Top.Mail.Ru

Пра што Прэзідэнту дакладвалі старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю і міністр унутраных спраў

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклады старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіля Герасімава і міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.


Старшыня КДК далажыў аб выніках праведзенай праверкі ў дарожнай галіне. Адпаведную задачу (аб правядзенні маніторынгу) раней ставіў перад Камітэтам дзяржкантролю кіраўнік дзяржавы. Правяралася якасць выканання будаўнічых работ пры ўзвядзенні і рэканструкцыі дарог і мастоў, вывучалася пытанне закупак новай дарожнай тэхнікі.

Другая тэма размовы Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй КДК — эфектыўнае выкарыстанне зямель і дзяржмаёмасці. Размова аб уцягванні зямлі ў гаспадарчы абарот, зносе тых ці іншых старых пабудоў. Прэзідэнтам раней было дадзена даручэнне правесці поўную рэвізію сельгасаб’ектаў, якія не выкарыстоўваюцца, і вызначыцца з іх магчымым прызначэннем. Васіль Герасімаў далажыў аб выяўленых недапрацоўках у гэтых пытаннях.

Таксама Прэзідэнт праінфармаваны аб праверцы выканання даручэння па даўгабудах. У прыватнасці, па падыходах, вызначаных у адносінах да недабудаваных аб’ектаў па ўсёй краіне. Колькасць такіх аб’ектаў за апошнія гады значна скарацілася, але застаецца шэраг праблемных пытанняў.

Камітэт дзяржкантролю ў развіццё даручэння Прэзідэнта ажыццяўляе маніторынг па навядзенні парадку (да 7 лістапада). Гэта датычыцца краіны ў цэлым, і асабліва Віцебскай вобласці, дзе Аляксандр Лукашэнка нядаўна праводзіў нараду па пытаннях развіцця рэгіёна. Старшыня Камітэта дзяржкантролю далажыў аб прамежкавых выніках. Прэзідэнт адзначыў важнасць таго, каб засяродзіцца не толькі на знешнім навядзенні парадку, але і на вырашэнні пытанняў больш глабальнага характару.

Кіраўнік дзяржавы даручыў КДК пасля 7 лістапада ўжо грунтоўна праверыць стан спраў у цэлым па краіне і пасля выхадных дзён прадставіць яму падрабязны даклад аб тым, як выконваецца даручэнне па навядзенні парадку. Акрамя таго, у ходзе даклада Аляксандр Лукашэнка даручыў Камітэту дзяржкантролю вывучыць рынкі абароту тытунёвых вырабаў і спіртазмяшчальнай прадукцыі, пачынаючы ад размеркавання квот і заканчваючы абаротам гэтай прадукцыі на тэрыторыі краіны.

Фінансаванне дарожнага будаўніцтва, абнаўленне дарожнай тэхнікі і эфектыўнасць работы «Белаўтадара»

Дарогі і іх стан знаходзяцца пад пастаяннай увагай Прэзідэнта. Па даручэнні кіраўніка дзяржавы Камітэт дзяржаўнага кантролю аналізаваў пытанні дарожнага будаўніцтва. «З кожным годам аб’ёмы будаўніцтва і рэканструкцыі ў нас растуць, адпаведна расце і фінансаванне, — адзначыў у размове з журналістамі старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў. — Гэта з пункту гледжання грамадзян і ўсіх, хто карыстаецца дарогамі, не можа не радаваць. Але пры гэтым ёсць і шэраг пытанняў. Шмат нараканняў з боку грамадзян па якасці работ, якія выконваюцца. Гэта пацвярджаюць скаргі, якія паступаюць у Камітэт дзяржкантролю. Ёсць нараканні з боку наглядных органаў. Толькі Дзяржбуднаглядам сёлета выяўлена 1,5 тысячы дэфектаў. Вядома, такі стан спраў недапушчальны. Ёсць пытанні па наўмысным завышэнні кошту работ. Мы міма гэтага прайсці не можам, ажно да ўзбуджэння крымінальных спраў».

У шэрагу выпадкаў павялічваўся праектны кошт дарог за кошт работ, якія былі не патрэбны. І адваротныя сітуацыі — калі не выконваліся работы, якія былі неабходныя, у выніку чаго тэрмін службы такіх дарог істотна скарачаецца. У цэлым намаганнямі КДК было скарочана фінансаванне дарожнага будаўніцтва на 36 мільёнаў беларускіх рублёў.

Падчас даклада Прэзідэнту абмяркоўвалася пытанне абнаўлення дарожнай тэхнікі. «На жаль, холдынг „Белаўтадар“ не ідзе на нармальнае абнаўленне тэхнікі, а пачаў актыўна выкарыстоўваць арэнду гэтай тэхнікі ў прыватных арганізацый, — канстатаваў Васіль Герасімаў. — З 2023 года на гэта было патрачана 25 мільёнаў рублёў. Пры тым, што кошт гэтай арэнды такі, што за два гады прыватныя арганізацыі ў некалькі разоў акупляюць такую тэхніку. Натуральна, гэта недапушчальна, і холдынгу неабходна думаць, што рабіць далей». 

У ходзе даклада абмеркаваны пытанні дзейнасці самога холдынга, яго эфектыўнасць на цяперашнім этапе. Камітэтам дзяржкантролю было прапанавана перападпарадкаваць яго ад Дзяржкаммаёмасці Міністэрству транспарту і камунікацый. Пытанне будзе прапрацоўвацца на ўзроўні Савета Міністраў. 

Што датычыцца будаўніцтва мастоў, Камітэтам дзяржкантролю распрацавана праектная дакументацыя па 131 мосце. Гэта работа, па словах Васіля Герасімава, будзе працягвацца далей.

«Жорсткае патрабаванне Прэзідэнта — усе землі павінны выкарыстоўвацца»

Раней кіраўнік дзяржавы даручаў правесці поўную рэвізію сельгасаб’ектаў, якія не выкарыстоўваюцца. Як заўсёды, Прэзідэнт патрабуе гаспадарскага падыходу. «Там, дзе гэтыя аб’екты можна ўвесці ў гаспадарчы абарот, нават на тыя мэты, на якія раней не выкарыстоўвалася тая маёмасць, гэта трэба рабіць, — удакладніў старшыня КДК. — Там, дзе гэта немагчыма (напрыклад, паўразбураныя будынкі), неабходна іх зносіць. І не проста зносіць, а прыводзіць землі ў парадак, для таго, каб яны выкарыстоўваліся ў сельгасабароце».

Работа ў гэтым кірунку праведзена, але, на думку кантралёраў, дастаткова фармальна. «Паводле даных Мінсельгасхарча, такіх аб’ектаў засталося 500, і то яны не паспяваюць іх зрабіць да канца года, — праінфармаваў Васіль Герасімаў. — Але мы выявілі такіх аб’ектаў яшчэ 3 тысячы. Пры гэтым спасылкі на адсутнасць грашовых сродкаў тут недарэчныя. Паколькі нават тыя бюджэтныя грошы, якія былі выдаткаваны на дадзеныя мэты, не асвоены».

Аналагічна стаіць пытанне і па выкарыстанні зямель. У кіраўніка дзяржавы наконт гэтага жорсткае патрабаванне — усе землі павінны выкарыстоўвацца. Аднак кантралёрамі выяўлена, што нямала зямель зарастае дзікарослымі раслінамі. «І такіх зямель 770 тысяч гектараў у цяперашні час, — заўважыў кіраўнік ведамства. — Паводле даных аблвыканкамаў, яны плануюць выкарыстоўваць у найбліжэйшы час трэць. Натуральна, на такое пагадзіцца ніхто не можа. Таму на ўзроўні аблвыканкамаў і Савета Міністраў павінен быць распрацаваны дэталёвы план па ўсіх землях, як гэта будуць рабіць. Нешта, можа, ужо пяройдзе ў лясны фонд, нешта павінна быць прыведзена ў парадак і вернута ў сельгасабарот».

Пазбаўляючыся старых даўгабудаў, важна не назапасіць новыя 

Глабальная задача, пастаўленая беларускім лідарам перад Камітэтам дзяржаўнага кантролю, — навядзенне парадку з даўгабудамі. «На момант пастаноўкі задачы такіх аб’ектаў было 4465, — канкрэтызаваў Васіль Герасімаў. — За гэты час мы скарацілі колькасць такіх аб’ектаў на 93 %. На бягучы момант такіх аб’ектаў засталося 295».

Праблемы ў гэтым пытанні, аб якіх далажыў кіраўніку дзяржавы старшыня КДК, датычацца аб’ектаў пабудовы 1970-х гадоў, узнікаюць складанасці з увядзеннем у абарот земляў, на якіх яны стаяць. Па кожным з такіх аб’ектаў у КДК ёсць план з канкрэтнымі выканаўцамі, тэрмінамі і фінансаваннем. Аднак аднамомантна, па словах кіраўніка ведамства, гэта зрабіць немагчыма. 

Другое немалаважнае пытанне ў гэтай сувязі, аб якім Васіль Герасімаў праінфармаваў беларускага лідара, — гэта ўтварэнне новых даўгабудаў. КДК запэўніў, што прыкладзе ўсе намаганні для таго, каб у працэсе пазбаўлення старых даўгабудаў не назапашваліся новыя. 

Навядзенне парадку і кантроль над тытунём 

Раней Прэзідэнтам ставілася жорсткая задача аб навядзенні парадку ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах краіны да 7 лістапада. Кіраўніку дзяржавы быў даложаны прамежкавы вынік кантролю за яе выкананнем. «Работы праводзяцца, задзейнічаны раённыя арганізацыі: дарожнікі, леснікі, саюз моладзі, настаўнікі і іншыя, — канкрэтызаваў старшыня КДК. — Але мы канстатуем, што ў асноўным ажыццяўляюцца работы знешняга характару: фарбаванне, пабелка, вываз арганікі, прыборка смецця і іншыя работы такога плану». 

Паводле яго слоў, Прэзідэнт адзначыў, што, безумоўна, і гэта работа патрэбна, парадак наводзіць трэба. Таксама ставіцца задача звярнуць увагу і на пытанні больш глабальнага характару, па якіх даваліся даручэнні. «Як былі пытанні па кармах (якасці, рацыёнах кармлення), так яны і засталіся, — канстатаваў Васіль Герасімаў. — Як былі пытанні па ветэрынарыі, так і засталіся. Узнаўленне, падзеж і ўсё астатняе — вось тут пакуль мы нейкага сур’ёзнага зруху не бачым. Больш за тое, кіраўнік дзяржавы даручыў правесці такі маніторынг па ўсёй краіне. Таму ўсе выхадныя мы будзем працаваць. І ў пачатку наступнага тыдня кіраўнік дзяржавы даручыў далажыць яму сітуацыю па ўсёй краіне». 

Сярод тэм, якія абмяркоўваліся ў ходзе даклада старшыні КДК Аляксандру Лукашэнку, — тытунёвыя вырабы. Гэта тэма апошнім часам гучыць у інфармацыйнай прасторы. Прэзідэнт даручыў Камітэту дзяржаўнага кантролю вывучыць рынак абароту тытунёвых вырабаў і спіртазмяшчальнай прадукцыі: пачынаючы ад размеркавання квот і заканчваючы абаротам гэтай прадукцыі на тэрыторыі краіны. Пастаўлена задача — прыняць жорсткія меры і далажыць аб гэтым кіраўніку дзяржавы.

Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў далажыў кіраўніку дзяржавы аб аператыўнай абстаноўцы ў краіне — і ў прыватнасці, па статыстыцы злачыннасці па лініі крымінальнага вышуку. Даложана і аб рабоце па раскрыцці злачынстваў мінулых гадоў — рэзанансных, а таксама злачынствах, якія знаходзяцца на кантролі беларускага лідара. 

Яшчэ адна тэма — супрацьдзеянне кіберзлачыннасці. Архіважнай праблемай Аляксандр Лукашэнка называў гэту тэму не раз і ставіў перад праваахоўнымі органамі задачу абараніць людзей ад падобнага роду злачынных замахаў. Іван Кубракоў праінфармаваў аб тэндэнцыях на гэты момант: упершыню ў краіне ўдалося пераламаць сітуацыю, фіксуецца зніжэнне гэтага віду злачынстваў прыкладна на 10 %. Даложана аб мерах па абароне грамадзян, якія прымае міліцыя. Прэзідэнт паставіў задачу асабліва звяртаць увагу і аказваць дапамогу людзям пажылога ўзросту.

Падчас даклада абмеркавана і тэма супрацьдзеяння нелегальнаму абароту наркотыкаў, ішла размова аб дынаміцы і статыстыцы ў гэтым плане. У цэлым сітуацыя ў дадзенай сферы, як было сказана, знаходзіцца пад кантролем.

Важная тэма даклада — пытанні дарожнай бяспекі

Акцэнт зроблены на праблемных момантах і прычынах, якія прыводзяць да трагічных наступстваў на дарозе. У тым ліку Прэзідэнту даложана па выніках праведзенай работы пасля змянення правілаў ПДР. Кіраўніка дзяржавы цікавіла, як насельніцтва ставіцца да змяненняў заканадаўства ў сферы гарантавання дарожнай бяспекі, асабліва што датычыцца сродкаў персанальнай мабільнасці.

Іван Кубракоў таксама далажыў кіраўніку дзяржавы аб статыстыцы і аператыўнай абстаноўцы па тэме міграцыі. Па ўсіх пытаннях Прэзідэнт даў канкрэтныя даручэнні.

Аператыўная абстаноўка спакойная, пад кантролем міліцыі 

Кіраўніку дзяржавы было даложана аб аператыўнай абстаноўцы ў краіне і выкананні раней даручэнняў па гэтай частцы работы органамі ўнутраных спраў. «Аператыўная абстаноўка ў рэспубліцы спакойная і знаходзіцца пад кантролем органаў унутраных спраў», — адзначыў Іван Кубракоў у размове з журналістамі. 

Раней Прэзідэнтам ставілася задача — ажыццяўляць прафілактыку розных правапарушэнняў з мэтай недапушчэння ўчынення злачынстваў адносна грамадзян. Сёння пастаўленая задача выконваецца — работа на прафілактыку дае свой вынік: фіксуецца зніжэнне злачыннасці як па лініі крымінальнага вышуку, так і агульнай злачыннасці.

Летась міністр унутраных спраў дакладваў кіраўніку дзяржавы, што ўзровень злачыннасці дасягнуў свайго мінімуму за 10 гадоў. Сёння гэта тэндэнцыя працягваецца па ўсіх кірунках. 

Па даных МУС, сёлета на чвэрць знізілася колькасць злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку, у тым ліку асабліва цяжкіх і цяжкіх. Іх узровень самы нізкі за апошнія 10 гадоў і зменшыўся больш як у два разы (з 38,4 тысячы за 9 месяцаў 2016 года да 15,1 тысячы за аналагічны перыяд 2025-га). Знізілася колькасць забойстваў (на 23 % у параўнанні з супастаўным перыядам мінулага года), наўмысных прычыненняў цяжкага цялеснага пашкоджання, крадзяжоў, рабаванняў, хуліганстваў. Раскрывальнасць злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку вырасла на 5 %. Пры гэтым дасягнута 100-працэнтная раскрывальнасць забойстваў, наўмысных прычыненняў цяжкага цялеснага пашкоджання, згвалтаванняў, рабаванняў і разбояў.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца раскрыццю злачынстваў мінулых гадоў, і аб гэтым таксама ішла размова ў час даклада кіраўніку дзяржавы. За апошнія два гады ўстаноўлены асобы, якія ўчынілі 87 такіх асабліва цяжкіх і цяжкіх злачынстваў, з якіх 37 забойстваў. Вялікі рэзананс выклікала нядаўняе затрыманне падазраванага ў серыі забойстваў і згвалтаванняў непаўналетніх, якія былі ўчынены ў 1996–1999 гадах на тэрыторыі Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай абласцей. Пацверджана яго дачыненне да 8 забойстваў і 2 замахаў на забойства і згвалтаванне.

Раскрыццю гэтых злачынстваў садзейнічала рашэнне, прынятае ў 2023 годзе, аб тым, каб МУС сумесна з прадстаўнікамі Дзяржкамітэта судовых экспертыз, Следчым камітэтам і Генеральнай пракуратурай дадаткова расследавалі злачынствы з прыкметамі серыйнасці мінулых гадоў (у тым ліку правялі экспертызы, даследаванні, якія сталі магчымымі дзякуючы назапашанаму вопыту). «Такім чынам, удалося ўстанавіць падазраваных па 37 забойствах, якія былі ўчынены ў перыяд 1990–2000-х гадоў, — адзначыў кіраўнік міліцэйскага ведамства. — Гэта работа працягваецца, і мы зробім усё для таго, каб забяспечыць няўхільнасць пакарання».

Узровень кіберзлачыннасці зніжаецца 

Заслухоўваючы даклад, асаблівую ўвагу Прэзідэнт звярнуў на неабходнасць процідзеяння кіберзлачынствам. Міністр унутраных спраў праінфармаваў, што работа ў гэтым кірунку актыўна вядзецца і дае свае станоўчыя вынікі. Да гэтай работы ў тым ліку падключаны іншыя дзяржаўныя органы і арганізацыі. Нягледзячы на тое, што злачынцы фактычна штотыдзень, а часам і штодня мяняюць ашуканскія схемы, МУС удаецца быць на крок наперадзе, спрацоўваць на апярэджанне. 

«Сёння нам упершыню за апошнія гады ўдалося пераламаць сітуацыю: мы фіксуем зніжэнне гэтага віду злачынстваў практычна на 11 %, — адзначыў міністр унутраных спраў. — Агульная колькасць кіберзлачынстваў знізілася з 15 тысяч да 13,4 тысячы, у тым ліку амаль на 20 % скарацілася колькасць махлярстваў».

Па даручэнні кіраўніка дзяржавы асаблівую ўвагу міліцыя ўдзяляе пажылым грамадзянам, якія пражываюць адны. Менавіта гэту катэгорыю насельніцтва часцей за ўсіх спрабуюць падмануць злачынцы. Як запэўніў Іван Кубракоў, участковыя інспектары на месцах праводзяць тлумачальную работу з такімі людзьмі, аказваюць садзейнічанне ў вырашэнні розных пытанняў, якія непасрэдна не датычацца дзейнасці органаў унутраных спраў.

Па словах міністра, з мэтай процідзеяння кіберзлачыннасці спецыялісты МУС самі пішуць праграмы, ствараюць такія тэхнічныя ўмовы, каб зрабіць немагчымым учыненне такіх злачынстваў. Працуючы на апярэджанне, супрацоўнікі органаў унутраных спраў захавалі насельніцтву больш як 10 мільёнаў беларускіх рублёў. «Гэта значыць, мы своечасова заблакіравалі рахункі і не далі вывесці грошы за мяжу, — патлумачыў Іван Кубракоў. — Таксама намі затрымліваліся кур’еры, у якіх на руках знаходзіліся грошы. Некаторыя з іх ужо рухаліся ў бок граніцы з Расіяй і Еўрасаюзам. Своечасова спрацаваўшы, мы не далі магчымасці звезці грошы і вярнулі іх насельніцтву. Гэта работа будзе працягвацца, ні ў якім разе нельга спыняцца на дасягнутым, бо злачыннасць не стаіць на месцы». 

Асаблівасцю гэтага віду злачынстваў з’яўляецца тое, што злачынцы знаходзяцца за межамі краіны. У сувязі з гэтым МУС пашырае ўзаемадзеянне з калегамі з іншых краін, перш за ўсё з Расіі, Казахстана, Узбекістана. Напрыклад, ва ўзаемадзеянні з МУС Расіі спынена дзейнасць міжнароднай арганізаванай злачыннай групы, якая з 2017 года ўчыняла махлярскія дзеянні з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій адносна юрыдычных асоб Беларусі і Расіі. Такія факты задакументаваны адносна 300 беларускіх і 100 расійскіх кампаній. Таксама на тэрыторыі Беларусі спынена дзейнасць злачыннай інтэрнэт-супольнасці, члены якой займаліся блакіроўкамі мабільных прылад і кібервымаганнямі. Вінаватыя затрыманы, устаноўлены 40 пацярпелых.

Станоўчых вынікаў у справе процідзеяння кіберзлачыннасці ўдаецца дасягаць дзякуючы сумеснай рабоце з банкамі, дзяржорганамі і арганізацыямі. «У нас створана спецыяльная служба, якая працуе ў кругласутачным рэжыме, — расказаў кіраўнік МУС. — Як толькі мы бачым рух па рахунках, нам паступае інфармацыя з банкаў. Сёння мы маем права заблакіраваць рахунак, гэтым самым не даем магчымасці вываду грошай за межы краіны. Тут самае галоўнае — час. Калі раптам пэўны грамадзянін прыходзіць у банк і просіць, каб яму аператыўна выдалі крэдыт, то з ім будзе праведзена прафілактычная работа. Калі банкі бачаць, што грошы пераводзяцца на сумнеўныя рахункі за межы краіны, то аб гэтым факце абавязкова паведамляецца ў міліцыю. Далей працуем мы: удакладняем, ці сапраўды ёсць неабходнасць пераводу за мяжу гэтых грашовых сродкаў і што гэта за рахункі».

Па словах міністра, згуртаванасць у гэтай рабоце паміж рознымі дзяржорганамі і арганізацыямі паўплывала на зніжэнне кіберзлачыннасці.

Нарказлачыннасць — пад кантролем 

Процідзеянне незаконнаму абароту наркотыкаў — адна з тэм даклада кіраўніку дзяржавы. Па даных МУС, сёлета колькасць фактаў абароту і збыту забароненых рэчываў застаецца прыкладна на тым жа ўзроўні, што і за аналагічны леташні перыяд. Аднак падраздзяленнямі органаў унутраных спраў канфіскавана наркотыкаў удвая больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года: каля 500 кілаграмаў. Усяго рознымі дзяржорганамі канфіскавана каля 1,3 тоны наркотыкаў, большасць з якіх спрабавалі ўвезці ў Беларусь для далейшага транзіту ў іншыя краіны. Увоз наркотыкаў у нашу краіну быў заблакіраваны, затым МУС ажыццяўляла ўзаемадзеянне з тымі краінамі, куды прызначаўся гэты груз. 

Знізілася колькасць асоб, якія загінулі ад перадазіроўкі наркотыкаў. Па словах міністра ўнутраных спраў, гэта таксама вынік сумеснай работы МУС і Міністэрства аховы здароўя. «Сітуацыя па наркотыках у нашай краіне знаходзіцца пад кантролем, — рэзюмаваў Іван Кубракоў. — Колькасць злачынстваў (у гэтай сферы. — „Зв“.) практычна застаецца на ўзроўні мінулага года. Таму мы ні ў якім разе не аслабляем аператыўныя пазіцыі. Работа праводзіцца разам з мытнымі службамі ў тым, што датычыцца граніцы, а таксама ўнутры нашай краіны. Сёння мы бачым вынік: нам удаецца ўтрымліваць сітуацыю пад кантролем, што датычыцца нарказлачынстваў».

ДТЗ з удзелам сродкаў персанальнай мабільнасці стала менш

Падчас даклада Прэзідэнту прагучала тэма бяспекі на дарогах. Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, як насельніцтва адносіцца да змянення заканадаўства ў сферы забеспячэння дарожнай бяспекі, у тым ліку па такіх кірунках, як спешванне на пешаходных пераходах, рэгістрацыя сродкаў персанальнай мабільнасці, якія развіваюць хуткасць больш як 25 км/г.

Па словах Івана Кубракова, абурэнняў на гэты конт на цяперашнім этапе ў жыхароў нашай краіны не назіраецца. «Наадварот, мы бачым станоўчую тэндэнцыю: зніжаецца колькасць ДТЗ з удзелам сродкаў персанальнай мабільнасці», — падкрэсліў ён, звярнуўшы ўвагу, што гэта звязана не толькі за змяненнем умоў надвор’я, калі гэтыя сродкі пачалі выкарыстоўваць радзей, у цэлым станоўчая тэндэнцыя назіраецца з моманту ўступлення ў сілу новых Правілаў дарожнага руху.

Што датычыцца рэгістрацыі сродкаў персанальнай мабільнасці, на бягучы момант ва ўсіх рэгіёнах зарэгістравана больш як 300 такіх сродкаў. Прэзідэнт пацікавіўся, ці не ствараюць сродкі персанальнай мабільнасці нязручнасці, асабліва сельскім жыхарам. «Гэта пытанне трымаем на асаблівым кантролі, сёння ніякіх праблем няма, — канстатаваў кіраўнік міліцэйскага ведамства. — Мы падыходзім лаяльна: дзесьці праводзім прафілактычныя гутаркі. Большасць людзей з разуменнем адносіцца да новаўвядзенняў і ў абавязковым парадку рэгіструюць сродкі персанальнай мабільнасці».

Што датычыцца ў цэлым дарожнай бяспекі, колькасць дарожна-транспартных здарэнняў нязначна вырасла. Па словах міністра, знізілася колькасць пацярпелых у ДТЗ, але назіраецца павелічэнне трагічных выпадкаў — практычна на 10 %. Супрацоўнікі органаў унутраных спраў працуюць у асноўным на выяўленне грубых парушэнняў Правілаў дарожнага руху, сярод якіх пераважаюць перавышэнне хуткаснага рэжыму, выезд на сустрэчную паласу, парушэнне руху па палосах. Да такіх парушальнікаў падыходзяць з усёй строгасцю: ажно да пазбаўлення правоў на кіраванне транспартным сродкам. 

Аляксандру Лукашэнку было даложана аб развіцці Рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі. «Мы ўжо апрабіравалі сістэму выяўлення правапарушэнняў у аўтаматычным рэжыме, — удакладніў Іван Кубракоў. — Гэта датычыцца не толькі парушэння хуткаснага рэжыму, а і праезду на чырвоны сігнал святлафора, руху па палосах. На стадыі дапрацоўкі знаходзіцца праграмнае забеспячэнне па выяўленні кіроўцаў і пасажыраў, не прышпіленых рэменем бяспекі». 

Што датычыцца зніжэння гібелі ў ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл, пасля кожнага такога дарожна-транспартнага здарэння МУС інфармуе органы мясцовай улады аб тым, дзе неабходна ўстанавіць спецыяльную агароджу, размяшчае спецыяльныя дарожныя знакі. 

У Беларусь прыязджаюць законапаслухмяныя грамадзяне

Што датычыцца міграцыі, Іван Кубракоў праінфармаваў кіраўніка дзяржавы аб тым, што за апошнія 5 гадоў колькасць іншаземцаў, якія прыязджаюць у Беларусь, вырасла амаль у тры разы і працягвае расці. «Гэта сведчыць аб прывабнасці нашай краіны для замежных грамадзян, — адзначыў Іван Кубракоў. — Тыя іншаземцы, якія прыбываюць у нашу краіну (праз аэрапорт або праз наземную граніцу), прыходзяць у падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі, дзе з імі праводзяць прафілактычную работу. Да кожнага мы даводзім асаблівасці нашага заканадаўства. Тыя людзі, якія прыязджаюць у нашу краіну, як правіла, гэта законапаслухмяныя грамадзяне».

Злачынствы іншаземцы на тэрыторыі нашай краіны не ўчыняюць. Яшчэ па прыбыцці ў Беларусь іх папярэджваюць аб тым, што ў выпадку парушэння нашага заканадаўства такія грамадзяне пакідаюць нашу краіну. «Усе ведаюць, што ў нас парадак і дысцыпліна, і па-іншаму проста быць не можа, — канстатаваў кіраўнік міліцэйскага ведамства. — Калі сюды прыязджаюць адпачываць або працаваць, наша краіна заўсёды такім людзям рада. Тыя, хто парушае заканадаўства, адразу ж пакідаюць нашу краіну — добраахвотна або прымусова. Заканадаўства сёння нам дазваляе гэта рабіць. Сітуацыю ў міграцыйных працэсах мы поўнасцю кантралюем». 

Прэзідэнтам пастаўлена задача аказаць мясцовым органам улады дапамогу ў падтрыманні парадку і дысцыпліны, у тым ліку ў працоўных калектывах. Іван Кубракоў акцэнтаваў увагу на тым, што гэта задача будзе выканана. Адпаведная работа, у прыватнасці, у аграпрамысловым комплексе, ужо вядзецца. 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю