Top.Mail.Ru

Маркетплэйс «Фінмаркет» запусцяць сёлета 15 снежня

Днямі на базе Беларускай валютна-фондавай біржы адбылося сумеснае пасяджэнне пастаянных камісій Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па эканоміцы, бюджэце і фінансах і па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве. Прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў агучылі бягучы стан стратэгіі развіцця рынку каштоўных папер да 2040 года.


Годная канкурэнцыя

Гэта арганізацыя з’яўляецца акцыянерным таварыствам, дзе ёю кіруюць 84 акцыянеры. Але ўсё ж асноўным акцыянерам гэтага таварыства з’яўляецца Нацыянальны банк, на руках у якога 99,98 % акцый. Актыўнымі ўдзельнікамі БВФБ з’яўляюцца 27 500 кліентаў: гэта банкі, брокеры, эмітэнты каштоўных папер, дзяржаўныя органы, буйныя прадпрыемствы, індывідуальныя прадпрымальнікі і іншыя, заявіў старшыня праўлення Беларускай валютна-фондавай біржы Андрэй АЎХІМЕНЯ. З іх прамых удзельнікаў — больш за 450.

Як праходзяць таргі на рынку? «За 9 месяцаў аб’ём таргоў склаў 69 мільярдаў рублёў у эквіваленце, з іх 67 % — валютны рынак. Ён прадугледжвае чатыры валютныя пары, дзе з аднаго боку наш рубель, а з другога — расійскі рубель, юань, долар і еўра. Якая структура валютнага рынку, што склаўся ў аб’ёме 46 мільярдаў рублёў?

«Дык вось, 60 % аб’ёму таргоў адпавядае расійскаму рублю, на другім месцы — кітайскі юань (22 %), на трэцім — долар (17 %), і апошняя валюта — еўра, на якую прыпадае менш за 1 %. Менавіта еўра становіцца ўсё больш таксічнай валютай, па якой на знешнім контуры на рахунках, за захоўванне ў банках бяруць плату. Таму нам і банкам нецікава з гэтай валютай працаваць», — заявіў Андрэй Аўхіменя.

Біржавы фондавы рынак. За тры кварталы гэтага года аб’ём таргоў на гэтым рынку склаў 7,3 мільярда рублёў, за ўвесь мінулы год — 9,2 мільярда беларускіх рублёў. Старшыня праўлення ўпэўнены, што сёлета ім удасца не толькі спрацаваць па ўзроўні мінулага года, але і значна «пераступіць» яго. Самая вялікая актыўнасць гэтага рынку адпавядае таргам з дзяржаўнымі аблігацыямі (61 %). 

Сёння на біржы Міністэрства фінансаў прадае, а інвестары купляюць і прадаюць каштоўныя паперы прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі. На другім месцы — аблігацыі банкаў (23 %). Яны займаюць не першае месца, таму што надзейнасць іх трохі саступае дзяржаблігацыям. Але банкі ў нашай краіне знаходзяцца пад наглядам Нацыянальнага банка, таму інвестары актыўна ўкладваюць свае грошы ў гэты сектар фондавага рынку. На трэцім месцы — аблігацыі прадпрыемстваў і выканкамаў (16 %). І толькі 0,2 % ад агульнага аб’ёму адпавядае рынку акцыянернага капіталу.

Якія аблігацыі, акрамя дзяржаўных, яшчэ цікавыя нашым інвестарам? За 9 месяцаў на таргах было прададзена на 430 мільёнаў рублёў дэпазітарных, на 393 мільёны рублёў біржавых і на 60 мільёнаў рублёў карпаратыўных аблігацый. Дэпазітарныя аблігацыі сталі выпускацца толькі з мінулага года, але дзякуючы прастаце звароту вырваліся ў лідары. Акрамя таго, яны робяць годную канкурэнцыю токенам.

Маркетплэйс у дапамогу

Сёлета спецыялісты біржы павінны завяршыць першы этап — запусціць першасны рынак акцый і аблігацый фінансавага маркетплэйса. Каб любы жыхар краіны мог беспраблемна купіць акцыю альбо аблігацыю. На маркетплэйсе «Фінмаркет», які запусцяць 15 снежня, для інвестараў не будзе прадугледжана опцыя «прадаць». Да канца 2025 года ўсе прапанаваныя фінансавыя інструменты можна будзе толькі купляць. Пашырыць функцыянал біржа ў 2026 годзе, пры наступленні пэўных умоў.

Андрэй Аўхіменя ўдакладніў: перавага фінансавага маркетплэйса, які запускаецца ў снежні, у тым, што беларусы змогуць набыць акцыі і аблігацыі наўпрост, без пасрэдніцтва прафесійных удзельнікаў. Пры гэтым у 2025 годзе біржа запускае выключна першаснае размяшчэнне.

«Гаворка ідзе толькі аб каштоўных паперах, якія прайшлі працэдуру лістынгу і ўключаны ў каціравальныя лісты біржы першага або другога класа. Паперы ж, якія лістынг не прайшлі, на маркетплэйсе не будуць. Мы тлумачым інвестарам і эмітэнтам, што тыя паперы, якія прайшлі працэдуру лістынгу, маюць параўнальна больш высокую надзейнасць, паколькі біржа прааналізавала фінансавую справаздачнасць эмітэнтаў», — удакладніў кіраўнік біржы.

На пляцоўцы маркетплэйса можна будзе не проста выбраць інструмент, а адразу яго купіць. «Ключавы момант — атрыманне прадукту і паслугі. Маркетплэйс БВФБ распрацаваны так, каб прапанаваны прадукт можна было адразу атрымаць на пляцоўцы. Выбралі акцыю і аблігацыю — націснулі кнопачку „купіць“ і купілі, папера вам „упала“ на рахунак „дэпо“. Таму пляцоўка, на наш погляд, будзе запатрабаваная і эмітэнтамі, і інвестарамі», — лічыць Андрэй Аўхіменя.

Меркаванне Мінфіна

Як адзначыў намеснік міністра фінансаў Сяргей КАЧАН, у нашай краіне функцыянуе 3,5 тысячы акцыянерных таварыстваў. Гэта юрыдычныя і прыватныя асобы, якія маюць больш за мільён адпаведных рахункаў. Аднак абсалютная большасць гэтых акцыянераў з’яўляюцца пасіўнымі ўдзельнікамі рынку.

Дырэктар дэпартамента па каштоўных паперах Міністэрства фінансаў Анатоль Шаршун заявіў, што ў дэпартамента сёння існуе пагадненне з кітайскім фінансавым рэгулятарам, якое дазваляе атрымліваць канкрэтнае ўзаемадзеянне, калі беларускае прадпрыемства захоча выйсці на кітайскі рынак каштоўных папер. Гэта досыць складаная, але цікавая тэма. «Цяпер наш дэпартамент рыхтуе спісы праз МЗС камерцыйных арганізацый, якія маюць экспартнае супрацоўніцтва з Кітаем. Менавіта гэтым прадпрыемствам мы будзем прапаноўваць выходзіць на рынак каштоўных папер гэтай краіны. І выхад такі, на наш погляд, будзе мець гарантаваны поспех», — упэўнены дырэктар дэпартамента. Чаму?

Анатоль Шаршун упэўнены, што калі, напрыклад, малочная кампанія, прадукцыя якой ужо прадаецца на кітайскім рынку, прапануе мясцоваму насельніцтву і бізнесу свае каштоўныя паперы, то гэта можа атрымацца. Кітайскі інвестар бачыць, што прадукцыя гэтага прадпрыемства актыўна прадаецца на рынку, і ён гатовы ўкладваць свае грошы ў развіццё той справы, якая яму даступна і зразумела. Гэты кірунак мае шырокія практычныя перспектывы, адзначыў эксперт.

Сяргей КУРКАЧ

Чытайце таксама: Даходы рэспубліканскага бюджэту ў 2026 годзе прагназуюцца на ўзроўні Br54,4 млрд

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю