Паўночны вецер прынясе пахаладанне, паведамілі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Праўда, яшчэ 14 лістапада надвор’е будуць вызначаць франтальныя раздзелы, якія ссоўваюцца з паўночнага захаду Еўропы. Воблачна з праясненнямі. Ноччу месцамі па поўначы невялікія дажджы, днём — у многіх раёнах краіны. У начныя і ранішнія гадзіны месцамі чакаецца слабы туман. Вецер паўднёва-заходні парывісты, ноччу і раніцай месцамі моцны. Тэмпература паветра ўначы ад +1 да + 7 °С, а днём +6–12 °С.
Змена надвор’я пачнецца непасрэдна ў суботу. У гэты дзень захаваецца ўплыў франтальных раздзелаў, якія ссоўваюцца ў паўднёвым напрамку, але ўслед за імі ў краіну пачнуць паступаць халодныя паветраныя масы паўночных шырот. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць ападкі, ноччу месцамі моцныя, у выглядзе дажджу і мокрага снегу. Вецер заходняй чвэрці ўмераны, месцамі парывісты. Тэмпература паветра на працягу сутак ад нуля да +7 °С.
У нядзелю ноччу надвор’е ў асноўным будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, а днём з тэрыторыі Польшчы чакаецца перамяшчэнне атмасфернага фронту. Ноччу пераменная воблачнасць, днём воблачна з праясненнямі. Ноччу месцамі па крайнім паўднёвым усходзе невялікія кароткачасовыя ападкі, днём на большай частцы тэрыторыі краіны дождж і мокры снег. На асобных участках дарог галалёдзіца. Раніцай і днём месцамі слабыя туман і галалёд. Вецер ноччу пераменных напрамкаў, днём паўднёва-ўсходні, паўднёвы ўмераны. Тэмпература паветра мінімальная ноччу да −7° С, а днём — ад −1 да +6 °С.
Сяргей КУРКАЧ