Top.Mail.Ru

Што кажуць кіроўцы велікагрузаў на беларуска-літоўскай граніцы

11.11.2025 | 16:41

Нагадаем, Урад Літоўскай Рэспублікі 29 кастрычніка 2025 года прыняў пастанову «Аб абмежаванні і прыпыненні перасячэння дзяржаўнай граніцы Літоўскай Рэспублікі». Дакументам уведзеныя абмежаванні на перамяшчэнне фізічных асоб і транспарту праз пункт пропуску «Мядзінінкай» («Каменны Лог») да 1.00 па беларускім часе 1 снежня.



Афармленне фізічных асоб і транспарту ў літоўскім пункце пропуску «Шальчынінкай» («Беняконі») цалкам прыпынена. У пунктах пропуску назапасіліся тысячы фур з літоўскімі нумарамі, кіроўцы якіх незадаволеныя дзеяннямі сваіх жа ўлад: прастоі, фінансавыя страты і невядомасць — вось, з чым ім давялося сутыкнуцца.

«Палітыкі ваююць, а мы пакутуем»

Каментуючы сітуацыю ў пункце пропуску «Катлоўка» ўладальнік фірмы-перавозчыка з Літвы Віргініус адзначыў:

— Закрылі граніцу. Чакаем, калі якая-небудзь інфармацыя прыйдзе, калі літоўцы адкрыюць. Палітыкі ваююць, а мы пакутуем, простыя людзі, як той казаў. Бо ніхто не пытаецца, маеш што есці, грошы ёсць ці не.

Ён падкрэсліў, што кожны дзень такога прастою — удар па кашальку.

— Мы і машыны тут пакінем, — дадаў літовец.

Мужчына адзначыў, што сітуацыя, якая склалася, выклікае неразуменне і крыўду.

— Мы гаварылі (Нацыянальнай асацыяцыі аўтаперавозчыкаў. — Заўв. рэд.) Lіnava Літвы, што трэба перакрываць дарогі ці нешта яшчэ. Не чуюць. Стаім як бараны, — сказаў ён.

Віргініус, дарэчы, жыве ў Вільнюсе.

— Праз плот — 30 кіламетраў прама, а круціць трэба праз Латвію, 600 кіламетраў рабіць. Дадому вярнуцца — як хочаш. Не ўлада пакутуе, а людзі простыя. Вось самае страшнае, — адзначыў ён. — Наша Літва, улада, зусім з глузду з’ехала. Яны свае інтарэсы нейкія маюць, нават не разумеем, што яны там думаюць. Пакуль не падымуць бунт (як калгаснікі ў нас прыехалі, трактарамі перакрылі), пакуль не прыедуць і не перакрыюць, яны не думаюць мазгамі. Яны толькі тады ўжо нешта робяць, калі непрыемнасці, а пакуль вось так ціха, то цярпіце, вы ведаеце, куды ехалі.

Вось такі «падарунак» да Новага года

Пэўнасці ніякай, закрыццё граніцы — своеасаблівы «падарунак» да навагодніх свят, лічыць кіроўца з Узбекістана Бахадыр Магумараў, які знаходзіцца ў пункце пропуску «Каменны Лог» (літоўскі «Мядзінінкай»).

— Ужо месяц як стаў у чаргу. Вяртанне не афармляюць, а груз у нас менавіта літоўскі. Нам, атрымліваецца, і ні туды, і ні сюды. Ні назад — дадому, ні ў Еўропу не можам заехаць, — сказаў Бахадыр Магумараў.

Кіроўца фуры дадаў:

— Якія тут могуць быць эмоцыі, калі цэлы месяц у машыне жывеш? Спартанскія умовы: усё скончылася, не толькі ежа, але і салярка, надвор’е яшчэ шэпча — замаразкі наперадзе. Радавацца няма чаму, настрой злосны, закрыццё граніцы — «падарунак» ад Дзеда Мароза.

Як заявіла на днях МЗС Беларусі, літоўскія фуры, якія назапасіліся на тэрыторыі Беларусі на пад’язных шляхах да пунктаў пропуску «Каменны Лог» і «Беняконі», у мэтах забеспячэння бяспекі і захаванасці перамесцяць у спецыяльна абсталяваныя месцы стаянкі.

Па словах Бахадыра Магумарава, яго гэтыя меры не закрануць.

— Для нас пакуль няма ніякіх навін. 

А ў калег толькі пакута. Вядома, спадзяемся на паляпшэнне. Па кішэні ўсё гэта б’е. 

У вялікую суму складваецца. Наконт прастою ніякіх у нас навін — аплаты 100 % не будзе. Нам адразу пра гэта сказалі, увогуле, вінаватых няма, — адзначыў кіроўца.

— Цяжкая вельмі сітуацыя. Літоўскія перавозчыкі вельмі шмат страцяць, таму што вось наша фірма — яна вельмі буйная — «завязана» на перавозцы кітайскіх грузаў. Гэта значыць, мы з Еўропы грузілі машыны на Беларусь, на Расію, на Узбекістан, на ўсе краіны СНД, — сказаў кіроўца літоўскай фірмы Міхаіл Гарошка. — І цалкам па ўсёй Еўропе (і на Англію) мы дастаўлялі кітайскія грузы — вопратку, «аліэкспрэс», акумулятары для машын. Цяпер я не ведаю, як гэта будзе ісці.

Для бяспекі на дарогах і захаванасці транспартных сродкаў

Да аднаўлення літоўскім бокам нармальнага руху праз пункты пропуску «Мядзінінкай» і «Шальчынінкай» перамяшчэнне грузавікоў з літоўскай рэгістрацыяй праз беларускую граніцу ажыццяўляцца не будзе. Тыя, што засталіся на тэрыторыі Беларусі, звыш 1100 грузавікоў, якія так і не дачакаліся адкрыцця літоўскім бокам граніцы, будуць знаходзіцца на спецыяльна абсталяваных для гэтых мэт стаянках паблізу беларускіх пунктаў пропуску «Каменны Лог», «Беняконі», «Бераставіца», «Катлоўка».

Рашэнне аб размяшчэнні ў спецыяльна абсталяваных месцах фур з Літвы прынята з мэтай выключэння небяспечных умоў на пад’язных аўтадарогах да зачыненых літоўскім бокам пунктаў пропуску «Шальчынінкай» і «Мядзінінкай». Пра гэта сказаў журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі мытнага кантролю ДМК Віктар Зубік.

Такое рашэнне беларускім бокам прынята ў мэтах забеспячэння бяспекі на пад’язных да граніцы дарогах і захаванасці дадзеных транспартных сродкаў.

Дарэчы, на пляцоўках размешчана ўжо 800 літоўскіх грузавікоў: у «Бераставіцы» — 350, «Беняконях» — 160, «Катлоўцы» — 220, «Каменным Логу» — 70.

— Кіроўцы, якія выканалі афіцыйныя пісьмовыя патрабаванні мытных органаў па перамяшчэнні транспартных сродкаў у спецыяльна ўстаноўленыя месцы, могуць пакінуць тэрыторыю Беларусі, — падкрэслілі ў Дзяржаўным мытным камітэце.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка:

— Народ Літвы не мае ніякага дачынення да пастановы ўладаў сваёй краіны аб закрыцці граніцы з Беларуссю. Нават не хачу казаць, па якіх прычынах. Сёння мы ведаем рэакцыю літоўскага народа — грамадзян Літвы, бізнесу — на гэтыя дзеянні. Натуральна, уладам Літвы давялося варушыцца і прымаць якія-небудзь меры. Як звычайна, яны вырашылі мышкаваць і яшчэ раз паспрабаваць нас нахіліць і абвінаваціць у гэтых не тое «шарыках» (запуску метэаралагічных зондаў з кантрабандай цыгарэт. — Заўв. рэд.), не тое яшчэ чымсьці. Хоць вычарпальны адказ на гэта пытанне быў дадзены. І расследаваннем нашых органаў, ды і Літвы пацвярджаецца, хто займаецца гэтым цыгарэтным бізнесам, хто гэтыя «шарыкі» перакідае і гэтак далей.
На нарадзе аб дапрацоўцы Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026–2030 гады, 10 лістапада 2025 года.

Па матэрыялах БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю