Традыцыі ў Беларусі шануюць і захоўваюць. Адна з самых важных — адкрыццё патрэбных людзям і краіне аб’ектаў напярэдадні знакавых дат у нашай гісторыі. Таму з года ў год напярэдадні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі ў краіне традыцыйна адкрываюцца новыя аб’екты. Традыцыйна ўдзельнічае ў гэтым і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Сёлета з лёгкай рукі кіраўніка дзяржавы адкрыты мост праз раку Прыпяць, які злучае Мазыр і Калінкавічы.
І па традыцыі прэзідэнцкіх камандзіровак — у плане не толькі ўрачыстае мерапрыемства, але і размова аб развіцці рэгіёна. Тым больш, на Палессі заўжды ёсць аб чым пагаварыць.

«На Палессі яшчэ людзі ёсць. Трэба іх зберагчы»
Адразу па прылёце — пытанні старшыні Гомельскага аблвыканкама Івану Крупко. Прэзідэнт пацікавіўся, ці скончылася ў рэгіёне ўборка ўраджаю. Іван Крупко далажыў, што ў цэлым у вобласці атрымалі 1,4 мільёнаў тон збожжа, засталіся адзінкавыя гаспадаркі, якія яшчэ не скончылі гэтыя работы. У Гомельскай вобласці актыўна плюшчаць кукурузу, летась было 50 тысяч тон зерня, сёлета — 110 тысяч тон зерня кукурузы. «Хапае ў нас плюшчылак, абсталявання?» — удакладніў Прэзідэнт. Іван Крупко адказаў, што ўсяго хапае. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся яго меркаваннем як спецыяліста на тэхналогію плюшчэння зерня кукурузы. Іван Крупко адказаў, што гэта і па тэхналогіі прасцей, і кукуруза — універсальны корм. Кіраўнік дзяржавы задаў шэраг пытанняў па рабоце кіраўнікоў асобных раёнаў Гомельскай вобласці. Абмеркавалі і планы па будаўніцтву свінагадоўчых комплексаў.
Прэзідэнт пацікавіўся ў старшыні Мазырскага райвыканкама Алены Паўлечка, як справы ў раёне, чаго не хапае, якія праблемы. «Калі людзі яшчэ ёсць, іх трэба берагчы. А каб іх зберагчы (на Палессі яшчэ ёсць людзі) іх трэба задзейнічаць як след», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. І зрабіў акцэнт у тым ліку і на адказнасці кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў.
Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што сітуацыя ў Гомельскай вобласці не лепшая, чым у Віцебскай. Але падзяліўся назіраннямі: пралятаючы над Гомельшчынай на верталёце, заўважыў, што ў сітуацыі на палях ёсць зрухі. «Мы, славяне, чым складаней, тым больш мы пачынаем мабілізоўвацца і збірацца. Складаны быў год, я такога года не памятаю. Зрушылася ўсё, надвор’е брыдкае, — адзначыў Прэзідэнт. — Трэба тэрмінова збіраць ураджай і заканчваць год. І трэба араць. У нас шмат кінутых палёў, неразараных. Трэба ўлазіць, разворваць гэтыя палі. Не чакайце, што ў вас будуць тут паблажкі. Трэба іх прыводзіць у парадак».

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў краіне выдзяляюцца велізарныя грошы на меліярацыю, каб асвоіць землі. А ў гэты час у непрыдатнасць прыходзяць землі, на якіх можна было б працаваць. Асобна Прэзідэнт заклікаў уключаць у сельгасабарот закінутыя землі ў паміраючых вёсках. «Зямлю трэба берагчы. Гэта дэфіцыт. Асабліва на Палессі вялікі дэфіцыт», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Ён папярэдзіў, што шалёных грошай чохам на адраджэнне Палесся выдзяляць не будуць — толькі пад канкрэтныя праекты і прапановы.
«Трэба будаваць дарогі ад раённага цэнтра да аграгарадка»
Міністр транспарту і камунікацый Аляксей Ляхновіч далажыў аб развіцці дарожнага будаўніцтва і ходзе рамонту мастоў і пуцеправодаў. «Ты мне пакажы карту, дзе вы што зрабілі і дзе ты будзеш працаваць у наступным годзе», — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы. Па словах міністра, дарожнае будаўніцтва будзе праводзіцца кропкава, з акцэнтам на міжнародныя транспартныя калідоры. Кіраўнік дзяржавы асобна нагадаў аб будаўніцтве дарогі, якая злучае Кобрын і Гомель.

Прэзідэнт падкрэсліў, што даручыў старшыні КДК вельмі сур’ёзна страсянуць дарожную галіну. «Жудасныя рэчы адбываюцца, — сказаў ён. — Прыватнік аддае тэхніку ў арэнду ўтрая даражэй. (Пра гэта кіраўніку дзяржавы дакладваў напярэдадні старшыня камітэта дзяржкантролю. — Зв.) Гэта што такое? Гэта карупцыя».
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што цяпер з усіх абласных цэнтраў ёсць дарогі да раённых цэнтраў, няма такога райцэнтра, які з абласным не быў бы злучаны цвёрдым пакрыццём. «Трэба ісці глыбей, гэта значыць, ад раённага цэнтра — да аграгарадкоў», — паставіў чарговую задачу Прэзідэнт. І звярнуў увагу, што трэба вельмі ўважліва падыходзіць да гэтага пытання, калі ў населеным пункце жывуць людзі — значыць, там трэба рамантаваць або падводзіць дарогу. «Галоўнае — не аграгарадок, а людзі. Калі там будуць жыць людзі — дарогу рабі. Але калі мы разумеем, што там людзей не будзе, навошта мы будуем такую дарогу?» — параіў кіраўнік дзяржавы. Патрабаванне нязменнае — падыходзіць па-гаспадарску і будаваць там, дзе гэта сапраўды трэба і будзе запатрабавана. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка даручыў правесці рэвізію па краіне і паглядзець, дзе сапраўды трэба ўкладваць сродкі ў будаўніцтва дарог.
Гарантыя — 100 гадоў
Урачысты момант адкрыцця новага моста кіраўнік дзяржавы падзяліў разам з жыхарамі горада, якія доўга гэтага чакалі. Аляксандр Лукашэнка назваў Мазыр выдатным горадам, важным для эканомікі нашай краіны. Але заўважыў, што пакуль яшчэ няважна працуе Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. «Апошнія рашэнні, якія прыняты, думаю, палепшаць і эканоміку гэтага горада. Паглядзім, што атрымаецца ў дынаміцы. Але дзяржава зрабіла ўсё, каб гэты завод працаваў лепш», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт прызнаўся, што ў яго было шмат запрашэнняў наведаць і іншыя гарады. Але ён вырашыў пабываць менавіта ў Мазыры, у тым ліку і для таго, каб «страсянуць палешукоў». Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што гэты мост вельмі важны для жыхароў Мазыра. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў 1958 годзе, калі гэты мост быў пабудаваны, ён быў адзіным мостам праз Прыпяць, і вельмі важным. «Няпроста было яго рэканструяваць і зрабіць самым сучасным. Але нашы інжынеры, якія праектавалі гэты мост, ды і будаўнікі, кажуць, што 100 гадоў — гарантыя, — заявіў Прэзідэнт. — Многіх з нас не будзе тут. А мост як помнік нашых добрых спраў будзе стаяць, моцна стаяць і забяспечваць неабходнае жыццё і нашаму Мазыру, і Калінкавічам, ды і ўсёй нашай краіне, не толькі Гомельшчыне».

«Нас прыціснула — і мы добрую справу зрабілі»
Прэзідэнт пагутарыў з жыхарамі Мазыра і аб надзённых справах. На першым месцы — сельская гаспадарка, і хоць большая частка ўраджаю ўжо сабрана, працы яшчэ хапае. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што яшчэ трэба сабраць кукурузу.
Паводле слоў беларускага лідара, сёлета аграрыі вельмі добра сябе праявілі. «Сапраўдныя славяне. Калі нас цісне сітуацыя, тады мы гатовыя памерці, але ўсё зрабіць. Гэты год быў вельмі цяжкі для сельскай гаспадаркі. Я не памятаю такіх суровых гадоў. Вясна — замаразкі. Немагчыма было пачынаць. На два — тры тыдні зрушылася пасяўная кампанія. Натуральна, ссунуліся і ўборачныя тыдні. Аднак у гэтым годзе мы атрымліваем рэкордны ўраджай па збожжы. У нас пад 11 мільёнаў тон. Дасягненне вялікае — калі на аднаго чалавека адна тона збожжа. У нас больш, чым адна тона. І значна больш. Гэта добры ўраджай. Я да таго, што прыціснула нас — і мы добрую справу зрабілі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Найважнейшай задачай для дзяржавы ў сельскай гаспадарцы беларускі лідар назваў меліярацыю. Ён заўважыў, што прыватнік не будзе сам будаваць каналы, збудаванні, што асабліва актуальна для Прыпяцкай тэрыторыі. Ніхто не будзе гэтым займацца, акрамя дзяржавы. «Вы ж ведаеце, тут адначасова асушаліся цэлыя балоты і будаваліся калгасы, час сыходзіў, грошай не заўсёды хапала, мы так пачварна часам ставіліся да гэтых пытанняў... І бачу: ужо зямля прыходзіць у непрыдатнасць, хмызняк, каналы зарастаюць, прыйшлося штурмам браць і гэтае пытанне. Таму меліярацыя — гэта пытанне галоўнае», — акцэнтаваў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што з борта верталёта ацаніў сітуацыю на палях у Гомельскай вобласці. Ён прызнаўся, што ў цэлым застаўся задаволены ўбачаным. «Не магу ні да чаго прычапіцца, акрамя таго, што ў нізкіх месцах кінулі палі і не заворваеце. Гэта дрэнна», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу, што не задзейнічанымі ў абарот, па сутнасці — кінутымі, застаюцца нават участкі ў 5-10 гектараў, і гэта ў той час, як дзяржава ўкладвае значныя сродкі ў меліярацыю для таго, каб зрабіць землі прыдатнымі для сельскагаспадарчай дзейнасці.
Яшчэ адно ключавое пытанне — стварэнне аграгарадкоў. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што сёння ўсё менш людзей хоча жыць у вёсках. «Я гэта разумею, людзей на вяроўцы не зацягнеш. Значыць, трэба ствараць умовы і мяняць сістэму», — адзначыў ён. Прэзідэнт нагадаў, што ў краіне была прынятая праграма адраджэння вёскі, у сацыяльным плане гэта азначае стварэнне аграгарадкоў, па сутнасці, буйных вёсак, дзе ўсё павінна быць, як у горадзе, — дзіцячы садок, школа, банкаўская ўстанова і іншыя элементы інфраструктуры. «Мы практычна ўжо скончылі стварэнне аграгарадкоў, вызначыліся, дзе будуць аграгарадкі, з улікам аб’яднання зямель былых калгасаў, саўгасаў. Маленькіх калгасаў ужо няма, нават на Прыпяці. Калі толькі добра працуюць, мы іх не чапаем, хай працуе. Але калі трэба — узбуйняем», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Тым больш, дадаў ён, сёння ёсць усё для працы на буйных участках.
«Усяго ў нас хапае. У нас не хапае толькі аднаго — дысцыпліны і парадку. Мы вывучалі глыбока чарговы раз Віцебскую вобласць, і мы гэта ўбачылі», — рэзюмаваў Прэзідэнт. Ён параўнаў сельскагаспадарчую тэхніку з той, якая была раней, і той, што ёсць цяпер. Сёння тэхніка складаная, няпростая, і таму працаваць на ёй павінен дасведчаны, адказны чалавек — «вельмі прасунуты механізатар на ўзроўні інжынера», заўважыў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што персанальную адказнасць за тэхніку нясе механізатар і яго кіраўнік. Таму што тэхніка вельмі дорага каштуе і ставіцца да яе трэба адказна. «Тэхніка складаная, няпростая. Будзем дапамагаць, але пад кожную адзінку каб быў механізатар, які павінен працаваць, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы. — Я гэта кажу, таму што гэта вельмі актуальна для Гомельскай вобласці. Любы кіраўнік павінен пачынаць наводзіць парадак і дысцыпліну не толькі і столькі кулаком і загадамі. А па законе».
«Дайце мне эканоміку!»
Аляксандр Лукашэнка нагадаў: лепш будаваць масты, чым ваяваць. І заклікаў кожнага адказна рабіць сваю справу, самастойна клапаціцца пра сваю сям’ю, а не чакаць, што гэта зробіць дзяржава. Тым больш, заўважыў Прэзідэнт, нашы людзі могуць рабіць усё, калі трэба.
«Я заўсёды ад вас прасіў адно: дайце мне эканоміку. Дайце мне масты, дарогі, малако, мяса і іншае. А ваенныя пытанні за мной, бяспека — мае пытанні. Я буду іх вырашаць, я ведаю, як іх вырашаць. Пакуль больш-менш нешта атрымліваецца, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Таму настройцеся на добрую працу. Памятайце, што тое, што не зрабілі вы, ніхто не зробіць. Ні я, ніхто. Кожны павінен рабіць сваю справу. Кожны за свой кавалак зямлі, за свой кавалачак працы адказвае і павінен гэта рабіць. Гэта — галоўнае. Дысцыпліна і яшчэ раз дысцыпліна».
Асобна Прэзідэнт папярэдзіў начальнікаў: якое б у вас не было прадпрыемства, стратнае, закінутае — «памрыце, але выплаціце людзям заробак, каб не страціць людзей».
Беларускі лідар звярнуў увагу, што, напрыклад, у Расіі цяпер ёсць патрэба ў працоўных рэсурсах і частка людзей можа з’ехаць на заробкі туды. Ці ў заходнім кірунку. «У нас у Польшчу з’ехала 10-12 тысяч чалавек. (Хоць, кажуць, мільён з’ехала)... А зубок лячыць яны едуць у Гродна. А чаму? Таму што тут бясплатна. Бясплатна нічога не бывае. Гэта бюджэт — дзяржава плаціць за вас. Таму і тут будзе прынятая пастанова, — сказаў Прэзідэнт. — Паехаў, ты шукаеш добрае месца, дзе зарабіць, — правільна, перашкаджаць не будзем. Асабліва калі ты едзеш у Расію. Але ты, атрымаўшы добрыя грошы, сюды прыедзь, заплаці. Мы табе вырвем і зуб, і што заўгодна. Але толькі за твой кошт».
А людзям кіраўнік дзяржавы нагадаў, што лепш за ўсё працаваць у сябе дома. «Сядзіце тут, працуйце на сваёй зямлі. Жабракамі не былі і не будзем», — звярнуўся да прысутных кіраўнік дзяржавы. І параіў не гнацца за гучнымі брэндамі, а аддаваць перавагу айчынным вытворцам. Бо купляючы беларускія тавары, тым самым людзі падтрымліваюць свае прадпрыемствы. Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад мост у Мазыры. Першапачаткова яго планавалася пабудаваць у 30 месяцаў, але ўклаліся ў 24 — прычым справіліся сіламі беларускіх арганізацый, хоць былі і іншыя прапановы. «Замежнікі мне прапаноўвалі за 20. Я сказаў: «Не, дзякуй, пакуль свае». І цэны былі б ніжэйшыя. Я ж не кінуўся на гэта. Таму што, калі прыйдзе замежнік, не факт, што ён прывязе асфальтабетон беларускі, а мы гэта ўмеем рабіць. Не факт, што адбойнікі, парэнчы (будуць айчыннай вытворчасці. —Зв.). Ён адтуль прыцягне. А гэта значыць, заплаціць сваім. А нашы прадпрыемствы будуць стаяць. І галоўнае — людзі нашы не атрымаюць заработную плату. Я не кінуўся на гэта. Не, кажу, свае хай робяць. Адзін мост, другі, трэці», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Карупцыя — гэта іржа»
Асобна Прэзідэнт нагадаў аб недапушчальнасці карупцыі. І параіў працаваць так, каб цалкам выключыць яе праявы. «Я заўсёды казаў, карупцыя — гэта іржа, якая раз’ядае любую эканоміку. Не буду называць і паказваць пальцам, як у нас тут суседзі пабудавалі плот за 300 мільёнаў долараў — 150 мільёнаў скралі. Нам што, гэта трэба? Нам гэта не трэба», — сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў і аб недапушчальнасці карупцыі ў цэлым, і ў дарожна-будаўнічай галіне ў прыватнасці, дзе выкрытыя падазроныя схемы з арэндай тэхнікі. «Вось мы зараз выявілі — Камітэт дзяржкантролю цяпер працуе. Што робяць? У нас ёсць прыватныя прадпрыемствы, у якіх ёсць тэхніка. Асфальтаўкладчыкі, каткі, пагрузчыкі, экскаватары. Вашы начальнікі арандуюць гэтую тэхніку. А навошта? У тры-пяць разоў даражэй. Адразу насцярожвае, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — А каму вы плаціце? Якія ў вас там палюбоўнікі, палюбоўніцы і іншыя, якім вы грошы аддаяце?! Ну, калі хочаце палюбоўніцу, вы тады са сваёй кішэні плаціце, што ж у дарогу загналі — у сабекошт (эканамісты разумеюць). І я плачу за гэта грошы (бюджэтныя. — Зв.). Чаму я павінен утрымліваць? Гэта не справа». «Ты чаго гэтую тэхніку арандуеш, у пяць разоў даражэй плаціш? Ты ж, пабудаваўшы гэты мост, мог бы зарабіць грошы і купіць асфальтаўкладчык або каток, экскаватар або пагрузчык. Ты не зрабіў. Чаму? Рыхтуйцеся», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.
«Дзяржава павінна займацца інфраструктурай»
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў суседзяў мазыран украінцаў цяпер цяжкая сітуацыя. І нагадаў, што берагі ў Беларусі злучаюць, у тым ліку і для іх, у нашай краіне ўкраінцаў заўсёды чакаюць і гатовыя дапамагчы, забяспечыць такое ж жыццё як і беларусам у плане адукацыі і аховы здароўя. «Многія прыехалі, у Гомельскай вобласці працуюць. Мы гатовыя іх прымаць. Для нас украінцы — гэта добра, гэта вельмі працавітыя людзі, якія разумеюць нас, размаўляюць з намі на адной мове», — падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт заявіў, што дзяржава і яе кіраўнік абавязаны забяспечыць больш-менш нармальнае жыццё. «Вось мы і стараемся. Масты і дарогі — найважнейшая задача для дзяржавы. Не павінна дзяржава трактары купляць, яшчэ нешта рабіць. Дзяржава павінна займацца інфраструктурай», — патлумачыў ён. Прэзідэнт дадаў, што дзяржаўным прыярытэтам застаецца таксама жыллё, для ваенных асабліва. «Але і з ваенных трэба спытаць: мы табе далі жыллё, мы табе далі дом — ваюй па-сапраўднаму, ну, ці рыхтуйся да вайны. Мы кожны дзень рыхтуемся да гэтай вайны. Дай бог, каб яе не было, але рыхтавацца трэба», — адзначыў беларускі лідар.
Жыві не хачу
Дарэчы, на рэканструяваным мосце працавалі і байцы будатрадаў. На правым — з Мазыра, на левым — з Калінкавічаў. Аляксандр Лукашэнка гэта ацаніў і прызнаўся, што важны той факт, што тут працавалі будатрадаўцы. «За гэта трэба аддаць належнае і дарожнікам, і ўладам за тое, што яны прынялі будатрадаўцаў», — адзначыў ён. Кіраўнік дзяржавы заклікаў падтрымліваць маладых людзей, прывучаць іх да жыцця.
Абноўлены мост праз Прыпяць — гэта не толькі найважнейшая транспартная артэрыя, але і выдатная назіральная пляцоўка, з якой адкрываецца від на горад. «Жыві — не хачу. Якая прыгажуня-рака! — пейзаж уразіў і Прэзідэнта. — Гэта прыгажосць. Гэта жамчужына».
Валерыя СЦЯЦКО,
Мазыр