Top.Mail.Ru

Кожная ідэя павінна прыносіць рэальны плён і быць накіраванай у будучыню

ІІ Форум грамадзянскіх ініцыятыў у чарговы раз даказаў, што на Гомельшчыне кіпіць асаблівае, стваральнае жыццё, а яго рытм задае жывая энергія тысяч людзей, чые ідэі мяняюць да лепшага жыццё ў рэгіёне. Прадстаўнікі ўлады, грамадскія актывісты і госці з Расіі аб’ядналіся, каб абмяняцца вопытам і даць старт новым праектам.

Курс на сумеснае развіццё

«Ініцыятыўныя, неабыякавыя і мэтанакіраваныя грамадзяне робяць бясцэнны ўнёсак у рэалізацыю агульнай мэты — развіццё інфраструктуры і стварэнне камфортных умоў для кожнага чалавека. Форум грамадзянскіх ініцыятыў — гэта ўнікальная дыялогавая пляцоўка, якая дазваляе абмяняцца вопытам, усебакова абмеркаваць перспектыўныя праекты па добраўпарадкаванні гарадоў і сельскіх населеных пунктаў, падтрымаць ініцыятывы, накіраваныя на ўстойлівае развіццё рэгіёнаў нашай краіны», — словы прывітальнага адрасу ўдзельнікам форуму ад Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай агучыла сенатар, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч.

«У вобласці ўкаранілі новы фармат распрацоўкі і рэалізацыі лакальных ініцыятыў: адукацыйны курс „Школа рэгіянальнага развіцця“ для прадстаўнікоў мясцовых Саветаў дэпутатаў, органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання і актыўных жыхароў. Пакуль ён адзіны ў краіне. Наш рэгіянальны форум прырастае новымі ўдзельнікамі і фактычна набывае статус міжнароднага», — падкрэсліла Кацярына Зенкевіч.

Як адзначыў на пленарным пасяджэнні форуму намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў, на рэалізацыю ідэй у наступным годзе будзе павялічана доля дзяржаўнай падтрымкі яшчэ на 250 тысяч рублёў і ў цэлым складзе 750 тысяч рублёў.

— А гэта значыць, што вынікі будуць яшчэ больш уражваць, — зазначыў намеснік кіраўніка рэгіёна.

Праекты міжнароднага маштабу

Між тым на форуме прэзентавалі праекты грамадзянскіх ініцыятыў па наступных тэмах: уцягванне насельніцтва ў павышэнне прывабнасці тэрыторый, захаванне духоўна-маральных каштоўнасцяў і фарміраванне патрыятызму, стварэнне турыстычных прадуктаў. Дзевяць праектаў ініцыятыў, прызнаных пераможцамі, дзякуючы спонсарскай падтрымцы атрымаюць дадатковае фінансаванне.

Яскравым доказам эфектыўнасці грамадзянскага ўдзелу сталі праекты, якія ўжо рэалізаваны на Гомельшчыне. Ініцыятыўныя групы не спыняюцца на дасягнутым і працягваюць удасканальваць свае праекты.

Вопытам каманднай работы па стварэнню ўнікальнага турыстычна-пазнаваўчага брэнда падзялілася старшы інспектар сектара спорту і турызму Калінкавіцкага райвыканкама Святлана Сялюк. Праект жыхароў Калінкавіцкага раёна навукова-папулярны фестываль «Мамант. BY» — адна з самых яркіх грамадзянскіх ініцыятыў — у ліку пераможцаў.

Як нагадала Святлана Сялюк, у Юравічах як унікальным археалагічным помніку найстаражытнай стаянкі першабытных людзей знаходзіцца адзіны музеефікаваны помнік каменнага веку ў Беларусі, інтэграваны ў турмаршруты.

«У 2006 годзе падчас раскопак тут было знойдзена маманцяня, якога назвалі Юрыкам у гонар вёскі Юравічы. Гэта стала нашай візітнай карткай. Цяпер мы прапануем не толькі наведаць музей, але і „ажывіць“ гісторыю. Так нарадзіўся наш фестываль. Яго мэта — вывесці дзейнасць музея за свае межы, прыцягнуць увагу да турыстычных аб’ектаў. Мы лічым, што ў нас атрымалася: першы фестываль наведалі 6 тысяч чалавек», — звярнула ўвагу Святлана Сялюк.

Не менш уражальны прыклад патрыятычнай ініцыятывы прадставіла старшыня Пратасаўскага сельвыканкама Акцябрскага раёна Аксана Галчынская: «Асноўная ідэя нашага праекта „Памяць вогненных гадоў“ — захаванне памяці пра герояў Вялікай Айчыннай вайны. Наша грамадзянская ініцыятыва прысвечана ўнікальнай падзеі — танкаваму тарану браняпоезда, які здзейснілі Міхаіл Бахтуеў і Дзмітрый Камароў на тэрыторыі нашага раёна. Мы стварылі сучасную музейную экспазіцыю, прысвечаную гэтаму подзвігу — адзінаму ў ваеннай гісторыі. Жыхары не толькі нашага аграгарадка, але і ўсяго раёна поўнасцю падтрымалі гэту ініцыятыву. Наступны этап — рэканструкцыя таго самага эпізоду бою і стварэнне цэлага турыстычнага маршруту».

Вынікі натхняюць

Форум у Гомелі ў гэтым годзе зноў пацвердзіў свой статус міжнароднай пляцоўкі. У рабоце тэматычных секцыі форуму актыўны ўдзел узялі дэлегацыі з Бранскай, Варонежскай і Ніжагародскай абласцей Расіі. Гэтыя рэгіёны раней заключылі пагадненні аб супрацоўніцтве з Гомельскай абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў.

Як падкрэсліла старшыня абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў, старшыня Гомельскага раённага Савета дэпутатаў Вікторыя Ладуцька, форум грамадзянскіх ініцыятыў стаў працягам важнага грамадскага дыялогу, які набірае сілу на ўсёй тэрыторыі Гомельскай вобласці.

«Кожная ідэя павінна прыносіць рэальны плён і быць накіраванай у будучыню. У бягучым годзе ў рамках адкрытага конкурсу было пададзена 166 заявак, з іх 19 праектаў сталі пераможцамі. На іх рэалізацыю было накіравана больш за 440 тысяч рублёў, пры гэтым дадаткова прыцягнута каля 350 тысяч рублёў з боку сацыяльных партнёраў — прадпрыемстваў, арганізацый і мясцовых ініцыятыўных груп», — падкрэсліла Вікторыя Ладуцька.

Па словах старшыні абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў, бягучы год, пачатак пяцігодкі якасці, — не проста праграма мерапрыемстваў, а цэлая філасофія па стварэнне камфортнага, бяспечнага і сучаснага асяроддзя для жыцця чалавека.

«Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае, што чалавек, яго ініцыятыва і імкненне жыць лепш павінны стаць галоўнай рухаючай сілай развіцця краіны. Гэтыя словы для нас — кіраўніцтва да дзеяння. І органы мясцовага самакіравання сёння не проста адміністратары, а партнёры і суарганізатары грамадскай актыўнасці. Многае з таго, што робіць жыццё зручным і прыгожым, пачынаецца не з бюджэту, а з жадання людзей дзейнічаць», — заклікала грамадзян да актыўнага ўдзелу ў развіцці родных населеных пунктаў дэпутат.

Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю