Урокі Буйніцкага поля
У Музеі Славы Магілёўшчыны экскурсіі заказаны ўжо да канца года.
Буйніцкае поле пад Магілёвам — якраз тое самае месца, дзе асабліва востра адчуваеш каштоўнасць слоў «грамадзянскі абавязак», «гонар за Радзіму», «народ». У дні школьных канікул тут асабліва шмат падлеткаў.
.jpg)
З вучнямі 42-й магілёўскай школы і іх кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні Дзмітрыем Давыдавым сустракаемся каля валуна славутаму пісьменніку Канстанціну Сіманаву, прах якога развеяны над Буйніцкім полем. Як высветлілася, такія экскурсіі з патрыятычным ухілам для іх не рэдкасць. Настаўнік асабіста арганізоўвае для школьнікаў паходы па месцах баявой славы. Часам такія невялічкія, а часцей шматкіламетровыя.
— Пасля таго як адкрыўся музей, Буйніцкае поле стала для нас стартам для паходаў, — паведаміў ён. — Спачатку заходзім у музей, а потым усё, што ўбачылі, вывучаем на мясцовасці. Немцы рухаліся на Магілёў з боку вёскі Туманаўка, да якой адсюль кіламетраў шэсць. І мы ідзём спачатку туды, а потым па маршруце да станцыі Галынец — усяго каля 20 кіламетраў.
Адзінаццацікласніца Ева Прыбыш лічыць Буйніцкае поле асаблівым месцам.
— Лічу, кожны беларус павінен тут пабываць, — гаворыць дзяўчына. — Вельмі ганаруся, што жыву ў горадзе, жыхары якога мужна змагаліся супраць фашызму.
Кірыл Гаранін вучыцца ў 10 класе і з’яўляецца членам ваенна-патрыятычнага клуба «Абаронца», які размешчаны на тэрыторыі вайсковай часці 6713. Прызнаецца, што ўступіў туды, каб падрыхтавацца да арміі, асвоіць азы страявой, агнявой, фізічнай і медыцынскай падрыхтоўкі. Што датычыцца Буйніцкага поля, то яно яму вядома з дзяцінства, прыходзіў сюды з бацькамі. Сёлета тут адкрыўся музей, і Кірыл наведаў яго ў ліку першых.
— Уражвае знешні выгляд музейнага будынка — у выглядзе ордэна Вялікай Айчыннай вайны І ступені, — кажа Кірыл. — Шмат цікавых экспанатаў, відэаінсталяцый, якія размаўляюць галасамі абаронцаў і вызваленцаў Магілёва.
Шасцікласніку Мікіту Шарубіну падабаецца вывучаць гісторыю па экспанатах. У школьным гісторыка-краязнаўчым музеі, дзе ён з’яўляецца экскурсаводам, іх 2,5 тысячы. Ведае, чым славілася Буйніцкае поле яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны.
— Я схіляю галаву перад тымі, хто тут ваяваў, гэта вельмі мужныя людзі, — кажа Мікіта. — І вельмі падабаецца новы музей. Наведалі яго нядаўна з нашым класным кіраўніком Кацярынай Марцішчанка.
Патрыятычны турызм — актуальны выхавальны складнік, лічыць загадчык філіяла абласнога краязнаўчага музея імя Е. Раманава Музей Славы Магілёўшчыны Мікіта Шулепаў. І музей ажывіў цікавасць да Буйніцкага поля. За некалькі месяцаў работы ўстановы яе наведалі каля 115 тысяч чалавек.
— Асабліва вялікая цікавасць сярод школьнікаў, — удакладняе суразмоўнік. — Да канца года запіс на экскурсійнае суправаджэнне груп ужо завершаны. Але можна прыходзіць і вывучаць экспанаты самастойна — шмат інтэрактыву, ёсць аўдыягід. Вялікую цікаваць праяўляюць віцебскія школьнікі. Адна віцебская турфірма за палову кастрычніка амаль 800 школьнікаў прывезла да нас.
Напярэдадні 7 лістапада ў музей разам са сваёй настаўніцай англійскай мовы завіталі вучні 10–11 класаў бабруйскай гімназіі № 3. Запісваліся, дарэчы, яшчэ ў пачатку верасня.

— Я вельмі хацела тут пабыць, — прызналася навучэнка Аляксандра Уласава. — Для мяне тэма вайны вельмі важная, паколькі датычыцца і маёй сям’і. Хацелася больш даведацца пра Буйніцкае поле і на свае вочы ўбачыць музей.
— Музей сучаснасны, шмат лічбавізаваных рэчаў, інтэрактыву, можна нават «узаемадзейнічаць» з экспазіцыяй, — падзялілася гімназістка Ліза Алай. — Нейрасетка ажывіла славутых герояў, і яны расказваюць пра свае подзвігі. Можна хадзіць тут нават без экскурсавода.
Музей сёння наведвае больш за 10 груп за дзень. Настаўнік гісторыі магілёўскай сярэдняй школы № 6 Ягор Фамін таксама неаднаразова прыводзіў сваіх вучняў. Лічыць, што любоў да Радзімы пачынаецца з цікавасці.
— Тэма вайны вельмі важная, яна ідзе як дапаўненне да ўрокаў гісторыі, — сведчыць ён. — Адна справа — пачытаць і другая — убачыць тое самае поле, дзе ішла бітва, пра якую пісаў Канстанцін Сіманаў. На прыкладах абаронцаў нашмат прасцей выхаваць патрыёта. І пачынаць трэба з малодшай школы. Мы наведалі шмат знакавых месцаў: Усакінскія лясы, мемарыял у вёсцы Гаі, дзе загінуў пры абароне Магілёва батальён міліцыі пад камандаваннем Канстанціна Уладзімірава, Боркі. Кожнае лета ходзім у паходы па родным краі, у тым ліку па месцах, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной. Стараемся рабіць гэта невялічкімі групамі. Інфармацыя ўспрымаецца больш востра і глыбока.
А значыць, застаецца і ў памяці, і ў сэрцы.
.jpg)
Спадчыннікі пераможцаў
У Брэсце праходзіць аднайменная ваенна-патрыятычная акцыя.
Сярод удзельнікаў — самыя актыўныя маладыя людзі з розных куткоў Беларусі. Ініцыятыва нарадзілася ў чэрвені гэтага года на дыялогавай пляцоўцы ў Брэсцкім аблвыканкаме ў рамках праекта «Цягнік памяці», хутка знайшла падтрымку і была рэалізавана на базе «Маладзёжнага патрыятычнага цэнтра» ў Брэсце, які з 3 да 6 лістапада арганізаваў для ўдзельнікаў насычаную праграму.
Сёння ўдзельнікамі акцыі сталі больш чым 30 чалавек з усіх куткоў краіны, якія даказалі сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю і глыбокія веды. Сярод іх — як навучэнцы старшых класаў, так і студэнты ўстаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай або вышэйшай адукацыі. У рамках акцыі «Спадчыннікі пераможцаў» моладзь наведала музей «Пяты форт» Брэсцкай крэпасці, пазнаёмілася з гісторыяй Брэста і пабывала ў Белавежскай пушчы. Уражаннямі хлопцы і дзяўчаты працягваюць актыўна дзяліцца ў сацыяльных сетках, у тым ліку і ад праекта «Цягнік памяці».
Адметнасцю акцыі «Спадчыннікі пераможцаў» стала вялікая адукацыйная частка. На працягу трох дзён для маладых людзей былі арганізаваны наведванні месцаў баявой славы, памятных месцаў Вялікай Айчыннай вайны, дыялогавыя пляцоўкі.
Напрыканцы змены ўдзельнікі прадставяць творчыя справаздачы. Арганізатары адзначаюць, што праект, можна сказаць, пілотны, і яго вынікі будуць дакладна прааналізаваны. Адзін з арганізатараў акцыі намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Віктар ФІЛІПЕНКА адзначае: «Мы бачым, як важна даваць моладзі магчымасць праводзіць восеньскія канікулы разам, развіваць свае лідарскія якасці, з карысцю сустракацца, камунікаваць і разам працаваць над будучыняй нашай краіны».
.jpg)
Кампетэнтна
Начальнік Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Віктар Доўнар адначае, што мерапрыемствам па патрыятычным выхаванні ўдзяляецца асаблівая ўвага. На канікулах у школьнікаў ёсць магчымасць знаёміцца са знакавымі, святымі для беларусаў аб’ектамі не віртуальна, а рэальна: гэта і экскурсіі ў музеі і да памятных месцаў, і сустрэчы з ветэранамі, а таксама тэматычныя конкурсы, віктарыны і квэсты. Гэтыя мерапрыемствы ўключаюць таксама спартыўна-патрыятычныя гульні і акцыі, творчыя майстар-класы з выкарыстаннем нацыянальных сімвалаў і традыцый.
— Восеньскія канікулы добра падыходзяць для наведвання вялікага і малога турыстычнага маршруту «Спазнаем. Ганарыцца. Захоўваем», — расказвае Віктар Доўнар. — У першы ўваходзяць значныя аб’екты абласных цэнтраў і Мінска, а другі можна прайсці, не з’язджаючы далёка ад сваёй малой радзімы, і пазнаёміцца з такімі аб’ектамі свайго рэгіёна.
Пры выбары экскурсійнага маршруту Міністэрства адукацыі рэкамендуе надаць асаблівае значэнне наведванню ваенна-гістарычных экскурсійных аб’ектаў: музеяў, мемарыяльных комплексаў, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Гэта ўсім вядомыя мемарыяльныя комплексы «Брэсцкая крэпасць-герой», «Хатынь», «Буйніцкае поле», «Трасцянец», гісторыка-культурны комплекс «Лінія Сталіна», мемарыял «Курган Славы», Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
— Дарэчы, у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны для вучняў пачатковай школы працуе асобная зала «Музей для дзяцей», дзе праходзяць музейна-педагагічныя заняткі, майстар-класы і інтэрактыўныя праграмы для навучэнцаў. Акрамя агляднай экскурсіі школьнікам таксама прапануюць шэраг тэматычных заняткаў па 45 хвілін, якія паглыблена раскрываюць тэмы з гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, — дадаў Віктар Доўнар.
Не меншую карысць, на думку прадстаўніка Мінадукацыі, нясе і сацыякультурная прастора ўстаноў адукацыі. Напрыклад, Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк прапаноўвае аглядныя экскурсіі па выставачных экспазіцыях з расповедам пра дасягненні ў інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, арганізоўвае віртуальную выстаўку «Гэтай вайны не забудзеш боль».
Нэлі Зігуля, Аміна НАЗАРАВА, Алена ВІНАГРАДАВА.