Прэс-сакратар Прэзідэнта Наталля ЭЙСМАНТ на адкрыцці чэмпіянату перадала прывітанне ўдзельнікам і гасцям мерапрыемства ад кіраўніка дзяржавы. Наталля Эйсмант адзначыла, што Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падзякаваў журналістам за падтрымання традыцыі правядзення чэмпіянату па колцы дроў сярод СМІ: «Вельмі прыемна, што мы чацвёрты год запар з вамі сустракаемся тут. Дзякуй, што вы прыязджаеце, падтрымліваеце нашую традыцыю. У гімне чэмпіянату спяваецца: „Вось і восень, Прэзідэнт фарміруе новы трэнд“. Мы сапраўды ў гэтым трэндзе», — адзначыла Наталля Эйсмант.
Перад пачаткам спаборніцтваў топ-каманда, у складзе якой — міністр абароны Віктар Хрэнін, старшыня Камітэта дзяркантролю Васіль Герасімаў, міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік, старшыня Мінскага аблывыканкама Аляксей Кушнарэнка, старшыня Дзяржпагранкамітэра Канстанцін Моластаў, дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч і Наталля Эйсмант прадэманстравала публіцы сапраўдны майстар-клас. Дарэчы, прэс-сакратар Прэзідэнта — адна з першых, каму ўдалося рассякаць калодкі ўсяго з аднаго ўдару.
Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір ПЯРЦОЎ адзначыў, што праводзімае спаборніцтва — гэта і спорт, і адпачынак, і камандная работа, і карысны навык. «Сёння нам пашанцавала з надвор’ем. Але дакладна магу сказаць, што ў любое надвор’е — у дождж, у практычна нуль градусаў — заўсёды атмасфера камандная і дружная. Тут сапраўдныя аматары ўсіх пачынанняў, якія наш Прэзідэнт спрабуе заслаць у народ, і яны прыжываюцца», — сказаў Уладзімір Пярцоў.
Прадстаўнікі СМІ паспаборнічалі ў шасці дысцыплінах — у тым ліку ў колцы дроў «па-Прэзідэнцкуі», перасяканні бервяна, эстафеце і іншых. Балельшчыкам таксама не было часу сумаваць — яны збіралі драўляныя фігуры, удзельнічалі ў загрузцы дроў на сані, частаваліся гарачай ежай і чаем, назіралі за турнірам. Цудоўным падарункам для ўсіх прысутных сталі выступленні артыстаў.
Міжнародны склад удзельнікаў чэмпіянату зноў папоўніла каманда з Кітая. Шэф-карэспандэнт агенцтва «Сіньхуа» Чэнь Цін расказаў пра матывацыю каманды: «Гэтыя спаборніцтвы для нас маюць асаблівае значэнне. Мы ўдзельнічалі ў мінулым годзе месца. Тады Аляксандр Лукашэнка прадэманстраваў майстар-клас і паказаў нам сапраўднае майстэрства валодання сякерай. Гэта стала для нас вялікім стымулам». Удзел кітайскіх журналістаў падкрэслівае не толькі міжнародную цікавасць да беларускага турніру, але і дэманструе, як нефармальныя спаборніцтвы ўмацоўваюць сувязі паміж краінамі.
На пляцоўцы чэмпіянату сапраўдны камандны дух і адзінства паказала каманда Выдавецкага дома «Звязда». Асабліва ён адчуваўся ў галоўным конкурсе — эстафеце каманд. Задача перад удзельнікамі, для якіх звыкла трымаць ручку ці нейкі гаджэт у руках, стаяла даволі няпростая: спачатку распілаваць бервяно, затым насекчы дроў, распаліць вогнішча, прычым такім чынам, каб вяроўка, нацягнутая над ім, лопнула. Хтосьці хуценька падносіў шчэпкі, хтосьці дзьмуў, каб хутчэй разгаралася вогнішча... Упартая сумесная праца і, самае галоўнае, адзінства дапамагло нашай камандзе паспяхова справіцца з заданнем. Пасля напружанай барацьбы, падчас якой стук сякер суправаджаўся апладысментамі гледачоў, вызначылі наймацнейшых.
Першае месца і званне чэмпіёнаў заваявала каманда тэлекампаніі «ВаенТВ». Другое месца заняла каманда Белтэлерадыёкампаніі. Бронзу чэмпіянату заваявала каманда Ваеннага інфармацыйнага агенцтва «Ваяр». .
Вадасховішча Вяча — пляцоўка, безумоўна, цудоўная і амаль што родная для ўсіх удзельнікаў чэмпіянату. Але на наступны, юбілейны год спаборніцтваў, магчымыя некаторыя змены. Прэс-сакратар Прэзідэнта Наталля Эйсмант адзначыла, што плануецца пашырэнне маштабу. «Вы ж бачыце, наш чэмпіянат стаў адкрытым, ён шырэйшы, чым проста чэмпіянат сярод сродкаў масавай інфармацыі. У першую чаргу, кажучы пра юбілейны чэмпіянат, мы думаем пра маштаб. Пра тое, куды можна было б, магчыма, пераехаць, каб прастору было яшчэ больш, каб, калі на юбілейны чэмпіянат заявіцца ў два разы больш каманд — і нашых, і з-за мяжы, мы маглі прыняць усіх жадаючых», — расказала аб планах прэс-сакратар Прэзідэнта. Яшчэ адна задумка — падзел каманд па катэгорыях: каб прэс-службы, напрыклад, спаборнічалі з прэс-службамі, сілавы блок — паміж сабой, СМІ — сярод СМІ, і гэтак далей. Плануюць таксама здзіўляць усіх новымі фішкамі ў плане заданняў, каб было яшчэ цікавей і каб падрыхтоўка ўдзельнікаў трохі трансфарміравалася, а не ішла па накатанай. Карацей, дакладна будзе вельмі цікава!
Яна ВАЛАСАЧ
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА