Top.Mail.Ru

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў разгледзелі шэраг законапраектаў

Сярод іх — праект Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях нарматворчай дзейнасці», унесены ў Палату прадстаўнікоў Прэзідэнтам. Дакументам, прынятым у першым чытанні, прадугледжана комплексная карэкціроўка законаў па выніках маштабнай рэвізіі беларускага заканадаўства, якая была праведзена па даручэнні кіраўніка дзяржавы.


Пакетны прынцып і новыя кампетэнцыі дэпутатаў

Як звярнула ўвагу старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Марына ЛЯНЧЭЎСКАЯ, нацыянальнае заканадаўства налічвала звыш 170 тысяч нарматыўных прававых актаў. «Многія з іх былі цяжкачытаемыя, дубліравалі адзін аднаго, таму законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях нарматворчай дзейнасці“ накіраваны на забеспячэнне эфектыўнасці, сістэмнасці, стабільнасці, даступнасці і, галоўнае, якасці заканадаўства, — адзначыла дэпутат. — Галоўны пасыл — законы павінны быць простымі і зразумелымі не толькі для правапрымяняльнікаў, а і для звычайных грамадзян».

У прыватнасці, устанаўліваецца асаблівы парадак прыняцця нарматыўных прававых актаў, якія змяшчаюць выключна лічбавыя паказчыкі, згодна з якім такія акты размяшчаюцца ў банку даных «Адзіны рэестр лічбавых паказчыкаў» без правядзення іх абавязковай юрыдычнай экспертызы і ўключэння ў Нацыянальны рэестр прававых актаў. Замацоўваюцца патрабаванні, накіраваныя на выключэнне выпадкаў прыняцця (выдання) у кароткі прамежак часу некалькіх нарматыўных прававых актаў, якія ўносяць змяненні ў адзін і той жа нарматыўны прававы акт, скарачэнне аб’ёму нарматыўных прававых актаў, а таксама на спрашчэнне і адназначнасць успрымання тэкстаў нарматыўных прававых актаў. 

Узмацняецца значэнне пакетнага прынцыпу пры падрыхтоўцы праектаў нарматыўных прававых актаў, які забяспечваецца пры дапамозе распрацоўкі ўключаных у пакет праектаў нарматыўных прававых актаў Савета Міністраў, іншых дзяржаўных органаў (арганізацый), якія канкрэтызуюць або накіраваны на рэалізацыю заканадаўчага акта, да ўнясення яго праекта ў нарматворчы орган, а таксама ў выпадку дапрацоўкі. Спрашчаецца працэдура ўзгаднення праектаў нарматыўных прававых актаў з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі. Функцыі Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававой інфармацыі па кантролі за рэалізацыяй заключных палажэнняў прынятых законаў перадаюцца Палаце прадстаўнікоў. З гэтай ініцыятывай выступілі самі дэпутаты. 

З мэтай недапушчэння неабгрунтаванага масіву заканадаўства прадугледжваецца яго абавязковая інвентарызацыя: законаў — раз у пяць гадоў, падзаконных актаў, у тым ліку пастаноў урада, — раз у тры гады, іншых дакументаў (актаў міністэрстваў і ведамстваў) — штогод. 

Новыя паўнамоцтвы Мінабароны, Генштаба і Дзяржпагранкамітэта

У другім чытанні прыняты законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях забеспячэння ваеннай бяспекі і абароны». Змяненні ўносяцца ў законы «Аб абароне», «Аб Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь», «Аб ваенным становішчы». 

Як адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Генадзь ЛЕПЯШКО, канкрэтызуюцца задачы Узброеных Сіл, функцыі Генеральнага штаба, уносяцца новыя тэрміны. «У прыватнасці, нападзеннем на Рэспубліку Беларусь будзе з’яўляцца акт узброенай агрэсіі дзяржавы або кааліцыі дзяржаў не толькі ў адносінах да Рэспублікі Беларусь, а і Саюзнай дзяржавы, або дзяржавы — члена Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяпецы, — канкрэтызаваў ён. — Сярод дадатковых задач — удзел Узброеных Сіл у недапушчэнні ўнутранага канфлікту ў выпадку яго развязвання, вырашэнне такога канфлікту. Міністэрства абароны надзелена паўнамоцтвамі аналізаваць абстаноўку, якая складваецца ўнутры дзяржавы і па-за яе межамі, рыхтаваць прапановы Галоўнакамандуючаму Узброенымі Сіламі па прыняцці ваеннага становішча, арганізацыі ўзброенай абароны дзяржавы, забеспячэння гэтай абароны. Генеральны штаб надзелены паўнамоцтвамі карэкціраваць і забяспечваць задачу па мабілізацыйнай, баявой гатоўнасці Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў, дзяржаўных органаў».
Законапраектам «Аб змяненні законаў» (па пытаннях забеспячэння нацыянальнай бяспекі), разгледжаным у першым чытанні, пашыраецца катэгорыя асоб, якія падлягаюць абавязковай дактыласкапічнай рэгістрацыі, удакладняецца пералік звестак, што фіксуюцца пры гэтай рэгістрацыі.

«Органы пагранічнай службы надзяляюцца паўнамоцтвамі дактыласкапічнай рэгістрацыі замежных грамадзян, якія перасякаюць Дзяржаўную граніцу Рэспублікі Беларусь, — заўважыў член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Міхаіл АКСЯНЮК. — Значна павялічаны пералік замежных грамадзян, якія пры перасячэнні Дзяржграніцы будуць праходзіць дактыласкапічную рэгістрацыю. Дзяржпагранкамітэт надзяляецца дадатковымі функцыямі па атрыманні, выкарыстанні і захоўванні дактыласкапічнай інфармацыі».

Справядлівы лізінг і якаснае водазабеспячэнне 

У першым чытанні адобраны законапраект «Аб лізінгавай дзейнасці». Па словах члена Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах Аляксея РАЙКО, перад Нацыянальным банкам Прэзідэнтам пастаўлена задача па развіцці фінансавага рынку, у тым ліку лізінгавага сектара. «Лізінг займае ў нашай краіне важнае месца: гэта фінансавы інструмент для прадпрыемстваў у частцы інвесціравання, а для грамадзян — дадатковая магчымасць пакупкі транспартных сродкаў, жылых памяшканняў, іншых дарагіх рэчаў, — патлумачыў дэпутат. — Калі разглядаць лізінг у якасці ўцягнутасці ў эканоміку краіны, то варта адзначыць, што па стане на студзень 2016 года гэты паказчык складаў 1,2 % у ВУП, а на 1 ліпеня бягучага года гэты паказчык складае больш як 3,5 % у ВУП, што сведчыць аб папулярнасці гэтага фінансавага інструмента ў прадпрыемстваў і нашых грамадзян».

Праектам закона рэгламентуюцца пытанні ажыццяўлення лізінгавай дзейнасці, патрабаванні да формы і зместу дагавора фінансавай арэнды (лізінгу), а таксама патрабаванні да размяшчэння лізінгавай арганізацыяй інфармацыі аб лізінгавай дзейнасці. Нацыянальны банк надзяляецца паўнамоцтвамі ў сферы рэгулявання лізінгавай дзейнасці і кантролю за выкананнем заканадаўства аб лізінгавай дзейнасці, заканадаўства ў сферы прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і фінансавання распаўсюджвання зброі масавага паражэння.
Уводзіцца такі інструмент, як другасны лізінг. Адносіны паміж суб’ектамі права пры другасным лізінгу прадугледжваюць рэалізацыю магчымасці перадачы маёмасці, раней набытай лізінгадаўцам для мэт перадачы ў лізінг і вернутага яму лізінгаатрымальнікам па дагавору лізінгу, які не спыніў сваё дзеянне, не завершанаму выкупам прадмета лізінгу, у лізінг. 

«Законапраект накіраваны на абарону спажыўцоў фінансавых паслуг, — патлумачыў дэпутат. — Абароненасць фарміруецца за кошт устанаўлення пэўных абмежаванняў, якія распаўсюджваюцца на суму плацяжоў для лізінгаатрымальнікаў па дагаворах тэрмінам да аднаго года і звыш двух гадоў, абмяжоўваецца сума штрафаў, пеняў і няўстоек па дагаворах лізінгу. Грамадзянам прадастаўляецца магчымасць працягнуць дагавор лізінгу ў выпадку знаходжання ў цяжкай жыццёвай сітуацыі».

Праектам Закона «Аб пітным водазабеспячэнні і водаадвядзенні (каналізацыі)», адобраным у першым чытанні, прадугледжана магчымасць бурэння часовых свідравін у мэтах аператыўнага вырашэння пытанняў бесперабойнага водазабеспячэння населеных пунктаў у выпадках спынення або абмежавання падачы пітной вады. 

У прыватнасці, рэгламентуецца парадак эксплуатацыі сістэм пітнога водазабеспячэння, водаадвядзення (каналізацыі), сістэм дажджавой каналізацыі. Адпаведныя суб’екты гаспадарання будуць надзелены паўнамоцтвамі распрацоўкі праграм вытворчага кантролю бяспекі пітной вады. Замацоўваюцца гарантыі забеспячэння пітной вадой і надзейнасці прыёму сцёкавых вод.
«На мясцовыя органы ўлады ўскладаецца абавязак вызначаць арганізацыі, якія будуць забяспечваць канкрэтны рэгіён якаснай пітной вадой, займацца пытаннямі водаадвядзення, — удакладніў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве Сяргей КАЗАЧОК. — Законапраект накіраваны на якасць аказання паслуг водаадвядзення, забеспячэнне ўсіх спажыўцоў якаснай пітной вадой». 

Надзейнасць электразабеспячэння і ўзмацненне правапарадку 

Дэпутатамі ратыфікаваны Дагавор паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб фарміраванні аб’яднанага рынку электрычнай энергіі Саюзнай дзяржавы. Дагавор вызначае прававыя асновы фарміравання, функцыянавання і развіцця аб’яднанага рынку электрычнай энергіі Саюзнай дзяржавы і рэгулюе адносіны, звязаныя з купляй-продажам электрычнай энергіі паміж удзельнікамі аб’яднанага рынку электрычнай энергіі Саюзнай дзяржавы.

«Дагавор забяспечыць энергетычную бяспеку найперш нашай краіны, павысіць яе надзейнасць, бо ў нас, акрамя аб’яднанага рынку, створана аб’яднаная энергасістэма, дзе ў рамках узаемадапамогі мы можам купляць электраэнергію ў Расіі, а яна — у нас, — патлумачыў член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, энергетыцы, транспарце, сувязі і лічбавым развіцці Антон КАРАНКЕВІЧ. — Усё створана для таго, каб у далейшым спажывец мог выбіраць сабе пастаўшчыка, забяспечыць энергетычную бяспеку краіны, павышаць яе эканамічную бяспеку, надзейнасць электразабеспячэння». 

Таксама ратыфікавана Пагадненне паміж урадамі Беларусі і Пакістана аб рэадмісіі, якое прадугледжвае абавязацельства Беларусі і Пакістана па запыце іншага боку прымаць уласных грамадзян, якія знаходзяцца на тэрыторыі дзяржавы запытваючага боку з парушэннем заканадаўства гэтай дзяржавы па пытаннях уезду, выезду і знаходжання замежных грамадзян і асоб без грамадзянства.

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю