Top.Mail.Ru

Трапіў, жучку, у... жончыну ручку

11.11.2025 | 10:00

Што праўда, тое праўда: здараецца на вяку і па спіне, і па баку... Давялося мне перанесці аперацыю, паляжаць у бальніцы, шмат што перажыць, убачыць, пачуць ад людзей — пераважна бывалых. Тут і зараз толькі адна гісторыя.



Здарылася гэта ў мінулым стагоддзі ў звычайнай беларускай вёсцы — з акуратнымі дамкамі і садамі-агародамі, з кветкамі пад вокнамі, з гарлапанамі пеўнямі і такім жа пастухом, які на досвітку раз-пораз галёкаў сваё: «Выга-ня-я-яй!»...

Найчасцей кароў у поле выпраўлялі гаспадыні. Мужчыны, гаспадары, прачыналіся, ішлі на работу пазней.

Сярод тых, хто часта спяшаўся — у кантору, на планёрку, — быў і калгасны аграном. Па ўзросце вяскоўцы ўжо маглі называць яго і паважліва — Апанас Мікалаевіч, аднак звалі (за вочы) куды карацей — Залётнік.

Чаму?

Ды ўсё проста: і жонка ў гэтага чалавека была, і дачка замужняя, а ён, можна сказаць, аніводнай спадніцы не прапускаў. Як убачыць недзе кароткую ці проста карацейшую, так і «захварэе»: чапляецца, ліпне да дзяўчат, да чужых жанчын. Тыя — ведама вёска, мінулае стагоддзе — бароняцца, адганяюць яго, як шкадлівага сабаку, а тому — ну хоць бы што! Яго, відаць, не столькі вынік цікавіў, колькі сам «працэс» — любавання, заляцання, ачмурэння...

У тую восень пачынаўся чарговы: новую бухгалтарку прыслалі ў калгас. І не сказаць, каб яна нейкай пісанай прыгажуняй была, але ж дах Залётніку знесла! Закахаўся, бедны, як у 17: анідзе ёй праходу не даваў! «Ну, пашкадуй ты чалавека, — раілі Алесі старэйшыя жанчыны. — Пагутары з ім калі-нікалі, а то ж возьме ды з глузду з’едзе!»

Смяяліся канторскія (залётнік нічога не чуў), а дзяўчыне ўжо і не да смеху: не ведае, што рабіць.

...Можа, параіў хто, можа, сама прыдумала, але ж сустрэлася яна з жонкай агранома і ўсё расказала: што праходу ёй не дае, што цукеркі з кветкамі носіць, што спатканні прызначае...

— Дык ты вазьмі і згадзіся, — прапануе жонка.

— ?!

— ...Пакліч яго да сябе — вечарком, як сцямнее.

— А больш вы нічога не хочаце?! — ледзь не плача дзяўчына.

— Хачу, даражэнькая! Яшчэ і як... Хачу каб ты, майго мужа паклікаўшы, сама ў кіно пайшла, а ключы ад кватэры мне пакінула.

Доўга ці коратка паміж імі ішлі перамовы, не ведае ніхто. Але ж нарэшце прыслухалася дзяўчына да слоў жанчыны: зрабіла ўсё, як тая прасіла, — прызначыла спатканне.

І вось наступае вечар. Аграном пасля работы на крылах, можна сказаць, ляціць дадому, вячэраць нават не збіраецца. Жонцы кажа, што на рыбалку ідзе — позна вернецца.

— Позна дык позна, — згаджаецца тая. — Абы не дарэмна.

Муж хуценька з хаты і ў бок азярца. А яна агародамі, нацянькі — да новых дамкоў, што «наезджым» падавалі.

Адамкнула Алесіны дзверы, уключыла «начнік», стала чакаць...

Што было потым, можна толькі здагадвацца.

Факт, што на работу Залётнік выйшаў тыдні праз тры: на бальнічным быў, хварэў — па-сапраўднаму.

А вось на каханне — болей ніколі.

І. Я. Букоўскі, в. Шуневічы, Глыбоцкі раён


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю