Ці ж гэта не перамога?! Незалежна ад таго, як размеркаваліся ўзнагароды сярод удзельнікаў нацыянальнага конкурсу, гэта дакладна асабістая перамога для Уладзіслава Белавуса, вучня 11-га класа Жамчужненскай сярэдняй школы. А з’яўленне юнага рэжысёра на кінафестывалі, дзе ўсё сур’ёзна і па-даросламу, — фактычна сенсацыя. Праўда, сярод кінарэжысёраў вядомыя вундэркінды, якія пачыналі вельмі рана. І насамрэч гэта тое мастацтва, якім лёгка захапіцца ў дзяцінстве — кінагледачом можна быць з малых гадоў, але пачаць здымаць — зусім іншае, тут патрэбна мэтанакіраванасць.
А адважыцца прадставіць свой фільм на фестывальны конкурс — неабходны яшчэ і характар. І вось: Уладзіслаў Белавус у шэрагах удзельнікаў, а ў зале кінатэатра «Піянер» адбылася прэм’ера на вялікім экране яго фільма «Гучыць як каханне».
Як вызначае сам стваральнік: «Гэта аўтарскі кароткаметражны фільм, які быў зняты ўсяго за адзін дзень сваімі сіламі і без бюджэту». Насамрэч гэта 21 хвіліна юнацкай абаяльнасці, захаплення, зачараванасці жыццём, у якім наперадзе столькі магчымасцяў і адкрыццяў. Тым не менш за кароткі тэрмін мы становімся сведкамі гісторыі, дзе ёсць ён, яны і яна. Гэта гісторыя першых у жыцці спроб творчасці і пачуццяў, якія зараджаюцца на вуліцах Гродна, куды прыязджае падлетак з Мінска. Знаходзіць там сяброў — маладых музыкаў, якія спяваюць на вуліцах. «Каб знаходзіць прыхільніц» — жарт, які ўвасабляецца ў вобразе рэальнай дзяўчыны. І такое адчуванне, што ты сам у гэты момант на тых вуліцах, назіраеш за імі, усміхаешся зачараванасці юнацтва...
Дапамагалі аўтару такія ж, як ён, маладыя артысты — удзельнікі рэальнага гурта «Гэта Вова», які вядомы цік-токерам. А на ажыццяўленне ідэі спатрэбілася ўсяго два з паловай месяцы...
— У нас летам быў толькі адзін дзень на здымкі, калі атрымлівалася ва ўсіх трох хлопцаў, дзяўчыны і ў мяне. Такім чынам было 13 гадзін здымкаў без перапынку, — распавёў Уладзіслаў. Калі вельмі хочацца рабіць кіно, то знойдзеш на гэта магчымасць, дзе б ні жыў.
Ён прызнаецца: так ці інакш, усё свядомае жыццё рабіў нешта, звязанае з відэа. Спачатку браў стары тэлефон і здымаў на яго. Шмат разоў хлопца запрашалі здымаць розныя мерапрыемствы — у школе і не толькі. А ў 13 гадоў узяў камеру, пачаў здымаць на вертыкальныя платформы — у яго кінематаграфічных відэа больш за 125 тысяч аўдыторыі. Гэта да таго, што фільм ужо нават не першы.
Хто з рэжысёраў для яго прыклад у кіно?.. Уладзіслаў у такім узросце, калі пра аўтарытэты не надта задумваюцца. Але прызнаўся, што яму падабаецца Крыстафер Нолан (які, дарэчы, пачаў здымаць у юным узросце, і яго апантанасць кіно прывяла да «Оскара»).
Як і з чаго пачалося яго захапленне кіно, Уладзіслаў нават згадаць не можа, здаецца, яно з ім было колькі сябе памятае. Пры тым, што бацькі маладога чалавека далёкія ад творчай сферы, мама з’яўляецца гаспадыняй крамы, а тата кіроўца. Прадстаўляць фільм у межах «Лістапада» Уладзіслаў прыехаў з сябрамі — ёсць тыя, хто яго падтрымлівае, а ён на іх спадзяецца як на будучых удзельнікаў кіназдымкаў. Таму што ўжо ўзімку плануе ствараць новы фільм. Сам гэты працэс яго, відавочна, захапляе найбольш, таму ён пакуль не вызначыўся, куды паступаць пасля 11-га класа. Але дакладна разумее: ён хоча вучыцца здымаць кіно прафесійна. Няўжо беларускі унікум?!. Адкрыццё фестывалю — дакладна.
Ларыса ЦІМОШЫК