«Год быў складаны. А спрацавалі значна лепш, чым у папярэднія»
Кіраўнік дзяржавы падзяліўся высновамі, зыходзячы з якіх далей будзе будавацца палітыка на вёсцы.
Перш за ўсё Прэзідэнт параіў перастаць галасіць і плакацца, што ў нас на вёсцы не хапае людзей. «Усяго ў нас хапае, і пра гэта сведчыць цяперашні год. Год быў вельмі цяжкі. Я ў сваім жыцці не магу згадаць такога складанага і напружанага перыяду, які быў сёлета ў дачыненні да вёскі, сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці», — сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што аграрыі самі выдатна ведаюць усе складанасці гэтага года, паколькі жылі ў іх. «І вы, і я прыйшлі да адзінага меркавання: год быў вельмі цяжкі. І што? У гэтым годзе, нягледзячы на маю патрабавальнасць і прыдзірлівасць такую сялянскую, я заўважыў (мы гэта бачым усе), што вы спрацавалі значна лепш, чым у ранейшыя гады. Значна лепш, нягледзячы на тое, што адбывалася навокал. А адбывалася тое, што абсалютна аб’ектыўна не залежыць ад нас. Як быццам Гасподзь нас правяраў, сур’ёзна выпрабоўваў. І што? Мы паказалі выдатныя вынікі. Пра гэта ўжо сёння можна гаварыць. Можа, я перабольшваю, не выдатныя зусім вынікі, а лепшыя чым калі-небудзь», — падкрэсліў Прэзідэнт і патлумачыў, чаму так атрымалася. «Таму што калі мы хочам, то ў нас і людзей хапае, і тэхнікі хапае, і дысцыпліны, і парадку», — адзначыў ён.
Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што ў асобных выпадках ёсць недапушчальныя рэчы, вельмі негатыўныя. «Але калі мы збіраемся, мы можам усё. Таму трэба перастаць стагнаць, што ў нас у сельскай гаспадарцы шмат праблем. У нас усюды шмат праблем, і кожны дзень мы павінны быць да гэтага гатовыя, нам гэтыя праблемы будуць падкідваць», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу, што ўнутраныя праблемы мы можам вырашыць самі, але вырашэнне некаторых знешніх праблем ад нас не залежыць. «Таму перастаём плакацца — пачынаем працаваць», — настойвае кіраўнік дзяржавы.
Другая выснова вынікае з першай. Паколькі работа кожнага перыяду ацэньваецца адносна дасягнутага ў папярэдні перыяд, Прэзідэнт паставіў задачу эканамістам і кіраўнікам аграрнай галіны — паказчыкі 2025 года павінны стаць крытэрыем для ацэнкі будучых перыядаў. «Для мяне будзе важна, што вы дасягнулі паказчыкаў узроўню гэтага года. Таму што ён быў самым высокім па дадзеных паказчыках, — даручыў Прэзідэнт. — Самае галоўнае, мы ж не тэарэтычна дасягнулі тых паказчыкаў, а на практыцы. Дык чаму не параўноўваць нам з гэтым годам? Таму вось мы з вамі на піку дасягнулі гэтага ўзроўню і далей будзем супастаўляць, ацэньваць самі сябе і перш за ўсё сельскую гаспадарку з узроўнем гэтага года».

«У бітве за ўраджай змагаліся плячо ў плячо»
«Паміж словам „хлеб“ і словам „жыццё“ можна смела ставіць знак роўнасці. Таму беларусы заўсёды лічылі (і лічаць да гэтага часу) нялёгкую сялянскую працу самай важнай і святой на зямлі», — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што за гады незалежнасці нам удалося стварыць магутны і высокаэфектыўны аграрна-прамысловы комплекс. І прывёў лічбы. На палях працуе 212 тысяч — амаль чвэрць мільёна — айчынных сельгасмашын, малако вырабляюць амаль 3 тысячы ферм і малочнатаварных комплексаў. У нас 38 буйных птушкафабрык, 18 рыбгасаў, 94 свінакомплексы, 64 буйныя комплексы па вытворчасці ялавічыны. Мы здабываем калій і вырабляем комплексныя ўгнаенні, ствараем ветпрэпараты, камбікармы і прэміксы. Але ёсць над чым працаваць, зрабіў акцэнт кіраўнік дзяржавы.
«Агульнарэспубліканскі каравай гэтага года з улікам рапсу і кукурузы ў бункернай вазе будзе больш за 11 мільёнаў тон збожжавых і зернебабовых, — звярнуў увагу беларускі лідар. — І гэта ў найцяжэйшых умовах надвор’я. Мы выстаялі. У гэтай бітве за ўраджай змагаліся плячо ў плячо: адпраўлялі на палі зводныя атрады з суседніх рэгіёнаў, прыцягвалі вайскоўцаў і супрацоўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, усіх неабыякавых людзей».
«Тона малака — на кожнага чалавека»
Як канстатаваў кіраўнік дзяржавы, ёсць гаспадаркі-рэкардсмены з ураджайнасцю больш за 100 цэнтнераў з гектара, 25 раёнаў Беларусі забяспечылі валавы збор збожжа больш за 100 тысяч тон. 3106 экіпажаў камбайнераў намалацілі звыш 1000 тон збожжа.
«Як я сказаў, былі і сапраўдныя чэмпіёны, — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. — На рэспубліканскім п’едэстале пашаны — адзін „залаты“ экіпаж, які намалаціў больш за 8 тысяч тон (я помню, працаваў, 4 тысяч тон у гаспадарцы — мара была, а тут адзін чалавек намалаціў два ўраджаі буйной гаспадаркі, якой я калісьці кіраваў), 7 „сярэбраных“ з вынікам больш за 5 тысяч тон, 9 „бронзавых“, у бункеры якіх больш за 4 тысячы тон. Героі жніва — сёння ў зале сярод узнагароджаных».
Але, як нагадаў Прэзідэнт, патрэбен не толькі хлеб, але і нешта да хлеба. «Нарыхтаваны харчовае і фуражнае зерне, травяныя кармы, — канкрэтызаваў ён. — Таму атрымаем годны вынік (павінны атрымаць) і ў жывёлагадоўлі, калі скароцім перш за ўсё падзеж жывёлы. Скароцім!»
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, да канца года Беларусь вырабіць больш за 9 мільёнаў тон малака. «Гэта амаль 1000 літраў (у 2024 годзе было 958 літраў) на аднаго жыхара, — акцэнтаваў увагу ён. — Каласальная лічба! Тона малака — на кожнага чалавека. Каля 70 гаспадарак перасягнуць прадукцыйнасць дойнага статка за 10 тысяч кілаграмаў ад каровы. 10 тон ад каровы! 70 гаспадарак. А 5 гаспадарак надояць звыш 13 тысяч кілаграмаў (13 тон) на галаву. Значыць, наперадзе — новыя малочныя вяршыні. Прырастаем па мясе і птушцы».

Прэзідэнт праінфармаваў, што вяскоўцы сабралі больш за 5 мільёнаў тон цукровых буракоў, каля 900 тысяч тон бульбы, каля 600 тысяч тон агародніны. «Урад абяцае, што будзем варыць баршчы з беларускіх недарагіх і смачных буракоў, цыбулі, капусты, — канстатаваў беларускі лідар. — Усім павінна хапіць. І хапае даўно, толькі трэба распарадзіцца гэтым як належыць».
Характэрна, па словах кіраўніка дзяржавы, што на лідарскія пазіцыі, асабліва па агародніне, бульбе, садавіне і ягадах, не першы год выходзяць нашы фермеры, а не толькі буйныя сельскагаспадарчыя кааператывы. У гэтай сувязі Аляксандр Лукашэнка нагадаў раённым, абласным уладам, што на сяле ўсе працуюць на адным полі. Па яго словах, добрага вытворцу трэба падтрымліваць: незалежна ад таго, фермер ён ці работнік дзяржаўнага кааператыўнага прадпрыемства.
«Па выніках новай пяцігодкі пастараемся выйсці і на 12 мільярдаў даходаў»
Прэзідэнт канстатаваў: калі становіцца больш якаснай сыравіны, расце і перапрацоўка. Ён падкрэсліў, што ў Беларусі пачалі вырабляць больш прадуктаў: натуральных, якасных. Прычым іх любяць не толькі нашы браты-расіяне, а і ў 113 краінах свету, куды пастаўляецца наша харчовая прадукцыя.
«Па выніках 2025 года ад экспарту прадуктаў харчавання і сельгассыравіны чакаем рэкордныя больш як 9 мільярдаў долараў (калісьці, учора, марылі аб 7 мільярдах), — праінфармаваў кіраўнік дзяржавы. — Гэта значыць, мы прадалі на 9 мільярдаў долараў прадуктаў харчавання. Ці можам больш? Можам і павінны. Наша задача ў наступным годзе — выйсці на 9,5 (мільярда долараў. — „Зв“). Дай бог, як я сказаў, добра, калі вытрымаем гэты ўзровень у раслінаводстве. У жывёлагадоўлі трэба імкнуцца. А па выніках новай пяцігодкі пастараемся выйсці і на 12 мільярдаў даходаў».
Пры гэтым санкцыйны ціск не слабее. «Дзякуй богу, мне ўдалося ўсё-такі вас адвярнуць ад гэтых санкцый і не плакацца з прычыны і без прычыны, што ў нас санкцыі, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Ну, санкцыі, так. Канкурэнцыя, нікуды не дзенемся. Як бы мы ні спрабавалі дамовіцца з нашымі суседзямі і буйнымі гульцамі ў свеце, усё роўна нас будуць душыць, Расію, Кітай і гэтак далей. За што? Бо мы жывём сваім розумам, атрымліваем усё больш і больш, а гэта канкурэнцыя на сусветных рынках».

У сувязі з гэтым Прэзідэнт прывёў канкрэтны прыклад. «Палякі і Еўрасаюз ну так ужо „падтрымліваюць“ Украіну: мільярды еўра трацяць на тое, каб боепрыпасы і іншае пастаўляць ва Украіну, — канкрэтызаваў ён. — Каб украінцы забівалі ўкраінцаў, або славяне забівалі славян, каб больш загінула ўкраінцаў. Ну, малайцы, так падтрымліваюць, так заклапочаны тым, каб мы з Расіяй не напалі на Польшчу і на суседнія дзяржавы... Добра, падтрымлівайце ўкраінцаў перш за ўсё ў іх паўсядзённым жыцці. Калі ўкраінцы пасмелі сваё збожжа ў мінулым і гэтым годзе перавезці цераз Польшчу ў порт (Гданьск там і гэтак далей, польскія порты, каб іх загрузіць, бо ўсё не вывезеш праз Адэсу — там вайна ідзе), што адбылося? Палякі сцяной сталі на граніцы і не пусцілі ўкраінскае збожжа. Проста правезці ў порт, каб яны маглі ў Афрыку або іншыя краіны на рынак паставіць. Вось і ўсё. Вось вам канкурэнцыя, у што яна выліваецца».
Таму Беларусь, па словах кіраўніка дзяржавы, душылі і будуць душыць. «Пакуль мы не ляжам, не распластаемся, як нашы балтыйскія суседзі, пакуль не знішчым сваю эканоміку, вось тады мы будзем для іх сябрамі, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Бо мы для іх будзем звычайным рынкам, які будзе купляць, спажываць сам і на ўсю Расію і далей пастаўляць. Яны нам будуць везці ўсё: і камбайны, якія мы сёння вырабляем, і трактары. У іх гэта ўсё ёсць. Ім патрэбен рынак. Таму ў аснове — канкурэнцыя. Гэта нядрэнная справа — канкурэнцыя. Але яна становіцца ўжо з ружжом у руках. Гэта дрэнна».
Прэзідэнт папярэдзіў аграрыяў, што давядзецца напружвацца, селекцыянаваць новыя пароды і культуры, развіваць тэхналогіі, шукаць магчымасці і рынкі. Беларускі лідар настройвае больш актыўна працаваць на рынках. Тым больш, па яго словах, прадукты харчавання сёння ў цане.

«Працаваць мы ўмеем. Усё астатняе — у нашых руках»
Перш чым перайсці да ўзнагароджвання, Аляксандр Лукашэнка павіншаваў удзельнікаў цырымоніі і ўсіх аграрыяў краіны з надыходзячым святам — Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. Прэзідэнт пажадаў ім моцнага здароўя, новых працоўных поспехаў: высокіх надояў, прыбаўленняў у вазе, шчодрых усходаў.
«Я жадаю вам добрага настрою ў вашых сем’ях, каб пасля цяжкага працоўнага дня вы маглі з задавальненнем вяртацца дахаты, — дадаў ён. — Каб вас сустракала каханая жонка, дзяўчына, жанчына і вашы здаровыя дзеці. Гэта галоўнае. Працаваць мы ўмеем, як я сказаў. Усё астатняе — у нашых руках. Будзем здаровы — мы зробім усё».
Акрамя таго, Прэзідэнт пажадаў аграрыям добрага надвор’я — на працы і дома. «Цярпення вам і няхай нараджаюцца дзеткі — новыя пакаленні беларускіх вяскоўцаў, беларускіх аграрыяў», — сказаў беларускі лідар і заўважыў, што няма больш каштоўнай і больш цікавай работы, чым у сельскай гаспадарцы.
Згадваючы свой працоўны шлях, кіраўнік дзяржавы нагадаў, што даводзілася і кароў даіць, займацца іншымі сельскагаспадарчымі работамі, і гэта не перашкодзіла яму стаць Прэзідэнтам.
«Мне сніцца заўсёды вёска, мне сніцца заўсёды мая работа ў сельскай гаспадарцы, — падзяліўся Аляксандр Лукашэнка. — Не рвіцеся ў гарады: вы там не прыжывецеся, як не прыжыўся я. Цаніце гэты час. І памятайце, так па-сялянску: мы нідзе нікому не патрэбныя. Нідзе. І сёння час такі: калі ты сам прабіўся, калі ты будзеш напружвацца, Гасподзь табе дапаможа, і ты абавязкова дасягнеш таго, чаго хочаш. Калі будзеш хадзіць, апусціўшы рукі, ты ў гэтым жыцці нічога не даб’ешся. Будзеш хадзіць і плакацца: «Гэта ўлада не дала, агарод не пасеяла, не пакасіла прысядзібны ўчастак, хмызнякі не прыбрала, дроў не накалола...»
Прэзідэнт адзначыў: нягледзячы на тое, што ў нас сацыяльная дзяржава, усім дапамагчы нельга і не трэба, бо гэта спараджае ўтрыманства. «Нашы людзі павінны быць такімі, як вы тут прысутныя, паколькі дзяржаўныя ўзнагароды проста так нікому не даюцца, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Трэба намалаціць 4, 5, 8 тысяч тон збожжа для таго, каб быць у пашане. І ведайце: вамі краіна ганарыцца. І я перш за ўсё, паколькі вы бачыце, колькі я ўвагі ўдзяляю вёсцы, сельскай гаспадарцы. Ганаруся тым, што вы даяце нам гэту аддачу. Я магу сказаць у любым горадзе аб тым, што вы — малайцы, вы — героі. Мы ўдзяляем столькі ўвагі і трацім немалыя рэсурсы для таго, каб вы былі такімі».
На заканчэнне Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што не аднойчы будзе рады бачыць узнагароджаных у Палацы Незалежнасці для таго, каб уручыць чарговыя дзяржаўныя ўзнагароды і проста пагаварыць з людзьмі, якія штодзённа дбаюць пра харчовую бяспеку краіны.
Даслоўна
«Будзеш працаваць — будзеш жыць у дастатку»
Ордэн Пашаны з рук кіраўніка дзяржавы атрымаў трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці камунальнага ўнітарнага вытворчага сельскагаспадарчага прадпрыемства «Каханавічы» Верхнядзвінскага раёна Васіль МАРОЗ. 39 гадоў ён адпрацаваў у гаспадарцы механізатарам, 30 з іх — на кормаўборачным камбайне. Усяго месяц таму выйшаў на пенсію. Прызнаецца, што не выключае таго, што зноў вернецца да любімай справы.
«Сам я з вёскі, як і мае бацькі, — расказвае Васіль Мароз. — Бацька ўсё жыццё працаваў на трактары, маці — ветурачом. Я пайшоў па іх шляху».
Механізатару ёсць з чым параўноўваць: тэхніка, на якой працаваў раней, і якая цяпер, — неба і зямля. «Калі не будзеш глядзець за трактарам, камбайнам, любіць тэхніку, яна не будзе працаваць, — гаворыць Васіль Мароз. — Тэхніка ідзе наперад. Стала лягчэй працаваць. Умовы не такія, якія былі раней. Дзяржава дапамагае. Калі ёсць на чым працаваць, і прадукцыя будзе».
Аператар па штучным асемяненні жывёл і птушкі ААТ «Таргуны» Докшыцкага раёна Васіль ВАРАНКОВІЧ узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі». Прызнаецца, што навіна аб прысуджэнні яму такой высокай узнагароды была нечаканай. У гаспадарцы Васіль Варанковіч працуе 47-ы год. Лічыць, што дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. Тым больш, было з каго браць прыклад: працягнуў дынастыю жывёлаводаў.
«Працаваць у сельскай гаспадарцы няпроста, часам нават цяжка, — заўважае ён. — Ёсць і ўласная гаспадарка: трэба рана ўстаць, пакарміць жывёлу, каб своечасова прыйсці на працу. А там — свае задачы. За час, які я працую, відавочны прагрэс у сельскай гаспадарцы. Калі я пачынаў, малочнатаварныя комплексы толькі пачалі будавацца. Цяпер жывёлы знаходзяцца ў сучасных комплексах, добрыя ўмовы створаны для супрацоўнікаў. Адчуваецца павага да цябе, даярак, іншых рабочых. Не памяняў бы маю працу ні на якую іншую. Прыемна, што нас падтрымліваюць на самым высокім узроўні, удзячны, што мы цяпер так працуем: усе ўмовы створаны — толькі працуй. А будзеш працаваць — будзеш жыць у дастатку».
Сярод тых, каму аб’яўлена Падзяка Прэзідэнта, — жывёлавод унітарнага камунальнага сельскагаспадарчага прадпрыемства «Рыдамальскі» Талачынскага раёна Наталля РОГАВА. На працягу 20 гадоў жанчына даглядае цялят, у калгасе працуе з 1994 года.
Прызнаецца, праца няпростая, але вельмі адказная і ўдзячная. «У пяць гадзін раніцы я ўжо на комплексе, — расказвае яна. — Напаіць, падсцяліць, пакарміць — вось мае асноўныя клопаты. Прыемна назіраць, як цяляты растуць. Прывязуць маленькага шпінгалеціка ў 25 кілаграмаў, здаецца, калі ён вырасце. Але мінае месяцы два, і які прыгажун атрымліваецца. Перажываю, як за дзяцей».
Наталля Рогава расказвае, што ўвага да працаўнікоў сяла адчуваецца. «Нам дырэктар купіў такое „таксі“, цяпер не флягамі носім малако, а шмат наліваем, загружаем — і наперад да цялятак, — прыводзіць прыклад жанчына. — Лепш, чым на тачках, як раней было. Дырэктар кожны дзень у нас: цікавіцца, колькі цялят нарадзілася, у якіх умовах яны ўтрымліваюцца. Усё вельмі строга: галоўнае — не дапусціць падзяжу. Нарадзілася цялятка, на працягу гадзіны яго выпойваюць малодзівам, размяшчаюць у цёплых хатках. Усё гэта стымулюецца ў грашовым плане».
Вераніка КАНЮТА, Валерыя СЦЯЦКО
Фота БелТА