Top.Mail.Ru

На першы конкурс радыёпраграм «Радыё Трыумф» было пададзена больш за 230 заявак

Сёлета Беларускае радыё святкуе сваё 100-годдзе. Пра тое, дзе змогуць прыхільнікі радыё і шырокая аўдыторыя дакрануцца да гісторыі і набыткаў айчыннага радыёвяшчання, а таксама даведацца, у якім кірунку развіваецца і чым жыве сёння гэты сегмент інфармацыйнага рынку, расказалі прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі і Асацыяцыі індустрыі радыёвяшчання.



— Мы пачынаем шэраг мерапрыемстваў да 100-годдзя Беларускага радыё, да якіх рыхтаваліся не адзін месяц. Гэта сапраўды славуты юбілей. І за апошнія гады для радыёіндустрыі было нямала зроблена. Непасрэдна ў гэту пяцігодку арганізавана работа Асацыяцыі індустрыі радыёвяшчання. Парадку 43 радыёстанцый цяпер уваходзяць у яе склад. Яшчэ запушчана сістэма медыявымярэнняў і функцыянуе анлайн-радыёплэер. Уведзена ў эксплуатацыю аўтаматызаваная сістэма маніторынгу радыёпраграм. Зацверджаны таксама першы для нашай прафесійнай радыёсупольнасці конкурс «Радыё Трыумф», — расказала начальнік упраўлення электронных СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў Міністэрства інфармацыі Аляксандра ГАНЧАРОВА. — Сёння наш радыёландшафт прадстаўлены 59 радыёпраграмамі, дзе 35 дзяржаўных і 24 недзяржаўныя радыёпраграмы. З іх 26 рэспубліканскіх і 33 рэгіянальныя.

Прадстаўнік ведамства таксама адзначыла, што дзве радыёпраграмы сёлета пачалі вяшчаць у FM-дыяпазоне — радыё «Перамога» і «Шансон». «І лічбы медыявымярэнняў наглядна пацвярджаюць, што радыё запатрабавана ў сённяшняй аўдыторыі. Безумоўна, галоўнымі каналамі атрымання сігналу застаюцца радыёмагнітола і радыёпрыёмнік, аднак ёсць і значная частка аўдыторыі, якая выкарыстоўвае для праслухоўвання любімых праграм камп’ютар, мабільныя прылады ці робіць гэта анлайн», — дадала Аляксандра Ганчарова.

Расказала яна і пра першы конкурс радыёпраграм «Радыё Трыумф»: «На першы конкурс мы атрымалі 234 заяўкі, з якіх 225 дапусцілі да прагляду журы. У самім конкурсе ўдзельнічае 37 радыёпраграм з нашых 59. 

Зусім хутка ўжо даведаемся намінантаў і пераможцаў у 17 намінацыях».

Падвядзенне гэтых вынікаў адбудзецца 19 лістапада ў Палацы Рэспублікі падчас урачыстага сходу з нагоды векавога юбілею.

«Увогуле святочныя мерапрыемствы праводзяцца на працягу ўсяго года і многія ўжо адбыліся, але і ў найбліжэйшыя дні нас чакае насычаны марафон падзей, — падзяліўся генеральны прадзюсар Беларускага радыё, выканаўчы дырэктар Асацыяцыі індустрыі радыёвяшчання Антон ВАСЮКЕВІЧ. — У нас запланаваны творчыя сустрэчы, навукова-практычныя канферэнцыі, круглыя сталы і шэраг іншых мерапрыемстваў. Я хачу адзначыць, што галіна радыёвяшчання ў краіне падышла да свайго 100-годдзя са сфарміраванай навуковай школай радыёжурналістыкі. Моцная ў нас школа кадраў і па падрыхтоўцы спецыялістаў для сферы радыёвяшчання».

А вось прыадкрыць для сябе закуліссе жыцця на беларускім радыё і даведацца пра вехі яго развіцця слухачы змогуць, напрыклад, наведаўшы часовую выстаўку ў Нацыянальным гістарычным музеі, якая адкрыецца 14 лістапада, дзе прэзентуюць асноўныя этапы станаўлення 

айчыннага радыёвяшчання. Непасрэдна ў дзень нараджэння Беларускага радыё, 15 лістапада, пройдзе цэлы марафон сустрэч, віншаванняў, які будзе трансліравацца ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і ва ўключэннях на тэлеканале «Беларусь 3».

Алена ДРАПКО


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю