Беларуская атамная электрастанцыя адзначае першы юбілей. Заўтра спаўняецца роўна пяць гадоў, як станцыю наведаў кіраўнік дзяржавы і афіцыйна паклаў пачатак яе работы. Гэты адлік пачаўся 7 лістапада 2020 года. Як праект паўплываў на эканоміку і жыццё беларусаў? Якія перавагі забяспечвае мірны атам і ці будзе наша краіна далей развіваць атамныя магутнасці? Пра гэта расказаў міністр энергетыкі Дзяніс Мароз.
Стратэгічна важнае для краіны рашэнне
— Дзяніс Равільевіч, калі зазірнуць у гісторыю, наколькі важным было рашэнне аб будаўніцтве ўласнай атамнай электрастанцыі для краіны і энергасістэмы?
— Дадзенае рашэнне кіраўніка дзяржавы стала стратэгічна важным для краіны, яно выходзіць далёка на перспектыву. Гэта рашэнне адыграла найважнейшую ролю ва ўмацаванні нацыянальнай бяспекі Беларусі, вызначыла гарызонты яе доўгатэрміновага развіцця як высокатэхналагічнай, інавацыйна арыентаванай дзяржавы. Яно стала вырашальным для энергетычнай галіны. Дастаткова ўспомніць, якія выклікі стаялі перад энергасістэмай. Да моманту прыняцця рашэння аб будаўніцтве атамнай станцыі 95 % электрычнай і цеплавой энергіі выпрацоўвалася на імпартным прыродным газе. За кошт уводу Беларускай АЭС гэты паказчык знізіўся да 65 %, гэта значыць, істотна скарацілася доля вуглевадароднага паліва ў вытворчасці энергіі. Пры гэтым мы атрымалі эканамічны і экалагічны эфект: павысілі эфектыўнасць работы галіны і сёння забяспечваем нашых спажыўцоў даступнай і экалагічна чыстай энергіяй, а таксама сумарна скарацілі выкіды парніковых газаў у навакольнае асяроддзе ў аб’ёме больш за 26 мільёнаў тон.
Беларусь цалкам адмовілася ад імпарту электраэнергіі. Раней на яе закупку ў іншых краінах траціліся дзясяткі мільёнаў долараў у год. Цяпер гэтыя сродкі накіроўваюцца на іншыя важныя для краіны мэты. Для бюджэту гэта значная эканомія. І самае галоўнае — мы ні ад каго не залежым. У краіне сёння вырабляецца дастатковая колькасць электраэнергіі для пакрыцця патрэб рэальнага сектара эканомікі і насельніцтва. Пры гэтым попыт на яе працягвае расці — за апошнія пяць гадоў электраспажыванне вырасла прыкладна на 6 мільярдаў кВт • г. Гэта вялікі аб’ём, які адлюстроўвае станоўчую дынаміку развіцця нашай краіны па многіх кірунках.
Значна змянілася аблічча беларускай энергасістэмы. У рамках інтэграцыі ў яе Беларускай АЭС рэалізавана маштабная праграма мадэрнізацыі: рэканструявана больш за 1,7 тысячы кіламетраў сістэмаўтваральных электрычных сетак, выкананы работы на высакавольтных трансфарматарных падстанцыях, укаранёны найноўшыя тэхналогіі, якія даюць магчымасць павышаць надзейнасць энергазабеспячэння спажыўцоў, зніжаць выдаткі, аўтаматызаваць вытворчыя працэсы.
У цэлым працэсы тэхналагічнай трансфармацыі актыўна ідуць не толькі ў энергетыцы, але і ў сумежных галінах: прамысловасці, будаўнічай галіне, медыцыне, навуцы. Пабудаваўшы сумесна з нашым стратэгічным партнёрам — дзяржкарпарацыяй «Расатам» — сучасную АЭС, наша краіна прадэманстравала ўсяму свету свае тэхналагічны патэнцыял і самадастатковасць. У краіне сфарміравана новая галіна эканомікі, створана неабходная інфраструктура і сучасная сістэма падрыхтоўкі кадраў — усё гэта ў адпаведнасці з самымі высокімі міжнароднымі стандартамі. Сёння нашы навуковыя і інжынерныя школы, канструктарскія, праектныя, будаўнічыя арганізацыі маюць вопыт і веды, запатрабаваныя як унутры краіны, так і за мяжой. Асвоены новыя кампетэнцыі не толькі ў сферы атамнай энергетыкі, але і ў сумежных галінах: прыбора- і машынабудаванне, трэнажорабудаванне, мікраэлектроніка, металургія.
Сёння іншыя краіны актыўна вывучаюць наш вопыт у атамнай галіне. І мы дзелімся ім з нашымі партнёрамі — па Еўразійскім эканамічным саюзе, СНД. Праект АЭС з вода-вадзянымі рэактарамі пакалення тры плюс — самы перадавы і бяспечны ў свеце, таму цікавасць да яго высокая. Вы добра ведаеце, што безумоўным патрабаваннем Прэзідэнта на ўсіх этапах рэалізацыі праекта па будаўніцтве і ўводзе Беларускай АЭС была бяспека. Мы строга прытрымліваемся гэтага патрабавання і сёння — на этапе эксплуатацыі атамнай станцыі. У перыяд з 2012-га па 2022 год прынялі ўсе місіі, рэкамендаваныя МАГАТЭ для краін-пачаткоўцаў, працягваем цесна працаваць з агенцтвам па ўсіх кірунках, якія забяспечваюць бяспечную і надзейную работу Беларускай АЭС.
.jpg)
Рэнесанс атамнай індустрыі
— Не ўсе за мяжой падтрымлівалі наш праект. Часам даводзілася мець справу з супрацьстаяннем і рэзкімі заявамі нашых краін-суседзяў. А сёння яны самі збіраюцца будаваць атамныя станцыі.
— Вырашыць сучасныя праблемы энергабяспекі без мірнага атама вельмі складана. Гэта выдатна разумеюць і заходнія палітыкі, якія яшчэ нядаўна выступалі супраць развіцця галіны, рабілі стаўку на аднаўляльную энергетыку, іншыя альтэрнатыўныя крыніцы энергіі. Чым гэта скончылася, усе добра памятаюць. Турбулентнасць на сусветных энергарынках, узрослыя шматразова тарыфы на электраэнергію, якія ўдарылі па спажыўцах, прымусілі іх кардынальна змяніць рыторыку, перагледзець свае энергетычныя стратэгіі.
Гэта датычыцца і нашых краін-суседзяў — Польшчы і Літвы. Усяго пару гадоў таму яны заяўлялі аб недапушчальнасці выкарыстання атамнай энергіі, разгарнулі цэлую кампанію супраць Беларускай АЭС, рабілі гучныя палітызаваныя заявы ў адрас нашай краіны. Але час расставіў усё па месцах. Пакуль яны шумелі, мы спакойна будавалі атамную станцыю і сумесна з нашымі расійскімі партнёрамі паспяхова рэалізавалі гэты маштабны высокатэхналагічны праект. Беларуская атамная станцыя эфектыўна працуе на эканоміку краіны і сумарна выпрацавала ўжо больш за 53 мільярды кВт • г. І мы глядзім далей — за гарызонты 2030–2040 гадоў, думаем аб развіцці атамнай генерацыі.

Атамная энергетыка адкрывае якасна новыя магчымасці для нацыянальных эканомік. Яна кардынальна мяняе ландшафт сусветнага энергакомплексу, гарантуючы краінам устойлівае развіццё без шкоды для навакольнага асяроддзя. Невыпадкова мы з’яўляемся сведкамі ўнікальнага працэсу — рэнесансу атамнай індустрыі. Па прагнозах МАГАТЭ, агульная магутнасць АЭС у свеце ў бліжэйшыя 25 гадоў павялічыцца больш чым у два разы. Як чакаецца, доля атамнай генерацыі ў сусветнай вытворчасці электраэнергіі вырасце да 12 %. Сёння ў свеце эксплуатуецца 416 ядзерных рэактараў, яшчэ 63 знаходзяцца на этапе будаўніцтва.
— А як змянілася стаўленне людзей да праекта і галіны?
— Дзякуючы атамнай станцыі забяспечваюцца ўзрастаючыя патрэбнасці ў электраэнергіі рэальнага сектара эканомікі і насельніцтва. За кошт маштабнай электрыфікацыі жыллёвага фонду і пераводу яго на электраацяпленне павысілася камфортнасць пражывання сотняў тысяч людзей — не толькі ў гарадах, але і ў сельскай мясцовасці. Расце колькасць электратранспарту. Беларускія гарады становяцца больш сучаснымі і камфортнымі.
Так, з развіццём электрасеткавай інфраструктуры ў Беларусі істотна выраслі тэмпы будаўніцтва электрадамоў. За 2021–2025 гады ўзведзена больш за 2 мільёны квадратных метраў такога жылля. Шырока праводзіцца работа па перакладзе індывідуальнага жыллёвага фонду на электраацяпленне. Усяго за 2021-ы — бягучы перыяд 2025 года ў энергазабеспячальныя арганізацыі паступіла каля 160 тысяч зваротаў грамадзян аб выдачы тэхнічных умоў на далучэнне электраўстановак аднакватэрных жылых дамоў да электрычных сетак для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння. Задаволены 145,7 тысячы, або 91 %. Усе незадаволеныя заяўкі ўключаюцца ў базу даных для правядзення рэканструкцыі электрасетак у будучых перыядах.
Дынамічна развіваецца электратранспарт. Сёння ў краіне больш за 41 тысячу электрамабіляў. Для развіцця электратранспарту створаны камфортныя ўмовы, сфарміравана развітая сетка зарадных станцый — усяго больш за 1,7 тысячы.
Аб’ём спажывання імі электрычнай энергіі за дзевяць месяцаў 2025 года вырас у 2,3 раза ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Расце і колькасць гарадскога пасажырскага электратранспарту — сучасных электробусаў. Цяпер яны курсіруюць не толькі ў Мінску і абласных цэнтрах, але і ў іншых гарадах краіны. У Жодзіне і Шклове рэалізаваны пілотныя праекты па пераводзе грамадскага транспарту на электрычны.
Гэта рэальны эфект ад выкарыстання мірнага атама, што людзі разумеюць і падтрымліваюць. Няпроста было пасля вопыту Чарнобыльскай АЭС змяніць стаўленне да атамнай энергетыкі. Але паступова беларусы пачалі ўсведамляць, што мірны атам забяспечвае канкрэтныя перавагі, у тым ліку робіць наша паўсядзённае жыццё камфортней. Пацвярджэнне гэтаму — апошняе апытанне, якое праведзена Інстытутам сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук. Праект Беларускай АЭС падтрымлівае 80,1 % апытаных. Лічу, гэта добры паказчык. Калі мы толькі пачыналі будаваць атамную станцыю, ён быў ніжэй за 60 %.
Праекты і рашэнні
— Цяпер актыўна абмяркоўваецца пытанне аб будаўніцтве ў краіне другой АЭС або яшчэ аднаго энергаблока БелАЭС. У якога з варыянтаў больш пераваг?
— Як вы ведаеце, разглядаюцца два варыянты — будаўніцтва трэцяга энергаблока на пляцоўцы дзеючай атамнай станцыі або будаўніцтва новай АЭС на ўсходзе краіны, у Магілёўскай вобласці. Кожны з іх мае свае перавагі. Калі мы гаворым аб будаўніцтве новага энергаблока на дзеючай атамнай станцыі, то праект будзе рэалізоўвацца як другая чарга атамнай станцыі. Магчымасці для гэтага там ёсць. Гэта адпаведныя пляцоўкі, дзе дапушчальна размяшчэнне новага блока, вытворчыя, тэхналагічныя, арганізацыйныя і іншыя ўмовы для яго збудаванні і далейшай эксплуатацыі. Важна, што ёсць і ўся неабходная сацыяльная інфраструктура. Будаваць аб’ект там будзе прасцей, хутчэй, і кошт праекта будзе ніжэй.
Што датычыцца ўсходняй часткі краіны, якая таксама разглядаецца як магчымы варыянт, то і тут ёсць свае перавагі. Праект можа стаць наймагутнейшым імпульсам для развіцця Магілёўскай вобласці, пра што не раз гаварыў Прэзідэнт, бо гэта тысячы новых працоўных месцаў, высокаэфектыўныя вытворчасці і шырокае ўкараненне новых тэхналогій. Будаўніцтва АЭС дапаможа прыцягнуць дадатковыя інвестыцыі, садзейнічаць запуску буйных інавацыйных праектаў.
У цяперашні час Міністэрствам энергетыкі сумесна з іншымі зацікаўленымі дзяржорганамі і профільнымі навукова-даследчымі ўстановамі ажыццяўляецца ўсебаковы аналіз пазначаных варыянтаў з улікам прагнозаў па далейшым росце электраспажывання і магчымасцяў інтэграцыі новых атамных магутнасцяў у энергасістэму краіны.
— Любы аб’ект — гэта людзі і іх праца. Як за гады рэалізацыі праекта фарміраваўся калектыў Беларускай АЭС? Які ён цяпер?
— Сёння на Беларускай атамнай станцыі працуе 2 727 чалавек, штат цалкам укамплектаваны. Гэта сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, высокакампетэнтныя спецыялісты з глыбокімі ведамі і вопытам. Яны сапраўды жывуць сваёй справай, забяспечваюць надзейную работу атамнай станцыі, дзеляцца ведамі з маладымі спецыялістамі.
.jpg)
Прыемна адзначыць, што Беларуская АЭС стала цэнтрам прыцягнення таленавітай моладзі, для развіцця якой ствараюцца камфортныя ўмовы, рэалізуюцца меры падтрымкі. Каля 30 % ад агульнай колькасці працуючых на станцыі — маладыя людзі да 32 гадоў. Сярэдні ўзрост персаналу — 38 гадоў.
Карыстаючыся выпадкам, хацеў бы падзякаваць усім работнікам атамнай станцыі, а таксама профільных прадпрыемстваў, якія забяспечваюць работу АЭС, за добрасумленную працу. Кожны з іх робіць адчувальны ўнёсак у эфектыўную работу такога маштабнага высокатэхналагічнага аб’екта, як атамная станцыя, і энергетычнай галіны ў цэлым.
Па матэрыялах БелТА