Top.Mail.Ru

У Беларусі заканчваецца тэрмін выплаты адзінага маёмаснага плацяжу

У панядзелак, 17 лістапада, завяршаецца перыяд выплаты грамадзянамі маёмасных падаткаў, да якіх адносяцца транспартны, зямельны падаткі і падатак на нерухомасць (жылую і камерцыйную). Дарэчы, сёлета ўпершыню аплачваюць транспартны падатак у павышаным памеры ўладальнікі люксавых аўто. Ёсць і рэкардсмены па памеры падатку на нерухомасць. Падрабязнасці даведаліся ў начальніка галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Андрэя Кавалеўскага.



Заплаці і спі спакойна

Нагадаем: штогод тэрмін выплаты маёмасных плацяжоў прыпадае на перыяд да 15 лістапада, але, паколькі гэтая дата сёлета выпадае на выхадны дзень, апошні тэрмін выплаты пасунуты на адзін працоўны дзень. Гэта значыць, разлічыцца за сваю маёмасць, якой вы валодалі ў 2024-м, трэба не пазней за 17 лістапада 2025 года.

Колькі беларусаў павінны разлічыцца з падатковай? Па даных МПЗ, у бягучым годзе ўнікальных плацельшчыкаў (без уліку пенсіянераў і льготнікаў) — больш за 3,6 мільёна чалавек. І калі раней па ўсіх відах маёмасных падаткаў неабходна было аплачваць па месцы знаходжання кожнага асобна, з мінулага года мы сталі аплачваць іх адзіным маёмасным плацяжом — па месцы рэгістрацыі плацельшчыка. Прычым зрабіць гэта можна ў некалькі прыёмаў, але не пазней за 17 лістапада.

Сёлета істотных змен не адбылося, але ўсё ж ёсць некаторыя навацыі. Напрыклад, у дачыненні да камерцыйнай нерухомасці вялікай плошчы павялічаны разліковы кошт і, адпаведна, падатак на нерухомасць:

— Калі камерцыйная нерухомасць плошчай ад 200 да 400 квадратных метраў, то фактычна падатак вышэйшы ў два разы ў параўнанні са звычайнай камерцыйнай нерухомасцю, а звыш 400 квадратных метраў — у тры разы ў параўнанні са звычайнай камерцыйнай нерухомасцю.

Хто рэкардсмен па гэтым відзе падатку?

Так, максімальную суму з камерцыйнай нерухомасці плошчай больш за 7 тысяч квадратных метраў прыйдзецца заплаціць яго ўладальніку ў памеры больш за  40 тысяч рублёў.

Падатак на раскошу

Прыгожа жыць не забароніш, але па справядлівасці. Ніхто і не забараняе катацца на дарагіх аўто і жыць у шыкоўных асабняках, толькі разлічыцца з дзяржавай неабходна па законе.

— Паколькі мы плацім падаткі за 2024 год, то сёлета ўпершыню фізічныя асобы аплачваюць падатак за валоданне транспартнымі сродкамі павышанай камфортнасці, — нагадаў Андрэй Кавалеўскі.

Пра каго ідзе гаворка? Пра ўладальнікаў новых люксавых аўто «ўзростам» не старэй за тры гады.

— Больш за 400 грамадзянін аплачваюць транспартны падатак з каэфіцыентам 10 — гэта транспартныя сродкі павышанай камфортнасці. Максімальная сума падатку па адным аўтамабілі — 2400 рублёў, — кажа суразмоўца і тлумачыць, адкуль бярэцца гэтая сума. — Паколькі такія легкавыя аўтамабілі, як правіла, з максімальнай масай, большай за 3 тоны, — для іх асноўная стаўка 240 рублёў, адпаведна, з каэфіцыентам 10 — 2400.

Каму прыйдзецца раскашэліцца? Напрыклад, уладальнікам новых Audі Q8, BMW X6, X7, Mercedes G-класа і гэтак далей.

Цікавыя лічбы і па падатку на жылую нерухомасць.

— Максімальная сума падатку перавышае 2,5 тысячы рублёў за жылы дом плошчай больш за дзве тысячы квадратных метраў, размешчаны пад Мінс-кам, — распавёў Андрэй Кавалеўскі.

Які механізм разліку?

Як высветліць, за што і колькі мы плацім?

— Дэталізацыя налічэння знаходзіцца ў паведамленні на выплату падаткаў, гэта значыць — па кожным аб’екце падаткаабкладання, па якім выстаўляецца падатак, прыведзены назва, адрас, — тлумачыць суразмоўца. — А потым усе сумы ў паведамленні падсумоўваюцца, і вызначаецца сума адзінага маёмаснага плацяжу.

Дарэчы, гэтую інфармацыю таксама можна праглядзець у асабістым кабінеце плацельшчыка на сайце падатковых органаў.

А што рабіць тым, хто мае асабісты кабінет, але не часта ім карыстаецца?

— Паколькі былі звароты, што грамадзяне страцілі лагіны і паролі, забыліся, як трапіць у асабісты кабінет, было прынята рашэнне паведамленне накіроўваць як у асабісты кабінет, так і на папяровым носьбіце, — растлумачыў Андрэй Кавалеўскі. — Летась дапрацаваны функцыянал асабістага кабінета, у ім з’явілася ўсплывальнае паведамленне для тых, хто ўваходзіў у 2025 годзе: «Ці пацвярджаеце вы сваё жаданне атрымліваць паведамленне электронным спосабам?». Тыя, хто зайшоў у асабісты кабінет і пацвердзіў гэтае жаданне, атрымалі ў бягучым годзе паведамленне электронным спосабам — гэта больш за 200 тысяч грамадзян. Тыя ж, хто ні разу не ўвайшоў і не пацвердзіў, атрымалі толькі на паперы.

Хто можа разлічваць на льготы?

Асноўная катэгорыя льготнікаў — грамадзяне, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту, якія вызваляюцца ад падатку на нерухомасць у дачыненні да адной кватэры, аднаго жылога дома і любой колькасці гаражоў, машын, садовых домікаў, дач. Пры гэтым калі ў пенсіянера па ўзросце ва ўласнасці дзве кватэры, то ён плаціць падатак на нерухомасць толькі з другой кватэры. Такі ж падыход і ў дачыненні да жылых дамоў — толькі з другога дома.

Таму, калі ў пенсіянера па ўзросце адзін дом, адна кватэра, дзве дачы, два гаражы, ні па адным з такіх аб’ектаў ён не аплачвае падатак на нерухомасць. Падобная ж карціна і з зямельным падаткам — ільготы аналагічныя.

Што датычыцца камерцыйнай нерухомасці, пенсіянеры па ўзросце аплачваюць такі падатак у абавязковым парадку.

Па транспартным падатку таксама ёсць нюансы. Давайце разбяромся.

— Па транспартным падатку прадугледжана не поўнае вызваленне, а паніжэнне стаўкі, — тлумачыць начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб МПЗ і прыводзіць прыклад: — Для пенсіянераў па ўзросце, інвалідаў першай і другой групы стаўка транспартнага 

падатку паніжаецца на 50 %, але пры ўмове што ў іх ёсць пасведчанне кіроўцы адпаведнай катэгорыі. Калі такога вадзіцельскага пасведчання не маецца, то транспартны падатак аплачваецца ў поўным памеры. Для інвалідаў трэцяй групы па транспартным падатку прадугледжана паніжэнне стаўкі на 25 %, але пры ўмове наяўнасці пасведчання кіроўцы адпаведнай катэгорыі.

Асаблівая катэгорыя — шматдзетныя сем’і. На што яны могуць разлічваць, расказаў суразмоўца.

— Шматдзетныя сем’і вызваляюцца ад выплаты падатку на любую колькасць кватэр, жылых дамоў, садовых домікаў, гаражоў і машын, якія належаць членам шматдзетнай сям’і, — канстатаваў Андрэй Кавалеўскі. Ён звяртае ўвагу на важную ўмову: — Шматдзетная сям’я — тая, у якой у справаздачны год на выхаванні знаходзілася трое і больш дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў.

Гэта значыць, што калі аднаму з дзяцей у справаздачны перыяд споўнілася 18, то ільгаціруецца толькі той перыяд, пакуль ён быў непаўналетнім, а ўжо пасля гэтага перыяду вылічаюцца падаткі на нерухомасць і транспартныя сродкі, — рэзюмаваў Андрэй Кавалеўскі.

Вольга АЛЯКСАНДРАВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю