— Лістапад — знакавы месяц для нашых узаемаадносін. Пяць гадоў таму першая электраэнергія з беларускай АЭС пайшла ў сетку, два гады таму афіцыйна ўвялі станцыю (другі энергаблок. — Заўв. рэд.) у эксплуатацыю. Вялікі дзякуй вам за дапамогу, за супрацоўніцтва. Прыйшоў час абмеркаваць канкрэтныя крокі па нашым далейшым узаемадзеянні. Хацелася б падчас сённяшняй сустрэчы разгледзець магчымыя варыянты, узніклі новыя ідэі. Спадзяюся на шчырую размову, — сказаў Аляксандр Турчын.
Генеральны дырэктар «Расатама» адзначыў, што Беларусь імкліва ўварвалася ў эліту атамнай энергетыкі планеты.
— 40 % электрычнасці выпрацоўваецца на атамнай станцыі. Якасць работы БелАЭС дазваляе ёй быць не толькі сімвалам беларуска-расійскага супрацоўніцтва, фактарам развіцця эканомікі Беларусі — атамная станцыя стала вітрынай для ўсёй сусветнай атамнай супольнасці. Партнёры з блізкага замежжа і з далёкіх краін нам кажуць: «Былі ў Беларусі, хочам вось так». Вам таксама вялікі дзякуй за тое, што вы шчодра дзеліцеся вопытам, беларускія спецыялісты працуюць з намі ў трэціх краінах, — падкрэсліў Аляксей Ліхачоў.
Другі энергаблок Беларускай АЭС 13 лістапада выведзены ў планава-папераджальны рамонт.

— Усё ідзе штатна. Будзем далучаць адпрацаванае ядзернае паліва ў рэцыклінг — у паўторнае выкарыстанне. Бачым станцыю ў Астраўцы як элемент замкнёнага паліўнага цыкла, — падзяліўся ён.
Таксама Аляксей Ліхачоў падзякаваў беларускаму боку за ўвагу да неатамных тэхналогій.

У Мінску адкрыўся Рэспубліканскі цэнтр адытыўных тэхналогій. Праект рэалізаваны як сумеснае прадпрыемства беларускага холдынга «Гарызонт» і дзяржкарпарацыі «Расатам».
Па словах гендырэктара «Расатам», цікавасць да цэнтра велізарная, у планах — нарошчваць яго магутнасці.
— Працуем і па назапашвальніках энергіі, — дадаў генеральны дырэктар «Расатама».