Сучаснае абсталяванне, закупленае для вытворчасці, уражвае сваёй прадукцыйнасцю і якасцю. Аўтаматызаваныя лініі па вырабе талерак і стаканаў працуюць зладжана і без збояў. Кожны этап вытворчасці кантралюецца высокакваліфікаванымі спецыялістамі, што гарантуе добрую якасць прадукцыі.
Як паведаміла майстар вытворчага ўчастка Наталля ВАЙГЕНІЦА, прадпрыемства пачало работу ў верасні і цяпер ідзе наладка ўсіх працэсаў.
— Абсталяванне тэсціруецца ў рабоце, наладжваюцца вытворчыя моманты. На гэта патрэбны пэўны час, але і цяпер кампанія працуе якасна і стабільна. Тут пануе атмасфера эфектыўнасці і інавацый. Прасторнае светлае памяшканне стварае камфортныя ўмовы для супрацоўнікаў. Вялікія вокны забяспечваюць натуральнае асвятленне.
ТАА «Мідаспро» таксама ўвайшло ў пералік інвестыцыйных праектаў «Рэгіянальная ініцыятыва». Плануецца закупка дадатковага абсталявання, якое дазволіць друкаваць выявы на прадукцыі. Гэта пазбавіць неабходнасці звяртацца па гэту паслугу да іншых арганізацый.
Умовы працы на прадпрыемстве садзейнічаюць эфектыўнай рабоце супрацоўнікаў. Прасторныя працоўныя зоны ствараюць спрыяльную атмасферу для работы. Калектыў адзначае, што новае абсталяванне і сучасныя тэхналогіі значна спрашчаюць працэс вытворчасці, робячы яго больш эфектыўным і менш працаёмкім.
— Асноўная мэта кіраўніцтва рэгіёна — развіццё эканомікі для паляпшэння якасці жыцця насельніцтва, стварэнне ўмоў для дзелавой актыўнасці, стымулявання прадпрымальніцтва і фарміравання станоўчага іміджу раёна для мясцовых і замежных інвестараў, — адзначыў намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама Юрый СНЕСАР.
Паводле яго слоў, развіццё бізнесу ў рэгіёнах мае вялікае значэнне для эканомікі краіны. Стварэнне новых прадпрыемстваў садзейнічае з’яўленню дадатковых рабочых месцаў, што зніжае ўзровень беспрацоўя і павышае якасць жыцця насельніцтва. Акрамя таго, развіццё бізнесу ў рэгіёнах дапамагае дыверсіфікаваць эканоміку, знізіць залежнасць ад асобных галін і павялічыць колькасць насельніцтва ў раёнах.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота аўтара