Top.Mail.Ru

За паўгода пры падтрымцы Банка развіцця ўведзены ў эксплуатацыю 22 новыя аб’екты

12.11.2025 | 10:09

«Навінкі» з’явіліся ў сферах сельскай гаспадаркі, прамысловасці, транспарту, адукацыі і медыцыны. У трэцім квартале іх колькасць папоўнілі яшчэ дзевяць эфектыўных праектаў у пяці рэгіёнах краіны, паведамілі ў фінансавай установе. 


Так, у Брэсцкай вобласці з’явіліся два новыя малочнатаварныя комплексы ў Камянецкім і Маларыцкім раёнах і два сацыяльныя аб’екты: корпус дзіцячай абласной бальніцы ў Брэсце і школа-сад у Пінску. 


У прыватнасці, «Макарава-Агра» завяршыла рэканструкцыю фермы «Мачулішча» з павелічэннем статка да 1200 галоў. Тут пабудаваны два кароўнікі на 500 галоў кожны, даільна-малочны блок, цялятнік на 600 галоў. У выніку прадпрыемства ўжо сёння адчувае эканамічны эфект ад рэалізаванага праекта: у пераліку на гадавы паказчык пры запланаваным удоі на адну карову ў 7 тысяч кг фактычны паказчык складае 9,1 тысячы кг.

У яшчэ адным сельгаспрадпрыемстве «Хаціслаўскі» ўведзены ў эксплуатацыю малочнатаварны комплекс «Хаціслаў». Тут з’явіліся тры кароўнікі на 340 галоў кожны, даільна-малочны блок, мадэрнізаваны існуючы будынак кароўніка на 290 галоў. Новы аб’ект прадугледжвае поўны цыкл вырошчвання буйной рагатай жывёлы, а агульная колькасць месцаў для размяшчэння жывёлы складзе 1 365 адзінак.

У абласным цэнтры абноўлены лячэбны корпус дзіцячай абласной бальніцы, які ўжо прымае маленькіх жыхароў рэгіёна. У ім размясціліся прыёмнае аддзяленне, лячэбна-дыягнастычныя службы, аперацыйны блок і траўматалагічны пункт. Акрамя таго, пашыраны плошчы отарыналарынгалагічнага аддзялення, арганізаваны палаты павышанай камфортнасці, закуплена новае абсталяванне і мэбля.

Што датычыцца будаўніцтва школы-сада ў Пінску, яно абумоўлена адсутнасцю ў мікрараёне «Жамчужны» ўстаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі. Тут пабудавана больш за 20 шматпавярховых дамоў, яшчэ некалькі — у стадыі ўзвядзення. Большасць жыхароў — шматдзетныя сем’і, якія з нецярпеннем чакалі адкрыцця сацыяльнага аб’екта.

Для дзяцей у новай установе створана ўся неабходная інфраструктура. У адной частцы будынка размясцілася пачатковая школа. Другое крыло — дзіцячы садок. Дашкалятам даступныя залы для гімнастычных і музычных заняткаў, а таксама басейн для навучання плаванню і загартоўвання.


Яшчэ адзін сацыяльна важны аб’ект з’явіўся на карце Гомельскай вобласці — у Ельску пабудаваны шматфункцыянальны стадыён «Каралін». Адначасова тут могуць займацца спортам больш за 120 чалавек, а назіраць за спартыўнымі баталіямі — каля 200 гледачоў. Новы аб’ект уключае футбольнае поле з трыбунамі, лёгкаатлетычнае ядро з бегавымі дарожкамі, сектар для скачкоў у даўжыню і ўніверсальную гульнявую пляцоўку для баскетбола і валейбола. Акрамя таго, на стадыёне маецца хакейная каробка і пляцоўка для варкаўта.

У Гродзенскай вобласці пры падтрымцы Банка развіцця з’явіўся чарговы сельскагаспадарчы аб’ект — малочнатаварны комплекс «Юбілейнае». Для размяшчэння пагалоўя жывёл у рамках праекта ўзведзены два кароўнікі на 388 і 389 галоў, даільна-малочны блок, будынкі для маладняку на 712 галоў, а таксама на 200 кароў у запуску і 250 цялушак. 

З выхадам на запланаваныя магутнасці па валавым надоі малака прадпрыемства плануе атрымліваць ад адной каровы на новым комплексе не менш за 8 тысяч кг высакаякаснага малака ў год або 7,9 тысячы тон дадатковай рэалізацыі прадукцыі. Новы малочнатаварны комплекс дасць магчымасць значна павысіць эканамічную эфектыўнасць вытворчасці малака не толькі на прадпрыемстве, але і ў раёне ў цэлым.

У Мінскай вобласці створана інавацыйная імпартазамяшчальная вытворчасць маніпулятараў. У чым яе інавацыйнасць? У засваенні вытворчасці маніпулятараў з інтэлектуальнай сістэмай кіравання на аснове LS з камплектацыяй электрагідраўлічнымі кампанентамі гідрасістэмы, якія забяспечаць высокую прадукцыйнасць, дакладнасць рухаў і энергаэфектыўнасць. Маніпулятары распрацоўваюцца для імпартазамяшчэння вырабаў, якія пастаўляюцца замежнымі кампаніямі і да цяперашняга часу выкарыстоўваліся для камплектацыі машын лесапрамысловага комплексу нашай краіны.


Крычаўскі раён Магілёўскай вобласці адчуў эфект Банка развіцця ў двайным памеры. Тут на тэрыторыі КСУП «Маляцічы-Агра» адкрылася сучасная пляцоўка дагадоўвання буйной рагатай жывёлы, а ў самім горадзе пабудавана новая паліклініка для аказання якаснай медыцынскай дапамогі жыхарам Крычаўскага і дзевяці суседніх раёнаў паўднёвага ўсходу Магілёўскай вобласці.

Важнай асаблівасцю праекта стала стварэнне поўнага цыклу дагадоўвання буйной рагатай жывёлы. Пасля запуску новых магутнасцяў на адкорме ў холдынгу будзе ўтрымлівацца 7,2 тысячы галоў, што значна ўмацуе сыравінную базу Магілёўскага мясакамбіната.

Паліклініка ў Крычаве — аб’ект сапраўды знакавы. Сучасная медыцынская ўстанова злучае ў сабе цэлы шэраг структурных падраздзяленняў: дарослую і дзіцячую паліклінікі, станцыю хуткай медыцынскай дапамогі, стаматалогію, якія раней былі раскіданы па ўсім горадзе. Яе магутнасць складае 620 наведванняў у змену, з якіх 350 — прыпадае на дарослае аддзяленне, 150 — на дзіцячае і 120 — на стаматалогію.

З увядзеннем інтэграванай паліклінікі ўсе неабходныя службы сканцэнтраваныя ў адным месцы, што дасць магчымасць павысіць аператыўнасць і якасць аказання медыцынскай дапамогі пацыентам. У новым медцэнтры кваліфікаваную дыягностыку і лячэнне будуць атрымліваць каля 130 тысяч чалавек.

— Усе дзевяць новых аб’ектаў, як і любыя іншыя пабудаваныя пры падтрымцы Банка развіцця, пачалі ўжо прыносіць карысць Беларусі і яе жыхарам. Эфект сацыяльных устаноў, вядома ж, цяжка алічбаваць ў разрэзе эканамічных паказчыкаў, але ён адназначна высокі. У сваю чаргу вытворчыя аб’екты толькі за перыяд карыстання крэдытнымі рэсурсамі ў сярэднім згенеруюць з аднаго рубля фінансавай падтрымкі дзевяць рублёў выручкі, — падсумавалі ў Банку развіцця.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю