— Я прайшоў шлях ад выхавацеля групы прадоўжанага дня, настаўніка пачатковых класаў да начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, а затым — дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Ужо другое скліканне прадстаўляю інтарэсы жыхароў Замкавай выбарчай акругі ў парламенце. За ўвесь гэты час я ні разу не змяніў нумар тэлефона, і мне не сорамна глядзець людзям у вочы: тым, з кім працаваў, сваім землякам, выбаршчыкам, нават тым, з кім даводзілася ўступаць у канфрантацыю. Заўсёды стараюся прытрымлівацца прынцыпу: «Што можаш зрабіць сёння, цяпер — зрабі абавязкова і грунтоўна». Для мяне важныя рух наперад і жаданне прыносіць карысць краіне.Дэпутат зазначае, што ў рабоце з грамадзянамі не бывае нязначных праблем. Да Аляксандра Сонгіна звяртаюцца з рознымі пытаннямі, і ніводнае не застаецца без увагі. Многае вырашаецца на месцы і тлумачыцца грамадзянам падчас прыёму. Па найбольш сур’ёзных праблемах накіроўваюцца запыты ў адпаведныя органы мясцовага і дзяржаўнага кіравання, іх вырашэнне знаходзіцца на асабістым кантролі.
— Асноўнае кола пытанняў, якое хвалюе грамадзян, датычыцца якасці аказання жыллёва-камунальных паслуг, добраўпарадкавання і землекарыстання, будаўніцтва і ўтрымання дарог, падтрымання парадку, медыцыны, паляпшэння транспартнага абслугоўвання. Варта адзначыць, што жыхары акругі сталі радзей звяртацца з праблемамі, звязанымі з добраўпарадкаваннем. Гэта сведчыць аб тым, што многае ў дадзеным кірунку вырашаецца.
Рэгулярныя сустрэчы — аснова
Аляксандр Сонгін адзначае: прыёмы грамадзян, асабістыя сустрэчы, прамыя тэлефонныя лініі, сустрэчы па месцы жыхарства, пасяджэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, сесіі мясцовых Саветаў дэпутатаў, дыялогавыя пляцоўкі — усё гэта ў сукупнасці дазваляе адчуваць, што хвалюе выбаршчыкаў, быць з людзьмі, жыць іх жыццём.
— Работа ў выбарчай акрузе была і застаецца важнай часткай дэпутацкай дзейнасці. Дапамагае тое, што за час працы добра вывучыў акругу. Многіх людзей ведаю асабіста. Гэта магчымасць атрымаць інфармацыю «з першых рук». Рэгулярна сустракаюся з жыхарамі акругі, моладдзю, абмяркоўваем тэмы, якія хвалююць людзей. Для сустрэч з выбаршчыкамі таксама актыўна выкарыстоўваю магчымасці адзіных дзён інфармавання насельніцтва.
Дэпутат падкрэслівае важнасць цеснага ўзаемадзеяння з райвыканкамамі ўсіх трох раёнаў, раённымі Саветамі дэпутатаў, сельвыканкамамі, кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый, грамадскімі аб’яднаннямі. Гэта дае магчымасць аператыўна вырашаць праблемныя пытанні, а таксама вызначыць, як прыняты заканадаўчы акт паўплывае на развіццё рэгіёнаў і паляпшэнне жыцця насельніцтва.
Быць побач
У ліку прыярытэтаў — удзел у найбольш значных грамадска-палітычных мерапрыемствах, якія праводзяцца ў акрузе, дабрачыннай дзейнасці, аказанні кропкавай дапамогі таму, хто мае ў ёй патрэбу. Аляксандр Сонгін удзяляе асаблівую ўвагу патрыятычнаму выхаванню моладзі, фарміраванню ў падрастаючага пакалення гонару за сваю краіну.
— Для мяне ганарова, калі грамадзяне, аднавяскоўцы ці былыя калегі звяртаюцца да мяне і аказваюць давер як чалавеку, які можа вырашыць тое ці іншае пытанне (у рамках заканадаўства). Прыкладаў шмат. Я лічу, што добрыя справы любяць цішыню. Таму назаву толькі некалькі: рамонт спартзалы ў Мінойтаўскай сярэдняй школе Лідскага раёна; рэканструкцыя лініі электраперадачы ў вёсцы Горная Рута Карэліцкага раёна з мэтай добраўпарадкавання індывідуальных дамоў электраацяпленнем; у Навагрудскім раёне па звароце жыхароў вёскі Бенін вырашана пытанне аб змяненні маршруту руху прыгараднага аўтобуса; аказана садзейнічанне Пярэвіцкай сярэдняй школе ў атрыманні спонсарскай дапамогі на набыццё гукавога абсталявання...Парламентарый таксама адзначыў, што ўсё часцей людзі прыходзяць са сваімі прапановамі па ўнясенні змяненняў у заканадаўства, ідэямі, якія датычацца той ці іншай сферы іх жыццядзейнасці. Гэта выдатна, бо толькі разам можна дасягнуць найлепшых вынікаў!
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота з архіва Аляксандра Сонгіна