Павышаны падатак на люксавыя матацыклы і мінімальны тарыф для самазанятых
Змяненне Падатковага кодэкса прадугледжвае індэксацыю на прагнозны ўзровень інфляцыі ставак падаткаў, устаноўленых у беларускіх рублях, павелічэнне ставак акцызаў (на цыгарэты і алкаголь — у сярэднім на 7 %, на паліва — на 3 %). Пашыраецца пералік падакцызных тавараў за кошт электронных сістэм курэння і сістэм для спажывання тытуню.
Як паведаміла член Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Наталля КУЛЯШОВА, змяненні закранаюць практычна ўсе падаткі і асобыя рэжымы падаткаабкладання. «Што датычыцца фізічных асоб, то ўраўноўваюцца стаўкі транспартнага падатку для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў з мэтай выключэння мінімізацыі падатковых абавязацельстваў менавіта індывідуальнымі прадпрымальнікамі, — канкрэтызавала яна. — Прапануецца павялічыць прафесійны падатак для індывідуальных прадпрымальнікаў. Калі раней ён складаў 20 %, то цяпер для індывідуальных прадпрымальнікаў, якія займаюцца сферай гандлю і транспартным абслугоўваннем, ён будзе павялічаны да 30 %. Гэта павінна мякка адбіцца на нашым малым бізнесе».

Для плацельшчыкаў-даўжнікоў, якімі на 1 студзеня бягучага каляндарнага года не будзе аплачаны адзіны маёмасны падатак, устанаўліваецца павышаны тарыф (на 15 %), які яны будуць абавязаны аплаціць у 2026-м і наступных гадах. У пяць разоў павялічыцца транспартны падатак для люксавых матацыклаў з вялікім аб’ёмам рухавіка, якія не старэйшыя за 5 гадоў. На матацыклы «Мотавелазавода» гэта не распаўсюджваецца.
Для самазанятых устанаўліваецца мінімальная сума падатку на прафесійны даход: ён складзе 45 рублёў у месяц. «Гэта зроблена для таго, каб мінімізаваць спекуляцыі фізічных асоб, якія не працуюць у сферы прафесійнай дзейнасці, але зарэгістраваны як самазанятыя, — патлумачыла дэпутат. — У цэлым змяненні ў Падатковы кодэкс не акажуць негатыўнага ўплыву на фінансава-эканамічную дзейнасць суб’ектаў гаспадарання, дабрабыт нашых людзей».
У прыярытэце — сацыяльная накіраванасць
Як праінфармавала міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля ПАЎЛЮЧЭНКА, асноўная частка бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва ў наступным годзе традыцыйна будзе накіравана на выплату пенсій (31 млрд рублёў).

«Сярэднямесячны памер пенсіі складзе 1107 беларускіх рублёў (сёлета — 942 рублі), — адзначыла яна. — На фінансаванне ўсіх відаў дапамог прадугледжана амаль 7 млрд рублёў, санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення — практычна 37 млн рублёў. Па-ранейшаму ў бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь застаюцца расходы на фінансаванне спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў прафсаюзаў (73,9 млн рублёў)».
Даходы рэспубліканскага бюджэту на будучы год прагназуюцца ў суме 54,4 млрд рублёў. У агульных даходах рэспубліканскага бюджэту падатковыя даходы складуць 38,3 млрд рублёў, непадатковыя — 6,6 млрд рублёў, бязвыплатныя паступленні — 9,5 млрд рублёў.
Расходы вызначаны ў аб’ёме 58,7 млрд рублёў. Структура расходаў рэспубліканскага бюджэту захавае сацыяльную накіраванасць. У прыватнасці, на фінансаванне сацыяльнай сферы плануецца накіраваць 10,5 млрд рублёў, на аплату працы работнікаў бюджэтнай сферы — 23,6 млрд рублёў.
«Сярод значных сацыяльных пазіцый — выплата сямейнага капіталу, расходы на будаўніцтва жылля з дзяржаўнай падтрымкай. Значна павялічаны асігнаванні на падтрымку навукі і навукова-тэхнічнай, інавацыйнай дзейнасці, істотна павялічаны расходы на фізкультуру і спорт, — канкрэтызаваў старшыня Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Васіль ПАНАСЮК. — Гэтыя меры прадугледжаны на павышэнне канкурэнтаздольнасці айчыннай прадукцыі, што павысіць і даходную частку па знешнеэканамічнай дзейнасці. Бюджэт сфарміраваны з улікам новага фармату ўзаемадзеяння краіны са знешнім светам, з улікам развіцця нацыянальнай эканомікі. Усе пазіцыі даходнай і расходнай часткі бюджэту гарманізаваны, дазваляюць дасягнуць самага галоўнага — высокай якасці жыцця нашых грамадзян».
Звяртаючы ўвагу на асобныя важныя пазіцыі расходаў рэспубліканскага бюджэту, міністр фінансаў Юрый СЕЛІВЕРСТАЎ адзначыў, што будзе павялічаны аб’ём сродкаў сямейнага капіталу (да 279 млн рублёў).

«Расходы на навуковую і навукова-тэхнічную дзейнасць запланаваны ў суме 827 млн рублёў, — дадаў ён. — На патаненне жыллёвага будаўніцтва праз субсідзіраванне крэдытаў і фінансавай дапамогі будзе накіраваны 1 млрд рублёў. Акрамя таго, на будаўніцтва інжынерна-транспартнай інфраструктуры ў раёны жылой забудовы плануецца накіраваць каля 1,5 млрд рублёў. Таксама будуць рэалізаваны ўсе мерапрыемствы па тэхнічным перааснашчэнні Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў. У цэлым расходы на павышэнне абараназдольнасці, нацыянальнай бяспекі плануюцца на ўзроўні 11,2 млрд рублёў».
Выкананне рэспубліканскага бюджэту чакаецца з дэфіцытам у суме 4,3 млрд рублёў.
Вераніка КАНЮТА
Фота прэс-службы Палаты прадстаўнікоў і sb.by