Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка: «Ёсць дасягненні, вынаходкі і канкрэтны вынік — атрымай за гэта грошы»

13.11.2025 | 11:45

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам старшыню Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзіміра Караніка. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гатовы абмяркоўваць пытанні дзейнасці НАН, якія яго датычацца. Але падкрэсліў, што найперш яго цікавіць удасканаленне дзейнасці Акадэміі навук. І акрэсліў ключавыя пытанні. 



«Для чаго мы замянілі старшыню? Каб было лепш. Час быў разабрацца ў сітуацыі, ды і я ўпэўнены, вы інфармаваныя былі і раней адносна работы Акадэміі навук. Што вы бачыце? Як будзем рухацца далей? Я ўжо шмат разоў казаў, што без навукі нікуды — час цяпер такі», — адзначыў беларускі лідар.

Узмацненне статусу вучонага

Прэзідэнт звярнуў увагу, што кіраўніцтва НАН узнімае пытанне аб узмацненні статусу вучонага ў грамадстве, што, магчыма, пацягне за сабой прыток маладых кадраў у навуку ў цэлым, не толькі ў Акадэмію навук. Не першы раз гэта пытанне ўзнімаецца. «Маю пазіцыю вы ведаеце, яна, напэўна, і ў вас такая пасля работы ў рэальным сектары эканомікі. Я ведаю, што такое праца вучонага чалавека, вучоных, гатовы садзейнічаць таму, каб плаціць па максімуме, але патрэбны вынік. Вось проста статус падняць, у два разы павялічыўшы заработную плату — наўрад ці мы штосьці атрымаем. Тут трэба паглыбіцца ў тое, каб сапраўды вучоны быў вучоным і ў тое, каб рэальна падняць статус, а не так, як звычайна ў нас бывала: „вось давайце за дысертацыю плаціць, яшчэ за нешта будзем плаціць і гэтак далей“. Можа, і трэба дзесьці нешта дадаць, але статус вучоны вызначае сам. Будуць дасягненні, будзе вынік — любыя грошы», — адзначыў на гэта Прэзідэнт.  

У прыклад ён прывёў актуальную сёння тэму — беспілотнікі. Па словах кіраўніка дзяржавы, калі вучоны прадставіць непаражальны беспілотнік, які не дастане ніякае РЭБ, ці іншая зброя — атрымае грошы за вынаходства, за ўзор, які паклаў на стол. Яшчэ адзін прыклад — электрамабіль. «Колькі было абяцанняў. Дзе гэты электрамабіль? Мы дапамагалі, і Акадэмія выдаткоўвала немалыя грошы — аўтамабіля няма. Ну дык які статус? — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Ёсць дасягненні, вынаходкі і канкрэтны вынік — атрымай за гэта грошы. Гэта значыць, за вынік дзяржава павінна плаціць і мы будзем плаціць».  

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што вучоныя не павінны быць жабракамі, іх трэба падтрымліваць, тым больш, што праца над вынаходствамі займае нямала часу. Але плаціць трэба за вынік. «Гэта галоўнае. Такая мая цвёрдая пазіцыя. Папрацаваўшы губернатарам, вы зразумелі: людзі атрымліваюць за тое, што зрабілі рукамі», — дадаў ён.



Узмацненне адказнасці заказчыкаў за навуковыя даследаванні 

Наступнае пытанне — узмацненне адказнасці заказчыкаў за навуковыя даследаванні. Часта ўзнікаюць пытанні, што прадпрыемствы, кампаніі мала заказваюць, мала кантактуюць з вучонымі. Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся, што ёсць такая тэма і так будзе заўсёды. «Я хачу яшчэ раз звярнуцца да вашага досведу губернатарскага. Вы, напэўна, убачылі і адчулі хто на што здатны. Раней гэта тэма гучала так: „Мы вынайшлі, а прамысловасць або сельская гаспадарка, транспарт браць не хочуць. Паглядзіце — вялікі цуд вынайшлі, браць не хочуць“. Не буду тут казаць пра канкрэтыку, але ж апошняе слова за вамі, за кіраўніком Акадэміі навук. Ён павінен вывучыць, што там інстытут прапануе канкрэтнаму прадпрыемству, і прыняць рашэнне. Але і адказваць за яго. Калі вы навяжаце рашэнне, якое нежыццяздольнае, мы ж адразу ўбачым гэта, убачым у справе. Вы панесяце за гэта адказнасць. Калі сапраўды прынятае вамі рашэнне карысць прынясе, то тады ад дзяржаўных узнагарод да фінансавых заахвочванняў. Усё як мае быць у жыцці», — растлумачыў Прэзідэнт.  

Уладзімір Каранік адзначыў, што зараз перад вучонымі стаіць асноўная задача — распрацоўваць тое, што запатрабавана рэальным сектарам эканомікі, а не спрабаваць навязваць тое, што ў іх атрымалася. Кіраўнік дзяржавы такі падыход назваў абсалютна правільным.  

«Ну калі нешта атрымалася і гэта будзе запатрабавана, ну дзякуй. Таму што ўсё роўна навука павінна быць на крок наперадзе нашай практыкі і нашай свядомасці нават. Таму трэба глядзець на вынік нашага вынаходства», — адзначыў Прэзідэнт. 

Уладзімір Каранік далажыў, што цяпер Акадэмія навук паварочваецца тварам да рэальнага сектара эканомікі. Усе адзначаюць, што ўзровень узаемадзеяння з рэальным сектарам эканомікі ўзрос, гэта датычыцца і БНБК, і прадпрыемстваў малакаперапрацоўкі, і аграпрамысловага сектара. «Прыемна, што да нас пачынаюць звяртацца», — прызнаўся ён. 
«Галоўнае, каб вы маглі адрэагаваць на гэтыя звароты. Зацікаўленасць будзе вялікая, таму што вы ж бачыце: жым з майго боку і з боку ўрада ўзмацняецца», — адрэагаваў на гэта кіраўнік дзяржавы.  

Вялікая размова з вучонымі

Аляксандр Лукашэнка назваў гэту сустрэчу з кіраўніком НАН першым крокам да правядзення вялікай размовы з вучонымі, якая запланавана на наступны тыдзень. «Трэба, каб член-кары, акадэмікі прысутнічалі і разумелі рэальныя патрабаванні. Мы не збіраемся падлашчвацца да вучоных, нават я. Чаму? Таму што гэта разумныя людзі і яны павінны разумець, што без выніку толку не будзе», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. І нагадаў, што пры падрыхтоўцы да гэтай размовы трэба, каб было менш заарганізаванасці. «Калі ў вучоных ёсць, што сказаць па парадку дня нарады, — няхай кажуць, паслухаем», — рэзюмаваў Прэзідэнт.  

Аператыўнасць, эфектыўнасць і выніковасць 

У размове з журналістамі Уладзімір Каранік адзначыў, што Акадэмія навук як любая структура ў дзяржаве павінна мяняцца, адказваючы на выклікі і патрабаванні часу. Тое, што дапускалася яшчэ 10 гадоў назад з нашым хуткім тэмпам жыцця і змяненнем геапалітычнай абстаноўкі, цяпер ужо неактуальна. «Тыя патрабаванні, якія сёння прад’яўляюцца Акадэміі навук з боку дзяржавы, з боку рэальнага сектара эканомікі, — гэта практыкаарыентаванасць, аператыўнасць, эфектыўнасць і выніковасць. І тут трэба разумець, што нас ніхто не заклікае адмовіцца ад фундаментальных даследаванняў, ад атрымання новых ведаў і стаць канструктарскімі бюро буйных прадпрыемстваў. Не. Але мы павінны дакладна разумець, якія праблемы хвалююць нашу прамысловасць, перапрацоўку, АПК, і быць гатовымі забяспечыць навукова-метадычнае суправаджэнне вырашэння іх праблем, — падкрэсліў кіраўнік Акадэміі навук. — Сістэма, якая не дапускае з’яўлення неактуальных тэм, яна павінна працаваць эфектыўна і больш аператыўна».  

Уладзімір Каранік перакананы: Акадэмія навук і вучоныя павінны больш цесна кантактаваць з рэальным сектарам эканомікі, разумеючы, якія пытанні ёсць на месцах, расказваць пра свае магчымасці. Ён дадаў, што кампетэнцыі і магчымасці ёсць у многіх кірунках дзейнасці Акадэміі навук. І ў прыклад прывёў паказчык экспарту Акадэміі навук — 64 мільёны долараў за дзевяць месяцаў гэтага года. Распрацоўкі Нацыянальнай акадэміі навук вядомыя і на знешнім контуры, але пра некаторыя мала ведаюць унутры краіны. І гэта трэба выправіць, адзначыў Уладзімір Каранік.  

Гаворачы аб павышэнні статусу вучоных, кіраўнік НАН заўважыў, што не раз абмяркоўвалася і фінансавая іх матывацыя. «Мне вельмі імпануе пазіцыя Прэзідэнта, які кажа пра тое, што вучоных трэба падтрымліваць, але ў гэтай падтрымцы не павінна быць ураўнілаўкі. Тое, што абараніў дысертацыю і даказаў, што ты можаш быць даследчыкам і генерыраваць ідэі і пры гэтым спыніўся, то дзяржава табе ўжо даплачвае за ступень. Калі хочаш, каб узровень даплаты быў большы, працягвай даследчую працу, вынаходзь, стварай, атрымлівай новыя веды і рухайся наперад. Тады дзяржава падтрымае. «Прынцып веласіпеда»: пакуль ты рухаешся, ты трымаеш раўнавагу, як толькі ты спыніўся — упаў. Тым, хто рухаецца, трэба дапамагчы, падтрымаць», — рэзюмаваў Уладзімір Каранік.

Валерыя СЦЯЦКО.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю