Top.Mail.Ru

На доследнай станцыі ствараюць новыя сарты з прабіркі і даводзяць да кандыцыі тэхналогіі вырошчвання

У Пружанах працуе знакавая для айчыннай сельгаснавукі ўстанова — Брэсцкая абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Больш за паўстагоддзя вучоныя, аграномы станцыі шчыруюць над стварэннем новых сартоў і вытворчасцю насення, а таксама асвойваюць новыя тэхналогіі, удасканальваюць методыкі навукова-тэхнічнай дзейнасці.


На бачным месцы ў памяшканні станцыі змешчаны стэнд са словамі, якія калектыў узяў сабе за дэвіз: «Мы захоўваем прыгажосць прыроды ў кожным вырашчаным зярнятку». Працуе тут крыху больш за 70 чалавек, у іх ліку тры кандыдаты навук, старшыя навуковыя супрацоўнікі, навуковыя супрацоўнікі, малодшыя навуковыя супрацоўнікі, спецыялісты-аграномы. Станцыя складаецца з чатырох структурных падраздзяленняў.

Дырэктар установы, кандыдат навук, дацэнт Уладзімір ЦІМОШЧАНКА расказаў аб навуковай рабоце станцыі, накіраванай на распрацоўку новых і ўдасканаленне існуючых тэхналогій вырошчвання сельгаскультур, стварэнне новых сартоў: «Мы працуем па вялікаму спектру культур, пачынаючы са збожжавых і заканчваючы пладовымі культурамі. Раслінагадоўчы кірунак падразумявае работу ў полі і дапрацоўку насеннага матэрыялу, святая святых якога — лабараторыя, што праводзіць усебаковы аналіз матэрыялу на ўсіх этапах — працягвае Уладзімір Рыгоравіч. — Аддзел пладаводства складаецца з вытворчага саду і пітомніка, дзе гадуюцца саджанцы, а таксама пладаводчай лабараторыі, дзе мы атрымліваем расліны суніцы, ажыны, буякоў, а яшчэ расаду агароднінных культур. Аддзел бульбаводства — гэта вытворчыя пасевы плюс мікракланальная лабараторыя размнажэння бульбы».

Пра бульбу па нашай просьбе дырэктар расказвае больш падрабязна: «Спачатку мы атрымліваем расліну ў прабірцы, далей высаджваем гэту бульбіну ў цяпліцы, затым — у полі і атрымліваем чысты аздароўлены матэрыял. На стадыі росту ў цяпліцы важныя паліў і частыя апрацоўкі. Апрацоўваецца гэты матэрыял удвая больш, чым у палявых умовах, бо ўся тая бульба ідзе на размнажэнне. Цяпліцы ў нас называюць „яслямі“ для бульбы. Калі ў полі бульбу лічаць у кілаграмах альбо ў цэнтнерах, то тут — у штуках, бо гэта каштоўны матэрыял — ранняе дзяцінства новага сорту. Адсюль і назва — „яслі“. Тут парасткі бульбачкі даглядаюць, гадуюць, як тое немаўля, і расце яна да кастрычніка, каб найбольш завязалася клубняў, каб яны набраліся сіл. Адзін такі кусцік з прабірачнай расліны здольны даць 8-9 клубняў. Потым яны будуць высаджаны ў полі, у гадавальніку для папярэдняга размнажэння. Там ужо бульба пройдзе этап сталення, яе пасадзяць саджалкай, выкапаюць камбайнам, адвязуць на сартавальны пункт і накіруюць у сховішча. А на наступны год яе пасадзяць і атрымаюць арыгінальны насенны матэрыял, які будзе рэалізаваны гаспадаркам, фермерам, насельніцтву — пакупнікам. Увесь шлях ад прабіркі да гаспадаркі займае прыкладна пяць гадоў».

Кожная культура вырошчваецца па сваёй тэхналогіі. Напрыклад, аддзел кормавытворчасці атрымлівае насенне шматгадовых траў, кукурузы, рапсу. Збожжавая група таксама вялікая: азімая пшаніца, жыта, трыцікале, азімы ячмень, ёсць крупяныя культуры. На станцыі выпрабоўваюць новыя культуры, нешта дадаюць, удасканальваюць і накіроўваюць у вытворчасць. Асаблівая старонка — пладаводства. Установа пастаўляе спажыўцу саджанцы самых розных культур.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю