Top.Mail.Ru

ВРВІ, «Стратус», грып і «хвароба Х»: што прагназуюць спецыялісты

Халодная пара года традыцыйна звязана з уздымам захворвання на ВРВІ. Пра што трэба памятаць, каб восень і зіма пакінулі аб сабе толькі добрыя ўспаміны?


Як спецыялісты ацэньваюць бягучае эпідэміялагічнае становішча? Якія іх прагнозы на зіму? Што можа зрабіць кожны, каб абараніць сябе ад інфекцый і вірусаў? Што такое «хвароба Х», да сустрэчы з якой рыхтуюцца спецыялісты? Гутарым пра гэта з загадчыкам аддзялення імунапрафілактыкі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Кірылам Ігнатавым. 


— Паказчыкі захваральнасці на ВРВІ ў краіне некалькі ніжэйшыя, чым за аналагічны перыяд мінулага года і адпавядаюць сярэднім шматгадовым даным, — адзначае Кірыл Алегавіч. — Сітуацыя стабільная і знаходзіцца на пастаянным кантролі. Пераважаюць негрыпозныя вірусы: адэнавірус, рынавірус, рэспіраторна-сінтыцыяльны вірус (РСВ). З верасня пацверджана цыркуляцыя новага тыпу каранавіруса — «Стратус»: ён больш заразны, чым «Амікрон», але выклікае захворванні, якія праходзяць досыць лёгка. Асноўныя сімптомы «Стратуса» — асіпласць (ахрыпласць) голаса, кашаль, насмарк, павышэнне тэмпературы, галаўны боль, боль у мышцах і ў горле.

— У перыяд пандэміі Covid-19 адзначалася зніжэнне захваральнасці на грып. Але, здаецца, грып адваёўвае свае пазіцыі і сітуацыя вяртаецца да даковідных часоў? 

— Так. Сітуацыя з Covid-19 прыкметна палепшылася ў параўнанні з 2020—2022 гадамі, і грып зноў займае сваю нішу. У мінулым сезоне (зіма 2024—2025 гг.) паказчыкі па яго захваральнасці вярнуліся на даковідны ўзровень. Уздым захваральнасці на грып, астатнія ВРВІ, «Стратус» прагназуецца на перыяд з канца студзеня па канец сакавіка з пікавымі значэннямі ў лютым.

— Склад вакцын, якімі прышчэпліваюць насельніцтва, штогод абнаўляецца з улікам рэкамендацый СААЗ. Якія прагнозы спецыялістаў па грыпе ў гэтым сезоне? 

— СААЗ дае рэкамендацыі па штамавым складзе вакцын супраць грыпу двойчы ў год: для Паўднёвага і Паўночнага паўшар’яў. Згодна з прагнозам СААЗ у гэтым сезоне ў нас будуць цыркуляваць штамы віруса грыпу А(Н3N2) («Харватыя»), а таксама А(Н1N1) («Вікторыя») і грып В. З улікам гэтага зменены штамавы склад вакцын (у тым ліку «Грыпол Плюс», «Ваксігрып Тэтра», «Інфлювак Тэтра»), якія прымяняюцца ў бягучым сезоне для прафілактыкі грыпу.

— Чаму вакцынацыю лічаць найлепшым метадам абароны супраць грыпу? 

— Усе вірусы грыпу здольныя выклікаць захворванне з развіццём ускладненняў і непажаданыя наступствы. Сярод найбольш частых і цяжкіх ускладненняў з боку органаў дыхання — пнеўманія, з боку сардэчна-сасудзістай сістэмы — міякардыт і перыкардыт, з боку ЦНС — энцэфаліт і менінгіт. Акрамя таго, грып можа прывесці да абвастрэнняў наяўных хранічных захворванняў: цукровага дыябету, бранхіяльнай астмы. Вакцынацыя не гарантуе 100 % абароны ад заражэння, але яна зніжае гэту рызыку, а галоўнае — прадухіляе цяжкае працяканне захворвання, развіццё неспрыяльнага зыходу.

— Паводле ацэнак спецыялістаў, каранавірус муціруе ў дзясяткі разоў павольней, чым грып. Гэта значыць, што вакцына супраць ковід-інфекцыі можа заставацца нязменнай на працягу многіх гадоў?

— У нашай краіне з мінулага года супраць інфекцыі Covid-19 ужываюць вакцыну «Конвасэл» (вытворчасць РФ), распрацаваную на аснове нуклеакапсіднага (N) бялка віруса SARS-CoV-2, які мала схільны да мутацыйных змен. Гэта прышчэпка абараняе ад розных штамаў каранавіруса, якія ўжо цыркулююць або могуць з’явіцца.

— Супраць грыпу і ковіду лепш вакцынавацца адначасова або з некаторым інтэрвалам? 

— СААЗ рэкамендуе рабіць гэта адначасова. Асабліва гэта актуальна для асоб з груп рызыкі і тых, чыя дзейнасць звязана са шматлікімі кантактамі. Усе вышэйназваныя вакцыны — інактываваныя (забітыя), яны не ўтрымліваюць жывых вірусаў і не могуць выклікаць захворванні. Часам, у месцы ін’екцыі, можа назірацца пачырваненне ці нязначны боль, у некаторых пацыентаў адзначаецца павышэнне тэмпературы цела. Але ўсё гэта звычайна праходзіць за 2-3 дні і не патрабуе аказання медыцынскай дапамогі. Усе вышэйназваныя вакцыны — інактываваныя (гэта значыць забітыя), яны не ўтрымліваюць жывых вірусаў і не могуць выклікаць захворванні. 

— У якіх выпадках лепш адмовіцца ад вакцынацыі? 

— Часовыя супрацьпаказанні для яе — гэта павышаная тэмпература цела, вострыя інфекцыі, абвастрэнні хранічных захворванняў. Таксама супрацьпаказанне да ўжывання вакцын для прафілактыкі грыпу — алергія на курыны бялок, на аснове якога вырабляюцца такія вакцыны.

— Масавую кампанію вакцынацыі супраць грыпу і каранавіруснай інфекцыі плануецца завяршыць да 1 снежня. Ці змогуць прышчапіцца пазней тыя, хто не паспеў зрабіць гэта на працягу восені?

— Так, бясплатная вакцына будзе даступная і пасля 1 снежня для тых, хто не змог зрабіць прышчэпку з-за абвастрэнняў хранічных захворванняў, службовых камандзіровак і іншых аб’ектыўных абставін, а таксама для ахвотных зрабіць гэта за кошт уласных сродкаў. 

— Апроч вакцынацыі, пра што трэба памятаць у перыяд уздыму захваральнасці, каб знізіць рызыку заражэння? 

— Усе рэспіраторныя патагены перадаюцца паветрана-кропельным шляхам. Таму ў асенне-зімовы перыяд трэба пазбягаць месцаў масавага збору людзей, прытрымлівацца сацыяльнай дыстанцыі, хворым асобам — насіць маскі. Ніхто не адмяняў рэспіраторны этыкет. Пры кашлі і чханні варта закрываць рот аднаразовай сурвэткай (якую пасля гэтага адразу ўтылізуюць) або насоўкай. Пры іх адсутнасці — кашляйце і чхайце ў выгін локця. Бруднымі рукамі ні ў якім разе нельга дакранацца да слізістых абалонак вачэй, рота, носа. І вядома, для падтрымання імунітэту трэба выконваць рэжым працы і адпачынку, паўнавартасна рэгулярна харчавацца, пры неабходнасці прымаць полівітамінныя комплексы.

— Сёння нярэдка чуеш прагнозы аб тым, што наперадзе чалавецтва чакаюць новыя выклікі, эпідэміі і пандэміі. Ці рыхтуецца да іх медыцынская супольнасць?

— З 2018 года СААЗ увяла тэрмін «хвароба Х», маючы на ўвазе захворванне з магчымым эпідэмічным, пандэмічным патэнцыялам, якое пакуль што не цыркулюе ў чалавечай папуляцыі, але можа ўзнікнуць у любы час. З мэтай хуткага рэагавання на яго сёння праводзяцца даследаванні патагенаў, якія могуць уяўляць небяспеку хуткага развіцця пандэміі. Загадзя немагчыма прадказаць, як зменіцца той ці іншы вірус, тым больш ён можа цыркуляваць сярод жывёл, а потым муціраваць і набыць здольнасць перадавацца ад чалавека чалавеку.

— Кірыл Алегавіч, а як змагацца з вірусам страху перад інфекцыйнымі і віруснымі захворваннямі, які развіўся ў некаторых людзей пасля пандэміі Covid-19?

— Трэба памятаць: мы сёння забяспечаны і вакцынамі, і неабходнымі лекамі. І, вядома ж, пры першых жа сімптомах любога захворвання трэба не займацца самалячэннем, а звяртацца да спецыялістаў па кваліфікаваную меддапамогу. 

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю