Top.Mail.Ru

У сталіцы праходзіць Міжнародная спецыялізаваная аптовая выстаўка-кірмаш PRODEXPO-2025

Яна чакае гасцей у Мінскім міжнародным выставачным цэнтры, дзе будзе праходзіць да 14 лістапада. Сёлета акрамя беларускіх прадпрыемстваў свае дасягненні, тэхналогіі і навінкі вытворчасці прадэманструюць удзельнікі з Расіі, Азербайджана, Арменіі, В’етнама, Індыі, Турцыі. Адбудуцца В2В-перагаворы з прадстаўнікамі гандлёвых сетак Беларусі і Расіі, замежнымі дэлегацыямі. На ўзроўні пасольскіх дэлегацый PRODEXPO наведаюць госці з 27 дзяржаў. 


Як заявіў намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Юрый ШУЛЕЙКА на цырымоніі адкрыцця, арыенцірам для экспарту харчовай прадукцыі застаецца Расія, аднак трэба ісці ў афрыканскі і азіяцкі рэгіёны. 

— Туды, дзе наша прадукцыя яшчэ не вядомая, але яна мае месца быць. Для краіны важна пастаўляць 60–70 % сваёй прадукцыі на экспарт, — падкрэсліў віцэ-прэм’ер. — Праводзячы кожны год такую выстаўку, ставіцца за мэту максімальна паказаць рэсурс краіны і запрасіць партнёраў з іншых краін, якія таксама хочуць прадэманстраваць свае поспехі ў галіне. Усё, што робіцца ў Беларусі па развіцці экспартнага патэнцыялу, вельмі значна для эканомікі. Сёлета чакаем рэкордных 9 млрд долараў экспарту харчавання, прычым штогод дадаём па 500 мільёнаў. Гэта наша дабаўленая вартасць, наша ўменне працаваць з тэхналогіямі, уменне прадаваць. 



Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Аляксандр ЯКАЎЧЫЦ адзначыў, што на выстаўцы 150 экспанентаў з сямі краін свету. 

— У гэтым годзе актыўна ўдзельнічаюць нашы калегі з Арменіі і Азербайджана. Працуюць вытворцы з В’етнама, Індыі, Турцыі. Шмат нашых калег з Расійскай Федэрацыі. Прадстаўлены шэраг дэлегацый на высокім узроўні з 11 рэгіёнаў Расіі. Таму выстаўка традыцыйна мае поспех І не страціла сваёй актуальнасці.



Уражваюць і дасягненні ў галіне 

— За дзевяць месяцаў мы перапрацавалі малака з тэмпам росту да мінулага года 105,9 %. Прычым апераджальнымі тэмпамі забяспечылі вытворчасць цэльнамалочнай прадукцыі, сыроў — 110 % і 108 % адпаведна. Забяспечылі прырост аб’ёмаў перапрацоўкі мяса. Прычым у гэтай галіне сыходзім у глыбокую перапрацоўку, павышаючы дабаўленую вартасць. Робім акцэнт на каўбасных вырабах, забяспечыўшы рост вытворчасці на 6 % у параўнанні з дзевяццю месяцамі мінулага года. Таму па ўсіх галінах сістэмна крок за крокам прырастаем. Ганарымся , што сёння нашы прадукты харчавання прадаюцца ў 115 краінах свету. Не спыняемся на дасягнутым. Ёсць задачы кіраўніка дзяржавы па больш глыбокім выхадзе ў краіны далёкай дугі, уключаючы Афрыку, КНР, — падзяліўся Аляксандр Якаўчыц.



Гасцей выстаўкі чакае насычаная дзелавая праграма. Яна напоўнена актуальнымі тэмамі развіцця харчовага рынку, экспертнымі дыскусіямі паміж спецыялістамі галіны. Пройдуць Міжнародны чэмпіянат кандытарскага мастацтва — 2025, Міжнародны конкурс на найлепшае пакаванне «СмакАрт-2025», Міжнародны сімпозіум хлебапёкаў. Будуць прадэманстраваны конкурсныя работы кулінарнага майстэрства. У першы дзень запланавана прэзентацыя саюзнай калабарацыі «Клёцкі з душамі» з удзелам народнага артыста Расіі Эдгарда Запашнага, які правядзе і аўтограф-сесію. У другі дзень выстаўку наведае ганаровы госць шэф-кухар Канстанцін Іўлеў, які з прадстаўнікамі рэгіёнаў раскрые каштоўнасць агульнай кулінарнай спадчыны.

Акрамя таго, пройдзе Міжнародны дэгустацыйны конкурс якасці харчовай прадукцыі «Прадэкспа. Традыцыі. Якасць. Інавацыі». Конкурс праводзіцца па такіх кірунках, як хлебабулачныя вырабы, мясная і малочная прадукцыя, бульбапрадукты і кандытарскія вырабы. Штогод у ім бяруць удзел каля 100 айчынных і замежных вытворцаў. З 2020 года Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні выступае яго суарганізатарам. Дэгустацыя праводзіцца ў закрытым фармаце: узоры прадукцыі шыфруюцца і абязлічваюцца.



А вось наведвальнікі выстаўкі могуць прадэгуставаць усе навінкі вытворцаў. Гэта і шматлікія віды сыроў, у тым ліку новыя — напрыклад, са смакам грыбоў і каштану. Паласавацца цукеркамі і іншымі прысмакамі, у прыватнасці, халвой са смакам цыбулі і шкварак ці зефірам са смакам мандарыну, чарэшні і ірландскага крэму, вафлямі з сухім малаком. Знойдуць для сябе карысныя навінкі і аматары здаровага харчавання, адна з іх — распрацоўка беларускіх навукоўцаў — нектары з утрыманнем пекціну і таматны сок прамога адціскання з фермерскіх памідораў, вырашчаных у адкрытым грунце. Каўбасы ж прадстаўлены на любы густ. Адным словам, вытворцы харчавання любяць і ўмеюць здзіўляць. Наведвайце і смакуйце!

Алена КРАВЕЦ.
Фота Лізаветы ГОЛАД.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю