Top.Mail.Ru

Што насамрэч плавае ў вадаёме пад Смалявічамі

Нядаўна ў TіkTok з'явілася відэа, нібыта на Смалявіцкім вадасховішчы адбылася ледзь не экалагічная катастрофа. На кадрах – берагавая лінія вадаёма, запэцканая буйной белай пенай. Аўтар роліка скардзіцца на яе незвычайны пах і абяцае, што больш ніколі не будзе тут купацца. Высвятляем, ці ёсць нагода хвалявацца наконт магчымага экалагічнага забруджвання.

Як паказала праверка, праведзеная Смалявіцкай раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, фактаў забруджвання або скіду старонніх рэчываў у вадаём не ўстаноўлена.

— Гэта з’ява натуральнага паходжання. Увосень у вадаёмах пачынаецца актыўны працэс распаду адмерлай воднай расліннасці і багавіння. Гэты прыродны цыкл прыводзіць да выдзялення арганічных рэчываў (так званых павярхоўна-актыўных рэчываў), якія, змешваючыся з вадой і паветрам, утвараюць устойлівую пену. Стан вадасховішча адпавядае сезоннай норме і знаходзіцца на пастаянным кантролі прыродаахоўных службаў, — растлумачыў начальнік Смалявіцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй НОСАЎ.

Па выніках праведзеных выпрабаванняў вады Смалявіцкага вадасховішча ўстаноўлена, што яна адпавядае патрабаванням ЭкаНІП 17.06.01-006-2023 «Ахова навакольнага асяроддзя і прыродакарыстанне. Гідрасфера. Нарматывы якасці вады паверхневых водных аб’ектаў».

Смалявіцкае вадасховішча створана ў 1979 годзе на месцы былых торфараспрацовак. Узровень вады ў ім падтрымліваецца за кошт ракі Пліса. Плошча — 0,95 км2, найбольшая глыбіня — 4 м. У паўночнай частцы вадаёма знаходзяцца два востравы, якія служаць прыпыначным пунктам птушак падчас сезонных міграцый, а ў цёплы перыяд — месцам гнездавання чаек і іншых відаў.


Але чаму на вадаёме або вадацёку наогул з’яўляецца пена? Якія прыродныя працэсы стаяць за гэтай з’явай і калі варта трывожыцца аб экалагічным забруджванні?

Паводле слоў начальніка аддзела гідралогіі і водаахоўных тэрыторый Цэнтральнага навуковадаследчага інстытута комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў Аксаны ТАЎРЫКІНАЙ, у цэлым пенаўтварэнне на водных аб’ектах адбываецца па некалькіх прычынах. Першая звязана з механічным рухам вады. Калі струмень сутыкаецца з перашкодай або падае з вышыні, водныя масы змешваюцца з паветрам, бурбалкі якога ўсплываюць на паверхню, утвараючы пену. Такую з’яву можна ўбачыць пры скідзе вады з плаціны гідраэлектрастанцыі і непасрэдна за ёй у фарватары ракі. Дарэчы, пена, утвораная такім чынам у чыстых вадацёках, няўстойлівая і хутка распадаецца.

Жорсткая вада з высокім утрыманнем кальцыю і магнію ўспеньваецца лепш, чым мяккая.

Другая прычына ўспеньвання — высокая канцэнтрацыя арганічных рэчываў у вадзе. У застойных зонах вадаёмаў і вадацёкаў, гацях, старых вадасховішчах у цёплы сезон года актыўна размнажаюцца водныя расліны і багавінне. Пры адміранні гэтай воднай біямасы пачынаецца гніенне, пры якім вылучаюцца розныя хімічныя рэчывы. Яны ўспеньваюць ваду нават пры адсутнасці яе механічнага руху.

Пухнатыя шапкі бурбалак атрымліваюцца і пад уплывам прыродных матэрыялаў, такіх як пылок з дрэў і восеньскае лісце. Трапляючы ў водны аб’ект, гэтыя натуральныя пенаўтваральныя агенты распадаюцца і памяншаюць павярхоўнае нацяжэнне вады, што спрыяе большаму растварэнню паветра.

— Зразумець, што на паверхні вадаёма (вадацёка) пена натуральнага паходжання, можна па колеры (карычневы, жаўтлявы, радзей белы) і паху (зямлістаму, рыбнаму або свежай травы). Яна няўстойлівая і цалкам знікае пры моцных хвалях, — паведаміла вучоная. — Вялікая колькасць такой пены можа збірацца каля берагоў у ветранае надвор’е, спякоту або восенню (ці пры наяўнасці некалькіх фактараў адначасова). Часцей за ўсё яна бясшкодная: каля 1 % звычайна складае «пенаўтваральнік» (рэшткі лісця ці пылку), астатняе — паветра і вада.

Забруджванне павярхоўна-актыўнымі рэчывамі і фасфатамі, якія ўваходзяць у склад сучасных мыйных сродкаў і шампуняў, асабліва для мыцця аўтатранспарту, — прычына хімічнай пены. Яна звычайна белая, мае пах гнілі або бытавых хімікатаў (характэрныя «лімон», «альпійская свежасць», «горная лаванда» і інш.), у некаторых выпадках ліпкая. Доўга захоўваецца на паверхні вадаёма і можа нанесці сур’ёзны ўрон як экасістэме, так і здароўю чалавека.


Пры хімічным забруджванні водных аб’ектаў гіне флора і фаўна, павышаецца рызыка развіцця вострых і хранічных захворванняў, парушэнняў нервовай, рэпрадуктыўнай і іншых сістэм.

З магчымымі прычынамі ўтварэння пены на водных аб’ектах разабраліся. Але як рэагаваць, калі знайшлі яе на беразе і яна падалася ненатуральнай? Перш за ўсё неабходна звярнуцца да мясцовых органаў санітарнага і эпідэміялагічнага нагляду, раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Там абавязкова падкажуць, ці гэта звычайная для сезона з’ява, як у выпадку са Смалявіцкім вадасховішчам, ці сітуацыя насамрэч патрабуе неадкладных дзеянняў па мінімізацыі негатыўных наступстваў для навакольнага асяроддзя.

Як расказала Аксана Таўрыкіна, для вызначэння прычын утварэння пены праводзіцца дэталёвае даследванне воднага аб’екта, месца, дзе яна знойдзена, і прылеглай да яго тэрыторыі, а таксама фізіка-хімічны і біялагічны аналізы проб вады — непасрэдна ў лакалізацыі пены, вышэй і ніжэй па плыні. Толькі потым, на падставе вынікаў праверкі, падводзяцца адпаведныя высновы. 

І ніякіх суб’ектыўных «падалося» і вердыктаў па знешняй карцінцы, як у роліку з TіkTok. Таму арыентуйцеся толькі на афіцыйныя крыніцы інфармацыі і смела рыхтуйцеся да новага купальнага сезона на Смалявіцкім вадасховішчы.

Александрына ПАРШЫНА
Фота smolevіchі-24.by


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю