Top.Mail.Ru

Паступальны рух наперад

Са старшынёй Пружанскага райвыканкама Міхаілам ГРЫШКЕВІЧАМ напярэдадні свята працаўнікоў аграпрамысловага комплексу гутарым пра важныя надзённыя справы тых, хто працуе на зямлі, і тых, хто перапрацоўвае сельгаспрадукцыю, а таксама пра развіццё аграрнай галіны раёна, складнікі поспеху аграрыяў і не толькі.


— Нашу гутарку хацеў бы пачаць са слоў падзякі людзям, якія вырошчваюць хлеб: сядзяць за штурвалам камбайна, кіруюць аўтамабілем, трактарам, — гаворыць Міхаіл Міхайлавіч. — Аддаць даніну пашаны тым, хто працуе на жывёлагадоўчым комплексе, а таксама спецыялістам у галіне раслінаводства, жывёлагадоўлі, эканомікі. Усе яны займаюцца высакароднай справай — кормяць краіну. Работа сельскіх працаўнікоў вельмі нялёгкая, але яны выконваюць яе годна, нягледзячы на любыя капрызы надвор’я, штодня пераадольваюць цяжкасці, якіх хапае, праяўляюць разуменне.

— Напярэдадні свята звычайна згадваюць працоўныя поспехі, дасягненні, гавораць пра перспектывы...

— У названым кантэксце працоўнымі поспехамі можна лічыць роўную, стабільную работу гаспадарак і іх калектываў. Усё гэта ёсць. Праўда, збожжавы вал у нас гэтым разам атрымаўся крыху меншы, чым леташні. Вясновыя пагодныя катаклізмы адыгралі сваю негатыўную ролю. Асабліва нашкодзіла пасевам майская засуха. У сувязі з гэтым і нарыхтоўка кармоў пачалася пазней за леташнюю, і на ўборку збожжавых выйшлі крыху пазней. І ўсё ж, да гонару земляробаў, кармоў мы нарыхтавалі не менш, чым у мінулым годзе, кукурузы таксама будзе не менш. Значыць, жывёлагадоўчая галіна атрымае дастатковы запас кармоў, а гэта базіс для работы ў наступным годзе.

— Давайце пагаворым пра жывёлагадоўлю раёна як крыніцу прыбытку гаспадарак.

— Варта нагадаць, што жывёлагадоўля з’яўляецца асновай эканомікі кожнай гаспадаркі. Раслінаводства — важная стратэгічная галіна, гэта хлеб, які ўсяму галава. Але хлеб вырошчваюць у гаспадарцы, якая павінна эфектыўна будаваць сваю эканоміку, набываць тэхніку, узводзіць аб’екты, выплачваць прыстойную зарплату работнікам, атрымліваць прыбытак. А прыбытак даюць малако і мяса, для вытворчасці якіх патрэбна кармавая база. Якасная кармавая база з’яўляецца залогам поспеху ў шырокім сэнсе: гарантыяй росту надояў і прываг, здароўя жывёлы, захаванасці і аднаўлення статка і маладняку. Пералічанае нязменна вядзе да росту эканомікі прадпрыемства і дабрабыту яго работнікаў. Кожны кіраўнік цудоўна разумее, што годная зарплата членаў яго калектыву азначае дабрабыт сем’яў, іх агульны настрой.

— Малако, мяса — гэта, вядома, асноўнае, але гаспадаркі Пружаншчыны займаюцца рознымі кірункамі дзейнасці. Раскажыце, як сёння справы з ураджаем яблыкаў, бульбы?

— Так, звычайна сады даюць добрую выручку нашым сельгаспрадпрыемствам. Праўда, сёлета садаводам не пашанцавала. Замаразкі пашкодзілі квецень, ураджай атрымаўся значна меншы. Калі раней асноўныя нашы вытворцы яблык, іх у раёне паўдзясятка, закладвалі ў сховішчы па 2-3 тысячы тон пладоў, то цяпер такога няма. І, па ўсім відаць, яблыкі давядзецца зімой есці імпартныя.

А вось бульба ўрадзіла добра. З гектара атрымалі звыш 300 цэнтнераў клубняў. Мы гатовы не толькі забяспечыць другім хлебам раён, але і прадаць яго таму, хто мае патрэбу. «Ружаны-Агра», «Айчына» паспяхова займаюцца бульбай. І год быў спрыяльны, улічылі недахопы мінулага года — так што бульбы хопіць. 

У крамах нашага райцэнтра прапаноўваецца выбар ад розных вытворцаў розных сартоў на любы густ.

— Якое месца ў аграрнай вытворчасці раёна займаюць фермерскія гаспадаркі? Ці ёсць тыя, хто працуе эфектыўна, дэманструе добрыя вынікі?

— Фермеры ў раёне ёсць. І хоць удзельная вага сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак у агульным аб’ёме валавой сельгаспрадукцыі зусім невысокая, многія гаспадаркі працуюць цікава, можна нават сказаць, творча, і заслугоўваюць таго, каб згадаць іх у агульным кантэксце гаворкі аб працаўніках сельскай гаспадаркі. Фермеры займаюцца вырошчваннем збожжавых культур, бульбы, агародніны, садавіны, ягад. Напрыклад «ШаніАгародніна» вырошчваюць капусту, моркву, памідоры вельмі паспяхова. Яны пастаўляюць сваю прадукцыю на ўнутраны рынак, частка ідзе на экспарт.

Хачу згадаць не толькі фермераў, але і вяскоўцаў, якія займаюцца асабістай падсобнай гаспадаркай даволі паспяхова. Што радуе: за апошнія год-два такіх людзей стала больш. Сваю прадукцыю яны прадаюць у Пружанах, Бярозе, Брэсце. Бачыў нашых гаспадароў на рынках з бульбай, памідорамі, баклажанамі, іншай агароднінай, буякамі. Фруктамі цяжэй займацца на невялікім участку, тут патрэбны тэхналогія, спецыяльныя веды. А вось агародніну вяскоўцы навучыліся вырошчваць паспяхова. І заслугоўваюць гэтыя людзі ўсялякай павагі. Яны сваёй працай кормяць сем’і, ствараюць уласны дабрабыт і прыносяць карысць людзям. На восеньскіх кірмашах яны таксама былі прадстаўлены.

— Як прайшлі восеньскія кірмашы?

— Кірмашы традыцыйна праводзіліся ў вялікіх населеных пунктах Ружанах і Шарашэве, адбыўся таксама раённы кірмаш «Пружанская восень». Акрамя таго, нашы прадпрыемствы, арганізацыі, фермеры, гаспадары ўдзельнічалі ў аналагічных мерапрыемствах абласнога цэнтра, суседніх райцэнтраў. Гэта вельмі патрэбная кампанія: у чалавека ёсць магчымасць набыць прадукцыю, зрабіць запасы на зіму. Найбольшым попытам на кірмашах карысталіся агародніна і садавіна, прадавалі шмат бульбы. Сельскія жыхары куплялі збожжа для падсобнай гаспадаркі. У гэтых кірмашах ёсць элементы фестывалю, абавязковая культурная праграма. Людзі прыходзяць сюды адпачыць, купіць сельгаспрадукцыю і нешта смачнае, асобныя нашы сельгаспрадпрыемствы прадаюць мясныя паўфабрыкаты высокай якасці па даступных цэнах. Адным словам, восеньскія кірмашы ўдаліся.

— Не варта забываць, што святкаваць прафесійнае свята 16 лістапада будуць таксама прадпрыемствы перапрацоўчай прамысловасці. Хацелася б пачуць пра вашых флагманаў гэтай галіны.

— Так, сапраўды, нашымі перапрацоўшчыкамі ёсць нагода ганарыцца. І льнозавод, і малочны камбінат, і камбінат кааператыўнай прамысловасці, і райаграсэрвіс, які займаецца абслугоўваннем сельгаспрадпрыемстваў, працуюць даволі паспяхова. Напрыклад, ільнозавод сёлета павялічыў аб’ёмы нарыхтоўкі льнотрасты. Першымі ў краіне завадчане завяршылі ўборку лёну і дапамаглі многім аналагічным прадпрыемствам. На нашым малочным камбінаце вядзецца далейшая мадэрнізацыя, мэтай якой з’яўляецца павелічэнне выпуску прадукцыі. 

А для таго каб забяспечваць завод сыравінай у перспектыве (Пружанскі раён, дарэчы, пастаўляе малако не толькі на свой камбінат, але і на Кобрынскі масларобна-сыраробны камбінат, і на ААТ «Савушкін прадукт»), трэба павялічваць вытворчасць малака на дзеючых фермах і комплексах за кошт росту прадукцыйнасці грамадскага статка. Такім чынам, па лагічнаму ланцужку разважанняў мы зноў звяртаемся да нашых сельгаспрадпрыемстваў. Любая гаспадарка мае перспектыўныя планы: прадпрыемства павінна развівацца, стаяць на месцы не выпадае. Застой азначае рэгрэс — рух назад, а прагрэс — гэта рух наперад. Рост прадукцыйнасці малочнага статка мае шмат складнікаў, гэта не толькі рост надояў, але і захаванасць статка, укараненне і ўдасканаленне тэхналогій утрымання і кармлення і гэтак далей. Над пералічаным працуюць спецыялісты. Кірункі вызначаны, галоўны з якіх — паступальны рух наперад.

Святлана ЯСКЕВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю