Top.Mail.Ru

У Мінску падвялі вынікі акцыі «Аднаўленне святынь Беларусі. Сіла адзінства»

Клопат пра культурную і духоўную спадчыну народа — справа нацыянальная і як ніколі важная сёння для грамадства. Менавіта так лічаць валанцёры руху «Добрае Сэрца» Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. 11 лістапада хлопцы і дзяўчаты з усіх куткоў краіны сабраліся ў храме іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць», пабудаваным у гонар ахвяр чарнобыльскай трагедыі.



З ідэяй праводзіць рэспубліканскую дабрачынную акцыю «Аднаўленне святынь Беларусі. Сіла адзінства» Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі выступіў яшчэ ў 2013 годзе. А з 2016-га праект атрымаў падтрымку апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь і статус міжканфесіянальнага. Адсюль і галоўная мэта акцыі — умацаванне міжканфесійнага і нацыянальнага адзінства: «Гэта мерапрыемства вельмі важнае для маральнага выхавання моладзі, далучэння іх да святынь, — адзначае Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр РУМАК. — Беларусь — краіна міру і згоды, талерантнага стаўлення да ўсіх рэлігій, таму маладыя людзі з усёй рэспублікі ўдзельнічаюць у аднаўленні храмаў розных канфесій. Нягледзячы на тое, што на тэрыторыі нашай дзяржавы пражываюць людзі рознага веравызнання, усе жывуць у добрасуседстве. І важна, каб сучасная моладзь гэта таксама разумела».

Штогод удзельнікі руху «Добрае Сэрца» добраўпарадкоўваюць і аднаўляюць самыя розныя культавыя аб’екты. Гэта не толькі праваслаўныя храмы, але і манастыры, капліцы, прыдарожныя крыжы, святыя крыніцы. Маладыя людзі распрацоўваюць і новыя экскурсійныя маршруты «Святыні Беларусі», адкрываюць для сябе і іншых турыстычныя сцежкі сваёй Радзімы. Духоўная спадчына народа непарыўна звязана з яго гістарычнай памяццю, у сувязі з чым у цэнтры ўвагі і клопату валанцёраў знаходзяцца таксама помнікі воінскай славы і брацкія магілы. Усяго ж у рамках акцыі БРСМ сёлета было арганізавана больш як 250 такіх мерапрыемстваў і адноўлена каля 100 храмаў і іншых помнікаў.

У такіх мерапрыемствах паўдзельнічала больш за 3000 валанцёраў, найлепшыя з якіх прыехалі на ўрачыстае падвядзенне вынікаў праекта. Сафія МАШЭЙ, вучаніца сярэдняй школы № 14 г. Баранавічы, прызнаецца: «Я даўно займаюся валанцёрствам, і, здаецца, ужо не магу без гэтага жыць. Кожнае мерапрыемства, дзе мы дапамагаем дзецям, пажылым, інвалідам ці, як у сённяшняй акцыі, аднаўляем і дапамагаем будаваць помнікі культуры і гісторыі, пакідае ў маім сэрцы добрыя, ні з чым не параўнальныя ўспаміны».


З прывітальным словам да сотні такіх жа хлопцаў і дзяўчат у храме іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» звярнуліся прадстаўнікі духавенства Беларусі і Цэнтральнага камітэта БРСМ, уручыўшы пятнаццаці самым актыўным валанцёрам памятныя падарункі. Пасля ўрачыстай часткі актывісты паказалі прыклад маладым людзям не толькі словам, але і справай — дружна ўзяліся за рыдлёўкі, каб высадзіць алею «Адзінства і стварэнне» ў «Садзе Надзеі» — жывой памяці аб пацярпелых у аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Ён быў закладзены ў 10-ю гадавіну катастрофы пры ўдзеле гасцей з 17 краін свету: «Думаю, добраўпарадкаванне тэрыторыі храма паспрыяе папулярызацыі рэлігіі ў нашай краіне, — дзеліцца вучань гімназіі № 21 г. Мінска Ягор ПАШКЕВІЧ. — Тым больш што 2025-ы быў аб’яўлены Годам добраўпарадкавання. Таму для мяне вялікі гонар знаходзіцца тут цяпер, уласнаручна высаджваць гэту алею».

Дарэчы, закладка памятнага каменя і асвячэнне месца, дзе ў памяць аб ахвярах чарнобыльскай катастрофы быў узведзены храм іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць», адбыліся 26 красавіка 1991 года. А ў рамках акцыі «Аднаўленне святынь Беларусі. Сіла адзінства» храм быў паспяхова алічбаваны. Па словах яе арганізатараў, стылізаваная таблічка Міжнароднага гісторыка-патрыятычнага праекта «Лічбавая зорка» дазволіць кожнаму чалавеку азнаёміцца з унікальным помнікам гісторыі і культуры. Для гэтага дастаткова навесці камеру смартфона на QR-код, намаляваны на ёй.

Пасля працы на вуліцы ўдзельнікі перамясціліся ў зімовы сад парафіяльнага дома, дзе іх чакала выстаўка «Ад сэрца да святыні» — маляўнічая справаздача аб праведзенай за год рабоце. Макеты, малюнкі і фатаграфіі валанцёраў, якія бралі ў ёй удзел, наглядна прадэманстравалі, як акцыя ўвасаблялася ў жыццё ў розных рэгіёнах Беларусі: «Як прадстаўнікі БРСМ Віцебска мы ўпершыню ўдзельнічаем у такой акцыі ў сталіцы, — прызнаецца Дзяніс КРОШЧАНКА, сакратар БРСМ Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. — Прыемна ўсведамляць, што пасля нас застанецца нешта добрае, у тым ліку і ў гэтым храме».

Аміна НАЗАРАВА
Фота Ксеніі ЛІННІК


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю