавараабароту і далейшае паглыбленне адносін паміж краінамі.

У сваю чаргу Алжас Бекценаў адзначыў, што супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі паступальна развіваецца, і выказаў упэўненасць, што бягучы візіт надасць яму дадатковы імпульс, умацуе партнёрства паміж дзяржавамі:

— Нашы адносіны сапраўды носяць стратэгічны характар, для іх характэрны даверны дыялог на ўсіх узроўнях. Развіваюцца не толькі гандлёва-эканамічныя і інвестыцыйныя сувязі, але і культурна-гуманітарныя. Нашы народы добра ведаюць гісторыю, культуру адно аднаго. Хацелася б, каб і ў культурна-гуманітарнай сферы нашы сувязі толькі мацнелі. Думаю, гэта вельмі важна, калі мы гаворым аб доўгатэрміновым характары ўзаемадзеяння. Нашы людзі павінны ведаць адзін аднаго, паважаць і шанаваць, і гэта сур’ёзны падмурак у тым ліку для эканомікі.

Паводле слоў Прэм’ер-міністра Казахстана, тавараабарот паміж дзвюма краінамі сёлета радуе.

— У нас традыцыйна добра развіваецца прамысловая кааперацыя. Агульны пул сумесных праектаў складае 

15 сумесных вытворчасцяў, 12 ужо рэалізаваны з агульным аб’ёмам інвестыцый больш за 200 мільёнаў долараў. Тры праекты знаходзяцца на стадыі рэалізацыі. Мы працуем з беларускімі партнёрамі над паглыбленнем лакалізацыі той лінейкі прадукцыі, якая вырабляецца тут, у Казахстане, заўсёды знаходзім паразуменне і канструктыўны падыход да гэтых пытанняў.

Ён адзначыў, што ў ходзе візіту будзе прынята дарожная карта па развіцці супрацоўніцтва ў галіне прамысловай кааперацыі на бліжэйшыя тры гады:

— Думаю, гэта таксама дазволіць больш прадметна, мэтанакіравана ісці да дасягнення тых мэт, якія мы сабе намецілі. Урад Казахстана гатовы прыкласці ўсе намаганні для таго, каб нашы гандлёва-эканамічныя і іншыя адносіны развіваліся інтэнсіўна і на ўзаемавыгаднай аснове.

Зачын на будучыню

Падчас афіцыйнага візіту беларускай урадавай дэлегацыі ў Астане была закладзена капсула ў гонар будаўніцтва новага дылерскага цэнтра МАЗ.

— Гэта вельмі сімвалічнае завяршэнне нашага візіту, — выказаў упэўненасць Аляксандр Турчын. — На працягу двух дзён у нас былі перамовы з прэзідэнтам і прэм’ер-міністрам Казахстана, з многімі службовымі асобамі. Пра многае дамовіліся, многае трэба будзе вырашыць. Завяршаем наш візіт практычным дзеяннем — закладкай капсулы пад будаўніцтва цэнтра нашай кампаніі МАЗ, якая ўжо працяглы час прысутнічае на рынку Казахстана. Упэўнены, што з уводам у эксплуатацыю гэтага аб’екта наша прысутнасць на дадзеным рынку будзе яшчэ больш узмоцнена. Мы прапануем сваім калегам розныя праграмы, уключаючы фінансавыя. Планамерна рухаемся наперад у нашым супрацоўніцтве з Казахстанам, якое і так знаходзіцца на вельмі высокім узроўні. І ставім амбіцыйную мэту ў наступнай пяцігодцы значна павялічыць паказчыкі.

Таксама на палях казахстанска-беларускага дзелавога савета былі падпісаны дакументы аб кааперацыйным супрацоўніцтве і пастаўках тэхнікі з казахстанскімі партнёрамі. Іх падпісалі такія беларускія прадпрыемствы, як МТЗ, «Амкадор», «Гомсельмаш», «Бабруйскаграмаш», ММЗ, МАЗ і іншыя. У прыватнасці, МАЗ падпісаў кантракт на пастаўку ў Казахстан 30 адзінак тэхнікі на суму 1,5 мільёна рублёў.

Акрамя таго, у прысутнасці кіраўнікоў урадаў Беларусі і Казахстана быў падпісаны мемарандум паміж акіматам Алмацінскай вобласці Казахстана і Віцебскім абласным выканаўчым камітэтам аб супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, культурнай і гуманітарнай сферах. 

А таксама план мерапрыемстваў (дарожная карта) паміж Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам і акіматам Астаны аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве на 2026–2028 гады.

Яшчэ адзін дакумент — план мерапрыемстваў (дарожная карта) па развіцці супрацоўніцтва паміж Міністэрствам прамысловасці Беларусі і Міністэрствам прамысловасці і будаўніцтва Казахстана на 2026-2028 гады ў галіне прамысловай кааперацыі.

Амбіцыйныя планы

Беларусь і Казахстан разлічваюць да 2030 года нарасціць тавараабарот да двух мільярдаў долараў. Пра гэта журналістам расказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Казахстане Аляксей Багданаў.

— Мы даўно ўжо працуем на гэтым рынку. Тавараабарот расце добрымі тэмпамі — за 9 месяцаў больш за 15 % росту. Але патэнцыял, безумоўна, не вычарпаны, — выказаў упэўненасць дыпламат. — Наш гадавы тавараабарот ледзь перавышае 1 мільярд долараў. Мы імкнёмся да таго, каб у бліжэйшыя два гады дасягнуць узроўню ў 1,5 мільярда долараў. А ў перспектыве да 2030 года, магчыма, выйдзем і на два мільярды. Усе гэтыя мерапрыемствы спрыяюць таму, каб мы гэтай лічбы дасягалі і ўзмацнялі наша ўзаемадзеянне як у традыцыйным гандлі, так і ў кааперацыйных праектах.

Адна з важных тэм для абмеркавання — узмацненне міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, лічыць пасол:

— Дамовіліся аб тым, што мы найбліжэйшыя два гады правядзём пад эгідай рэгіянальнага супрацоўніцтва, каб было больш узаемных паездак паміж рэгіёнамі дзвюх краін, каб праводзіліся на рэгіянальным узроўні розныя бізнес-форумы. Гэта будзе спрыяць развіццю нашых гандлёва-эканамічных адносін і культурных сувязяў. Без культурнага ўзаемадзеяння рабіць бізнес складана. Менавіта ў рэгіянальным кааперацыйным супрацоўніцтве мы бачым патэнцыял, які можна будзе развіць і ўвасобіць у лічбах.

У гутарцы з журналістамі старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін расказаў, што Беларусь і Казахстан намецілі шэраг новых сумесных праектаў, у тым ліку ў галіне водаачысткі і добраўпарадкавання населеных пунктаў.

— Расце ўзаемны тавараабарот, у тым ліку экспарт нашых тавараў у Казахстан — пачынаючы ад нафтапрадуктаў і прадуктаў харчавання, заканчваючы мэбляй, камплектуючымі для аўтамабіляў. Мы робім наступныя крокі — гэта і сумесныя культурныя праекты, і навуковыя распрацоўкі, і прамкааперацыя. Дастаткова сур’ёзная частка камплектуючых будзе паступаць з Віцебскай вобласці. Поле для супрацоўніцтва і спектр прыкладання нашых намаганняў велізарныя.

Ён перакананы, што аснова паспяховага супрацоўніцтва з Казахстанам — агульная ментальнасць:

— Гэта нас стымулюе сябраваць і ажыццяўляць сумесныя праекты. Учора мы яшчэ не ведалі, якія новыя праекты могуць з’явіцца дзякуючы візіту. А сёння наша каманда ўжо дамовілася аб рэалізацыі буйных праектаў — ад водаачышчальнага абсталявання да добраўпарадкавання населеных пунктаў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю