Top.Mail.Ru

Чым вяскоўцам дапамагаюць навукоўцы?

Нягледзячы на складаныя ўмовы надвор’я, беларускія аграрыі сёлета спрацавалі выдатна. Немалая заслуга ў дасягненні такіх вынікаў належыць навукоўцам, якія стваралі новыя сарты, тэхналогіі і комплексы.



«Умка» апярэдзіў усіх

Генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве Вадзім МАХАНЬКО пералічыў беларускія бульбяныя навінкі, якія распрацаваны для сельгасвытворцаў. Па-першае, гэта два новыя раннія сарты — «Прыгажун» з ружовай афарбоўкай і ранні бела-жоўты «Умка», ураджай якога можна збіраць ужо ў пачатку ліпеня. Яшчэ адзін новы сорт — сярэдняспелы «Водар». Ён мае выдатныя смакавыя якасці і прыдатны для падрыхтоўкі сухога бульбянога пюрэ. Паводле слоў гендырэктара, беларускія навукоўцы спецыяльна распрацавалі айчынную бульбу для крухмальнай галіны. Сёння ім прапануецца новы сорт «Баярскі», які дае не толькі добрую ўраджайнасць, але і мае высокае ўтрыманне крухмалу.

Вадзім Маханько адзначыў, што асноўнай задачай навукоўцаў з’яўляецца распрацоўка гібрыдных сартоў агародніны з больш высокай ураджайнасцю. Паводле яго слоў, ужо распрацаваны першы айчынны гібрыд цыбулі «Тутэйшая», а таксама гібрыдны сорт азімага часнаку «Пясняр». Вядзецца работа для атрымання айчынных сартоў таматаў і агуркоў для адкрытага грунту і цяпліц.

Мікраклімат на ферме

Генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі Дзмітрый КОМЛАЧ расказаў, што айчынныя навукоўцы актыўна распрацоўваюць ноу-хау для малочнатаварных комплексаў, каб палепшыць утрыманне жывёл. «Для гэтых мэт распрацаваны камплект абсталявання сістэмы фарміравання і падтрымання мікраклімату на малочнатаварных комплексах», — паведаміў навуковец.

Паводле яго слоў, комплекс уключае сістэму вентыляцыі, вадзянога астуджэння, кіравання і кантролю мікраклімату. Справа ў тым, што пры тэмпературы паветра, вышэйшай за 16 °С, у жывёл парушаецца тэрмарэгуляцыя і іншыя фізіялагічныя працэсы, зніжаюцца надоі, пагаршаецца апетыт, пачашчаецца пульс і дыханне ў два-тры разы ў параўнанні з нормай. «А пры тэмпературы паветра на малочнатаварнай ферме, вышэйшай за 26 °С, зніжэнне надояў можа дасягаць 50 %, а тлустасць малака зніжаецца да 50 %», — падкрэсліў спецыяліст.

Вучоны адзначыў, што распрацаваная сістэма ў аўтаматызаваным рэжыме здольная кантраляваць тэмпературу, вільготнасць паветра, а таксама падтрымліваць узровень СО2, іншыя параметры паветранага асяроддзя ў патрэбных межах. Паводле яго слоў, эфект ад новай распрацоўкі вельмі добры, на мінулым тыдні прайшла прыёмка доследных узораў і завяршаецца пастаноўка іх на серыйную вытворчасць.

«Сёлета працягваем распрацоўку айчыннага рабатызаванага даільнага апарата», — адзначыў Дзмітрый Комлач. Таксама беларускімі спецыялістамі створаны самаходны падштурхоўвальнік кармоў да жывёл, а на лета запланавана распрацоўка рабатызаванай машыны па прыгатаванні і падштурхоўванні кармоў, каб жывёлам было камфортней ужываць ежу.


Справа для селекцыянераў

Генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па жывёлагадоўлі Аляксандр КРАВЕЦ расказаў, што самым яркім прыкладам селекцыйнай работы нашых вучоных стала стварэнне ў 2020 годзе беларускай галштынскай пароды буйной рагатай жывёлы малочнага кірунку. Ад гэтай пароды вырабляецца каля 80 % малака ў краіне.

«Улічваючы, што Беларусь канкурыруе з замежнымі вытворцамі малочнай прадукцыі на знешніх рынках, мы павінны звяртаць вялікую ўвагу на якасць сыравіны, якая паступае на перапрацоўку для прадуктаў харчавання», — адзначыў Аляксандр Кравец. Сёння патрабаванні перапрацоўшчыкаў такія, што малако павінна ўтрымліваць высокую колькасць тлушчу, бялку, малочнага цукру для вытворчасці кісламалочнай і сыраробнай прадукцыі«, — падкрэсліў ён. Акрамя павышанай малочнасці, каровы чырвонай пароды адрозніваюцца больш моцным здароўем, што для айчыннай жывёлагадоўлі вельмі актуальна.

«Навукоўцы нашага цэнтра для рыбаводчай галіны краіны стварылі беларускія пароды карпа, якія разводзяцца сёння ва ўсіх рыбагаспадарчых арганізацыях, — паведаміў Аляксандр Кравец. — Завяршаем селекцыйны працэс па стварэнні новай пароды беларускага люстранога карпа з палепшаным экстэр’ерам». Таксама ідзе распрацоўка тэхналогій і параметраў вырошчвання каштоўных парод рыб (такіх як фарэль, асетр) ва ўмовах замкнёнага водазабеспячэння. «Гэта наогул новы кірунак для нашай краіны», — адзначыў навуковец.

Сяргей КУРКАЧ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю