Top.Mail.Ru

Як агульнымі намаганнямі добраўпарадкавалі пляж каля возера ў Лепельскім раёне

11.11.2025 | 12:31

Вёска Бароўка Лепельскага раёна, размешчаная на жывапісным узбярэжжы возера Шчыбат, невыпадкова лічыцца курортнай зонай. Прыгажосць мясцовай прыроды захапляе не толькі бараўчан, але і шматлікіх гасцей, якія прыязджаюць сюды адпачыць, атрымаць зарад бадзёрасці і новых сіл. У летні час на беразе возера заўсёды збіраецца шмат адпачывальнікаў. Мясцовыя актывісты звярнуліся з просьбай да мясцовай улады выдзеліць пэўную суму для добраўпарадкавання пляжа. Ініцыятыва была прынята. Паэтапна праводзіліся работы па навядзенні парадку, а затым быў распрацаваны праект добраўпарадкавання пляжа, які ўвайшоў у лік пераможцаў конкурсу маладзёжных ініцыятыў «Праектуй будучыню», што праводзіцца Віцебскай абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў.



«Работы па добраўпарадкаванні пляжа пачалі праводзіцца за некалькі гадоў да ўдзелу ў конкурсе маладзёжных ініцыятыў, — расказвае старшыня Лепельскага раённага Савета дэпутатаў Ігар Урбан. — Мы пайшлі насустрач бараўчанам, якія пажадалі тут зрабіць цудоўнае месца адпачынку. Пачаліся актыўныя работы: было прыбрана смецце, прывезены пясок. Затым за сродкі самаабкладання Бароўскім сельвыканкамам на ўзбярэжжы былі ўстаноўлены раздзявалка, арэлі, альтанка, урны, лаўкі — за грошы, сабраныя грамадзянамі, стваралася адпаведная інфраструктура. Паступова было прынята рашэнне ў вёсцы Бароўка ўладкаваць пляж. Паколькі на правядзенне неабходных работ патрэбна значная сума грошай, мы распрацавалі праект па добраўпарадкаванні, які быў накіраваны на конкурс маладзёжных ініцыятыў «Праектуй будучыню», што праводзіцца Віцебскай абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў. Праект быў прадстаўлены ў Віцебскім аблвыканкаме. 

Члены камісіі ацанілі вялікі пласт работы, што быў праведзены ў папярэднія гады, і падтрымалі нашу ініцыятыву.

Пасля таго як нам была выдзелена неабходная сума грошай, мы набылі ўсё, што патрэбна для стварэння выдатнай зоны адпачынку, — арэлі, якасныя тапчаны, ценявыя падстрэшкі. Тут створана зона купання для дзяцей, устаноўлены буйкі. Акрамя таго, на атрыманыя сродкі было ачышчана дно пляжа, паколькі яшчэ ў 50-х гадах мінулага стагоддзя тут былі ўстаноўлены слупы, так званыя «купалкі», мосцікі. Патрэбная работа па абследаванні, ачышчэнні дна пляжа была праведзена сумесна з прадстаўнікамі Лепельскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства выратавання на водах. З вады было выцягнута каля 30 слупоў. За сродкі з раённага бюджэту спецыяльна для пляжа быў створаны пост, які адпавядае ўсім сучасным патрабаванням. Штодзень тут вядзецца дзяжурства ратавальнікаў.

Усяго на ўладкаванне пляжа было затрачана 45 тысяч рублёў.

— Разам са сваёй сям’ёй мы жывём у Бароўцы на працягу многіх гадоў, і мне хацелася б выказаць шчырыя словы падзякі кіраўніцтву Бароўскага сельвыканкама, мясцовай уладзе за асаблівыя клопат і ўвагу да патрэб людзей, — адзначае Лілія Рэут, адна з актыўных удзельніц грамадзянскай ініцыятывы.

— Ад жыхароў вёскі Бароўка таксама неаднаразова паступалі просьбы ўшанаваць памяць аб Лепельскім пяхотным і мінамётным вучылішчах, якія дзейнічалі тут яшчэ да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Бараўчане ганарацца гэтым гістарычным фактам, таму што ўсяго на тэрыторыі Беларусі вучылішчаў было няшмат. 

— Да гэтай справы мы падышлі з асаблівай адказнасцю, — кажа старшыня Бароўскага сельвыканкама Валерый Кляшторны. — І гэты праект быў рэалізаваны ўжо за сродкі з бюджэту. Адкрыццё помніка адбылося сёлета, напярэдадні Дня Перамогі.

— Вельмі важна, што дзякуючы падтрымцы мясцовай улады Бароўка, наш маляўнічы куток, з кожным годам выглядае ўсё больш прыгожы і дагледжаны, — кажа дырэктар Бароўскага цэнтра культуры і вольнага часу Ларыса Кіпарэнка, якая таксама ўваходзіць у склад грамадскіх ініцыятараў. — Напрыклад, мясцовая жыхарка Наталля Грыгор’ева за ўласныя сродкі стварыла стэнд у гонар воінаў-інтэрнацыяналістаў, які быў устаноўлены непадалёк ад помніка 

Лепельскага мінамётнага вучылішча. Такім чынам, разам мы захоўваем памяць пра наша слаўнае мінулае і перадаём яго наступным пакаленням.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю