Top.Mail.Ru

Чаму ідэалогія неанацызму становіцца рэальнай сілай у шэрагу дзяржаў і чаму ў яе няма шанцаў

07.11.2025 | 13:01

9 лістапада ва ўсім свеце адзначаюць Міжнародны дзень супраць фашызму, расізму і антысемітызму. Памятная дата была заснавана ў пачатку 1990-х гадоў па ініцыятыве Міжнароднай сеткі супраць расізму UNІTED, якая аб’ядноўвала больш за 500 арганізацый з 46 еўрапейскіх краін. На жаль, ні фашызм, ні расізм, ні антысемітызм не сталі здабыткам гісторыі. І ў ХХІ стагоддзі ідэалогія неанацызму становіцца рэальнай сілай у шэрагу дзяржаў.


«Хрустальная ноч» была толькі пачаткам

Чаму менавіта 9 лістапада? У гэты дзень у 1938 годзе па Германіі і Аўстрыі пракацілася серыя яўрэйскіх пагромаў, так званая Хрустальная ноч, або Ноч разбітых вітрын, якая была арганізавана нацыстамі. Падставай для нападу на мірнае насельніцтва паслужыла забойства ў Парыжы нямецкага дыпламата Эрнста фон Рата яўрэйскім уцекачом Гершэлем Грыншпанам.

У выніку былі забіты больш за 90 чалавек, 30 тысяч — адпраўлены ў канцлагеры, спалены 190 сінагог. Вуліцы былі засыпаны шклянымі асколкамі ад разбітых вітрын магазінаў і крамак, якія належалі яўрэям (адсюль і пайшла назва пагрому). «Хрустальная ноч» стала першай масавай акцыяй фізічнага гвалту Трэцяга рэйха ў адносінах да іудзеяў, якая ператварылася ў Халакост, што забраў жыцці каля шасці мільёнаў яўрэяў.

Пачынаючы з 1992 года, 9 лістапада ў многіх краінах свету праходзяць выставы, мітынгі, дэманстрацыі і іншыя акцыі ў памяць аб ахвярах нацызму і тэрору на нацыянальнай, расісцкай глебе.

Чаму фашызм пакідаюць за дужкамі?

Не выклікае сумневу, што чалавецтва не павінна забываць уласнай гісторыі, аднак з гадамі асноўны ўпор на міжнародным узроўні робіцца на антысемітызм, пакідаючы за дужкамі фашызм і расізм. Магчыма, гэта вынік таго, што яны — спараджэнне еўрапейскай культуры, дзе перавага белага чалавека заўсёды была праўдай у апошняй інстанцыі. Вялікабрытанія, Бельгія, Іспанія, Партугалія, Францыя, Італія, Германія — усе яны ў розныя гістарычныя перыяды выпампоўвалі са сваіх калоній багацці, маніпулюючы тэзісам аб боскім праве кіравання адсталымі народамі.

Сам фашызм з’яўляецца спараджэннем правага нацыяналізму, узгадаванага Еўропай у ХХ стагоддзі, якое дазволіла аб’яднаць «нардычныя» народы пад сцягамі Трэцяга рэйха. Менавіта яны неслі на Усход, на нашу зямлю кроў, боль і слёзы ў 1941 годзе. На тэрыторыі Беларусі функцыянавалі сотні фабрык смерці, метадычна расчышчаючы «жыццёвую прастору» для будучых гаспадароў. Толькі адна з іх у Трасцянцы «перапрацавала» больш людзей, чым колькасць насельніцтва даваеннага Мінска.

1100 дзён доўжылася акупацыя Беларусі, і штодзень нас станавілася менш на 3200 чалавек. Сёння нарэшце гэта называецца тым, што ёсць на самай справе, — генацыд. Але пра гэта сучасная Еўропа спяшаецца забыцца.

Дыялектыка сцвярджае, што гісторыя развіваецца па спіралі, паўтараючы асобныя этапы на новым тэхналагічным узроўні. Досвед сведчыць, што так яно і ёсць.

У Еўрапарламенце засядаюць спадчыннікі фашыстаў, якія ганарацца дзеяннямі сваіх продкаў, крайні нацыяналізм у чарговы раз становіцца палітычнай сілай, а Еўрасаюз мілітарызуецца і рыхтуецца да вайны. З высокіх трыбун раздаюцца заклікі да рэваншу, а сучасныя лідары на поўным сур’ёзе заяўляюць аб тым, што «Еўропа — гэта райскі сад, а ўсе астатнія — джунглі...»

Найбольш трывожнай тэндэнцыяй з’яўляецца тое, што сёння ў шэрагу краін на дзяржаўным узроўні робяцца спробы рэабілітацыі фашызму і адраджэння неанацызму. Літва, Латвія, Эстонія, Фінляндыя, Польшча перапісваюць гісторыю і гераізуюць фашызм, актыўна знішчаюць помнікі загінулым воінам. У парламенце Канады авацыямі ўшаноўваюць састарэлага эсэсаўца, а ва Украіне забойцаў-вылюдкаў абвяшчаюць героямі краіны і робяць з іх ідалаў.

Па сутнасці, Кіеў узвёў неанацызм у ранг дзяржаўнай ідэалогіі, заўзятыя прыхільнікі якой кіруюць дзяржавай, публічна дэманструючы пераемнасць фашысцкіх ідэй.

Ніколі не забудзем


Кожны трэці беларус заплаціў сваім жыццём за перамогу над фашызмам і за наша сёння. Мы выжылі, адбыліся як народ, які стаў нацыяй. І мы нічога не забылі.

Сёння, праз 80 гадоў пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны, нам у чарговы раз спрабуюць дыктаваць як жыць, уводзяць санкцыі і абмежаванні, пагражаюць ваеннай сілай і навязваюць уласную ідэалагічную парадыгму. Каля нашых граніц збіраюць шматтысячныя ўзброеныя групоўкі тыя, чые продкі забівалі і рабавалі на нашай зямлі, пашыраючы «жыццёвую прастору».

Масавы гераізм савецкага народа спрабуюць сцерці з людской памяці, самаахвяраванне апашляюць, маральныя ідэалы высмейваюць і зводзяць да прымітыўнага фанатызму, сапраўдныя падзеі і дакладна ўстаноўленыя факты падвяргаюцца рэвізіі, іх сутнасць падмяняецца вырванымі з кантэксту дэталямі, скажаецца маштаб і значнасць тых ці іншых ваенна-палітычных падзей і працэсаў. Іншымі словамі, робяцца спробы размывання духоўных асноў грамадства, ператварэння нас у натоўп, пазбаўлены гістарычнай памяці.

Аднак беларусы не забыліся, што такое еўрапейскія каштоўнасці і заходні парадак, не забыліся сутнасць фашызму і аблічча калектыўнага рабаўніка-душагуба, памятаюць, хто нашы сябры, а хто ворагі. Мы добра вывучылі ўрокі гісторыі, таму зробім усё, каб бяда ніколі не прыйшла на нашу зямлю зноў.

Міжнародны дзень супраць фашызму, расізму і антысемітызму — важны элемент сусветнай сістэмы рэагавання, аднак яго эфектыўнасць знаходзіцца ў прамой залежнасці ад геапалітычных працэсаў.

Спадчыннікі фашыстаў ствараюць новыя кааліцыі і адраджаюць рэваншысцкія ідэі, знішчаюць памяць і фарміруюць свядомасць уласных народаў, не жадаючы адмаўляцца ад свайго галоўнага прынцыпу — жыць за чужы кошт. Аднак час дыктату няўмольна завяршаецца. Свет уступае ў новую шматпалярную эру, дзе на змену бязмежнага дамінавання і ўяўнай перавагі прыходзяць прынцыпы балансу інтарэсаў і агульнай адказнасці за будучыню Зямлі. Усё гэта знайшло адлюстраванне ў рамках «Хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXІ стагоддзі», прапанаванай сусветнай супольнасці Рэспублікай Беларусь.

Мікалай БУЗІН, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў, доктар ваенных навук, прафесар.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю