Top.Mail.Ru

На рыбку спадзявайся, але і сам старайся

12.11.2025 | 10:17

Гэта ўжо як закон: у першую нядзелю кастрычніка мы віншуем настаўнікаў — найлепшых, любімых праз гады-дзесяцігоддзі. І нават у думках няма, што ў іх жа таксама былі настаўнікі?



Галіна Юр’еўна, дачка маёй суседкі, любіць успамінаць сваё дзяцінства — час спраўджаных і няспраўджаных мар. Яны тады часта з’яўляліся і гэтак жа часта знікалі. Сярод нязводных, блакітных у дзяўчынкі былі толькі дзве: рыжы, пухнаты каток і... ролікі. Гэта цяпер яны ёсць у многіх дзяцей, а тады іх меў толькі Ромка. Усе астатнія глядзелі, як ён «рассякае», зайздросцілі і цярпліва складвалі капейкі ў свае скарбонкі.

У Галі яна таксама была. І грошы пакрысе збіраліся. На блізкім рынку яны з сяброўкай ужо нават нагледзелі сабе катка. Назаўтра прыйшлі купляць, а на тым месцы ні каша з кацянятамі, ні той цётачкі... Замест яе, праўда, дзядзечка сядзіць — прадае (ды што там — амаль дарма аддае!) залатую рыбку (на слоіку так і напісана).

«Было не было, — падумалі дзяўчынкі. — Не ўзялі рыжага катка — возьмем чарадзейніцу-рыбку. Ну сапраўды: не ісці ж дамоў без пакупкі?»

Дома слоік з ёй Галя паставіла на стол, сонейка асвяціла — рыбка і сапраўды была залатой... А як жа прыгожа плавала! Галя доўга любавалася, а вечарам, перад сном, яшчэ і пашапталася з ёю — папрасіла, каб спраўдзіла мару... Ну хоць бы адну!

З надзеяй на гэта дзяўчынка заснула.

Раніцай разам з будзільнікам прачнулася. Хацела паглядзець на рыбку, але побач са слоікам убачыла... ролікі — новыя, класныя! Радасці было — аж да неба!

...Трошкі пазней мама сказала дачцэ, што рыбка тут ні пры чым: мару спраўдзіла Галіна хросная. Купіла ролікі, на Новы год хацела пад ёлку пакласці, але пачула, як шчыра малая прасіла іх у залатой рыбкі, і падарыла раней. А заадно дала зразумець, што цуды могуць здзяйсняць не толькі розныя чараўнікі, але і звычайныя людзі, якія любяць...

І якіх любім мы.

А. Чайкоўская, г. Гомель


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю