Top.Mail.Ru

«Вільнюс відавочна адцягвае ўвагу ад галоўнай праблемы»: эксперты — аб сітуацыі на беларуска-літоўскай граніцы

13.11.2025 | 16:40
Днямі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклады старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Канстанціна Моластава, міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова і міністра замежных спраў Максіма Рыжанкова аб сітуацыі на беларуска-літоўскай граніцы. Была прадстаўлена інфармацыя аб аператыўнай абстаноўцы, дзеяннях органаў пагранічнай службы сумесна з іншымі ведамствамі, аб рэалізацыі даручэнняў Кіраўніка дзяржавы. Эксперты — аб дзеяннях літоўскіх улад і пазіцыі афіцыйнага Мінска ў дачыненні да сітуацыі на граніцы.



Даслоўна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка:

— Калі Літва хоча — мяч на яе баку. Калі ласка, адкрывайце граніцу, будзем працаваць і супрацоўнічаць, як гэта было да гэтага часу.

На нарадзе аб дапрацоўцы Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026—2030 гады, 10 лістапада 2025 г.

Страты — рэпутацыя і плюс мільёны еўра

— Афіцыйныя ўлады Літвы не жадаюць адмовіцца ад ідэі чароўнага ператварэння з усходнееўрапейскага палітычнага карліка, які знаходзіцца пад знешнім кіраваннем, у вядучага геапалітычнага гульца сусветнага значэння, які ўплывае на лёс усяго еўразійскага кантынента, — канстатуе намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Алег Дзячэнка.



Ён адзначае той факт, што бяздумнае прытрымліванне авантурыстычнай палітыкі Бруселя па ўвядзенні эканамічных санкцый і абмежаванняў у дачыненні да Саюзнай дзяржавы ўжо нанесла вялізную эканамічную шкоду Літве, выклікаўшы рост узроўню абсалютнай беднасці сярод насельніцтва:

— Усяго ў краіне пражывае крыху больш за 2,5 мільёна літоўцаў. З іх звыш 600 тысяч знаходзяцца за мяжой беднасці, а сацыяльнага дна, жабрацкага існавання ў прамым сэнсе слова летась дасягнулі 167 тысяч жыхароў гэтай некалі багатай па савецкіх мерках суседняй краіны.

Дэпутат канстатуе: на фоне гэтых катастрафічных падзей у эканоміцы і сацыяльнай сферы ў Літве ўзніклі рознага роду крымінальныя структуры міжнароднага маштабу, якія атрымліваюць даходы ў тым ліку ад нелегальнай міграцыі і кантрабанды спажывецкай прадукцыі, уключаючы тытунёвыя вырабы.

— Пад каўпаком Еўрасаюза краіна хутка ператварылася ў гэткую шэрую зону, у якой свабодна арудуюць злачынныя элементы ўсіх масцяў. Літоўскія ж палітыкі самага высокага рангу спрабуюць закамуфляваць няздольнасць сваёй дзяржавы эфектыўна змагацца з арганізаванай злачыннасцю папулісцкімі і пазбаўленымі ўсякага здаровага сэнсу заявамі аб «гібрыдных атаках» з Усходу.

Дэпутат са шкадаваннем канстатуе, што чарговая літоўская выхадка, выкліканая палітычнымі амбіцыямі высокапастаўленых чыноўнікаў, прывяла да новага вітка эскалацыі міжнародных адносін — да блакіравання літоўска-беларускай граніцы.

— Як паказваюць факты рэальнага жыцця, ад гэтага рашэння пацярпелі найперш еўрапейскія і, канкрэтна, літоўскія аўтаперавозчыкі. Эканамічны ўрон яшчэ трэба падлічыць. Па самых сціплых ацэнках — гэта мільёны еўра. Акрамя таго, пацярпела і міжнародная рэпутацыя Літвы, якую наўрад ці ўдасца ў найбліжэйшай перспектыве хоць неяк аднавіць, — мяркуе парламентарый.

Вільнюс — ініцыятар абсурднай сітуацыі


У эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Аляксандр Шпакоўскі падкрэсліў, што Беларусь гатова аднавіць адносіны з Літоўскай Рэспублікай у пытаннях аховы граніц зараз, неадкладна, усебакова, па ўсім спектры пытанняў, звязаных з пагранічнай бяспекай:

— Але пакуль з Вільнюса гучаць вельмі супярэчлівыя заявы. Спачатку яны пісалі лісты ў нейкі пагранатрад, як быццам бы асобна ўзятая пагранічная застава з’яўляецца самастойным суб’ектам. Калі вы, ініцыятары закрыцця граніц, хочаце размаўляць па такім сур’ёзным пытанні, то вам неабходна размаўляць з Мінскам. На правядзенне перагавораў упаўнаважана Міністэрства замежных спраў як суб’ект, які пад кіраўніцтвам Прэзідэнта рэалізуе айчынную знешнюю палітыку. З Літвы гучаць заявы, што яны не будуць адкрываць граніцу, і заклікаюць сваіх грамадзян, якія знаходзяцца на нашай тэрыторыі, ладзіць акцыі пратэсту. Але мы ведаем, што ў беларускіх рэаліях гэта абсалютна контрпрадуктыўна. Пратэставаць ім трэба ў Вільнюсе, каля будынка прэзідэнтуры ці ўрада Літоўскай Рэспублікі, бо менавіта Вільнюс з’яўляецца ініцыятарам абсурднай сітуацыі, якая склалася.
Аляксандр Шпакоўскі звярнуў увагу:

— У нашым разуменні так званая кантрабанда — гэта казус бэлі. Бо самі літоўцы заяўляюць аб тым, што кантрабандныя грузы дастаўляюцца па паветры. Тады прычым тут сухапутная граніца? Ужо ўсім відавочна, што шмат у чым гэта ўнутрылітоўскае пытанне. Гэтыя грузы цыгарэт, калі яны сапраўды існуюць у тых маштабах, пра якія заяўляе Вільнюс, атрымліваюць на тэрыторыі Літвы пэўныя грамадзяне ці злачынныя групы, і пазней самі літоўцы іх распаўсюджваюць па тэрыторыі ўсяго Еўрапейскага саюза. Займіцеся сабой, навядзіце парадак у сябе ў краіне.

У сувязі з гэтым эксперт па нацыянальнай бяспецы Аляксандр Цішчанка падзяліўся ў сацыяльнай сетцы цікавымі фактамі:

— У Літве ў жніўні гэтага года ў Каўнасе паліцыя накрыла падпольны цыгарэтны завод, які па іх падліках вырабіў 6,5 мільёна пачкаў кантрафактных цыгарэт. Калі ўлічыць, што шар (метэазонд. — Заўв. "Зв.") паднімае адзін кораб або 500 пачкаў цыгарэт і перавесці гэты аб’ём у шары, то атрымаецца аж 13 тысяч штук. Нават калі дапусціць, што гэта гадавая прадукцыйнасць, то выходзіць па 35 шароў у дзень. А Вільнюс скардзіцца, што ў кастрычніку ў іх было выяўлена ажно 70 шароў з Беларусі. Але гэта ўсяго два шары на дзень. Гэта значыць, у іх адзін падпольны заводзік дае кантрафакту ў 17 разоў больш, чым уся беларуская пагроза. А паводле аператыўных даных, колькасць такіх падпольных вытворчасцяў у Літве можа даходзіць ад 10 да 20. Вільнюс відавочна хавае больш, чым паказвае, і адцягвае ўсіх ад галоўнай праблемы.

Літва сама аддала эканамічныя перавагі


— Калі мы звернемся да не такой ужо і даўняй гісторыі, то ўбачым, што пад выглядам умацавання нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Літвы і супрацьдзеяння «гібрыдным атакам» з боку Расіі і Беларусі былі выдзелены немалыя сумы і наўмысна закрыты Віленскі аэрапорт, — нагадвае член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па мясцовым кіраванні і самакіраванні, старшыня Ваўкавыскага райвыканкама Дзмітрый Захарчук. — Апроч гэтага, нядаўна закрывалася граніца з Польшчай для «рамонту». Працягнуліся новыя ўмацаванні дарог, заменены масты, і ўся інфраструктура пагранічча «адрамантавалася». І я ўпэўнены, што і далей Літва ідзе па тым жа шляху.


Сітуацыя на граніцы паміж Літвой і Беларуссю выклікае шмат пытанняў, згаджаецца з калегам член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Андрэй Крываносаў:

— Гэта прыклад, калі жаданне аказаць палітычны ціск на нашу краіну прыводзіць да эканамічных праблем для самой жа Літвы.

Сенатар перакананы: сваімі дзеяннямі літоўскія ўлады шкодзяць у першую чаргу сваім грамадзянам і свайму бізнесу, а не Беларусі:

— Давайце паглядзім на факты. Пакуль Літва закрывае прапускныя пункты, Польшча дзейнічае практычна і разумна. Яна адкрывае свае пункты пропуску і прапускае ўвесь паток грузаў. Польскі бізнес зарабляе грошы, бюджэт атрымлівае падаткі. У той жа час літоўскія перавозчыкі застаюцца без работы і прыбыткаў. Кампаніі проста сыходзяць туды, дзе ім зручней і выгадней працаваць, — у Польшчу. Гэта не часовыя цяжкасці, гэта ўдар па ўсёй сферы перавозак у Літве, ад якога яна можа і не акрыяць.

Сенатар падкрэсліў: Літва сама, сваімі рукамі аддала эканамічныя перавагі, каб дабіцца палітычнай мэты, якая так і не была дасягнута.

— Гэта пройгрышная сітуацыя. Калі нічога не зменіцца, то ў хуткім часе мы ўбачым, што Літва цалкам страціла сваё значэнне як краіна для транзітных перавозак. І вінаватая ў гэтым будзе толькі яе ўласная палітыка, — канстатаваў Андрэй Крываносаў.




Тым часам

Літва зрабіла гэта наўмысна?

У літоўскіх перавозчыкаў не было магчымасці падрыхтавацца да закрыцця граніцы з Беларуссю, заявіў віцэ-прэзідэнт Нацыянальнай асацыяцыі аўтаперавозчыкаў Літвы Linava Алег Тарасаў.

Ён нагадаў, што ўлады Літвы не далі ніякага «выразнага сігналу» аб планах закрыць граніцу з Беларуссю на працяглы тэрмін:

— У нас не было магчымасці падрыхтавацца. Мы паспяхова працуем на гэтых напрамках з 1990-х гадоў, а прадстаўнікі ўрада сцвярджаюць, што папярэджаннем было тое, што Служба аховы дзяржаўнай граніцы раней закрывала граніцу на некалькі гадзін, але такія рэчы не з’яўляюцца папярэджаннямі. Не было дакладнага сігналу.

Алег Тарасаў дапусціў, што літоўскія ўлады маглі спецыяльна не папярэдзіць перавозчыкаў аб закрыцці граніцы, каб яны пакінулі сваю маёмасць у суседняй краіне.

— Улады не ведалі, што там (у Беларусі. — Заўв. рэд.) шмат літоўскай маёмасці, ці гэта наогул не ўлічвалася? Калі нас не папярэдзілі, можа, гэта было зроблена наўмысна, каб літоўскі бізнес пакінуў там сваю маёмасць? — выказвае меркаванне прадстаўнік перавозчыкаў.

У той жа час у Linava папярэдзілі, што перавозчыкі разгледзяць варыянт выхаду на акцыі пратэсту як у Літве, так і ў Бруселі, калі ўлады не прымуць рэальных дзеянняў па адкрыцці граніцы з Беларуссю.



У тэму

Больш за тысячу фур змешчаны на спецыяльныя пляцоўкі

Літоўскія фуры, якія засталіся на тэрыторыі Беларусі, размешчаны на спецыяльных пляцоўках, паведамілі ў ДМК.

Па даных ведамства, цяпер у «Бераставіцы» знаходзяцца 429 грузавікоў, у «Беняконях» — 166, у «Катлоўцы» — 348 і «Каменным Лозе» — 102

— Вадзіцелі гэтых 1045 фур, якія выканалі афіцыйнае патрабаванне мытных органаў па дастаўцы транспартных сродкаў на спецыяльна абсталяваныя і ахоўныя стаянкі, могуць пакінуць тэрыторыю Беларусі, — пракаментавалі ў ведамстве.

Яшчэ больш як па 220 літоўскіх фурах, 140 з якіх знаходзяцца на абочынах дарог паблізу пунктаў пропуску, ДМК і МУС праводзяць работу па пошуку вадзіцеляў і забеспячэнні дастаўкі грузавікоў на абсталяваныя для гэтага месцы.

Дарэчы, у адносінах да вадзіцеляў літоўскіх перавозчыкаў, якія наўмысна не выконваюць выстаўленае беларускай мытняй абавязацельства па прыбыцці ва ўстаноўленыя тэрміны ў спецыяльныя месцы, будуць прыменены меры адміністрацыйнага спагнання ў максімальным памеры (арт. 24.3 КаАП Рэспублікі Беларусь, да 100 базавых велічынь).

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю