Top.Mail.Ru

«Высокая якасць беларускай прадукцыі ацэнена спажыўцамі 113 краін»

У нядзелю беларускія аграрыі адзначаць сваё прафесійнае свята. Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу — адна з дат, якую адзначаюць на дзяржаўным узроўні. І нездарма, бо ўнёсак гэтай галіны ў экспарт краіны перасягнуў 25 %. 


А разнастайнасці харчовай прадукцыі на паліцах нашых магазінаў могуць пазайздросціць у любой іншай краіне. За кошт чаго Беларусь утрымлівае статус вядучага сусветнага вытворцы харчовай прадукцыі і ці хапае яе самім беларусам, расказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення перапрацоўчай прамысловасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Марыя КЛІМАВА.

— Як сёлета спрацаваў аграпрамысловы сектар?

— У нашай краіне забеспячэнне насельніцтва харчаваннем высокай якасці ў неабходнай колькасці ўзведзена ў ранг забеспячэння харчовай бяспекі. І гэта задача паспяхова выконваецца. Аграпрамысловы комплекс сёлета дэманструе паступовае развіццё, тэмпы росту станоўчыя. Мы не толькі забяспечваем унутраны рынак, але і пастаўляем сваю прадукцыю на экспарт. Узровень самазабеспячэння ўласным харчаваннем складае 96 %.

Па асноўных сацыяльна важных харчовых таварах спажывецкага кошыка наша харчовая бяспека забяспечваецца звыш норм і той колькасці, што мы ўжываем. Напрыклад, узровень забеспячэння малаком і малочнай прадукцыяй дасягае 292 %. У краінах Еўрасаюза гэты паказчык складае 117 %, а ў такіх краінах, як Венгрыя, Румынія, Славакія, Балгарыя ўвогуле 60–70 %, краіна Паўднёвай Еўропы, напрыклад, Грэцыя, забяспечвае сябе ўсяго на 52 %.

Мы вырабляем 958 кг малака і малочнай прадукцыі на душу насельніцтва ў год пры ўжыванні 247 кг — амаль у 4 разы больш, чым ужываем. Кожны чацвёрты кілаграм малака ў выглядзе малочных прадуктаў рэалізуецца на экспарт. Дасягнуты высокі паказчык не толькі па вытворчасці малака, але і па вытворчасці ўсёй наменклатуры малочнай прадукцыі. Напрыклад, Беларусь па ўжыванні натуральнамалочнай прадукцыі — малака, ёгурта, ражанкі, кефіру — у свеце займае 1-е месца. Натуральнамалочнай прадукцыі мы ўжываем 118 кг на чалавека ў год. 

У Новай Зеландыі, напрыклад, гэты паказчык складае 103 кг, у Аўстраліі — 92 кг, Канадзе — 69 кг, у ЗША — 60 кг, у Расіі — 47 кг.

— Цікава, чаму беларусы ўжываюць так шмат малочнай прадукцыі?

— Найперш таму, што асартымент прадукцыі ў нас надзвычай шырокі, на паліцах крамы кожны знойдзе сабе прадукты па смаку. Акрамя таго, мы знаходзімся на другім месцы ў свеце па спажыванні сметанковага масла — вельмі карыснага прадукту, у тым ліку для нашай імуннай сістэмы, які ўтрымлівае жывёльныя тлушчы, вітаміны А, D, E, — пасля Новай Зеландыі. Там гэты паказчык складае 6 кг, у нас — 5 кг. 

У ЕС, напрыклад, ужываюць у сярэднім 4 кг, у ЗША і Расіі — 3 кг.

Адметна, што такія высокія паказчыкі дасягнуты не толькі ў малочным сегменце, але і ў вытворчасці і забеспячэнні мясам. Узровень забеспячэння мяснымі прадуктамі ў нашай краіне складае 140 % на душу насельніцтва, мяса вырабляецца 147 кг пры ўжыванні 103 кг.

— Асноўная доля харчовых тавараў на нашых паліцах — айчыннай вытворчасці...

— І гэта наш гонар, што крамы маюць не пустыя паліцы, а самы шырокі асартымент з розным цэнавым дыяпазонам. У мясной і малочнай групах тавараў доля айчынных набліжаецца да 90-100 %. Сыры складаюць 95,2 %, мяса птушкі і ялавічына — 99 %, сметанковае масла — 99 %, яйкі — 100 %. Па іншых таварах таксама высокая ўдзельная вага: макаронныя вырабы — больш за 60 %, крупы аўсяныя — 91 %, агародніна і грыбы — 65 %, бульба — 90 %, свежыя сталовыя буракі — 90 %, морква — 94 %, свежыя агуркі — 94 %, таматы —71 %, капуста белакачанная — 82 %, яблыкі — 59 %. 

Гэта сведчыць аб тым, што аграпрамысловы сектар забяспечвае насельніцтва харчаваннем у поўным аб’ёме па асноўных сацыяльных групах тавараў.

Прычым не толькі забяспечваем, але і павялічваем пастаўкі на ўнутраны рынак. За 9 месяцаў прырост вытворчасці сметанковага масла склаў 12 %, сыроў — 3 %, а мяккіх сыроў— увогуле 50 %, малочных кансерваў — 6 %, сухіх дзіцячых сумесяў — 10 %, мяса — 8 %, мясных і мясараслінных кансерваў — 4,8 %, пельменяў — 6 %.

Тэндэнцыі сведчаць, што мы гатовы экспартаваць прадукцыю неабходнай колькасці і стабільна высокай якасці на рынкі іншых краін. Некалькі апошніх гадоў Беларусь цвёрда ўтрымлівае пазіцыі вядучага сусветнага экспарцёра малочнай прадукцыі. Калі не ўлічваць гандаль паміж краінамі ўнутры Еўрасаюза, то ў экспарце малочнай прадукцыі наша краіна займае 5-е месца па экспарце масла, 4-е — па экспарце сыра, 3-е — згушчанага малака, сухой малочнай сыроваткі і яе кампанентаў. Доля харчовых тавараў у экспарце краіны перавышае 25 %.

Высокая якасць нашай прадукцыі ацэнена спажыўцамі 113 краін, куды мы пастаўляем свае харчовыя тавары. Найбольшую ўдзельную вагу ў экспарце займаюць малочныя прадукты, якія экспартуюцца ў 55 дзяржаў свету. Мясныя тавары пастаўляюцца ў 25 краін. Найбольш прадукцыі накіроўваецца ў краіны СНД з-за падабенства спажывецкіх і кулінарных пераваг, прывабнай лагістыкі. Пры гэтым 20 % у структуры экспарту займаюць краіны дальняй дугі, якія мы планамерна асвойваем, выконваючы задачу кіраўніка дзяржавы па дыверсіфікацыі экспарту. Высокая якасць нашых тавараў, шырокі асартымент, мадэрнізацыя прадпрыемстваў і стварэнне новых вытворчасцяў дазваляюць асвойваць азіяцкі рэгіён, краіны Афрыкі. Толькі сёлета адбыліся першыя пастаўкі пэўных груп харчовых тавараў у КНДР, Камбоджу, Гвінею, Эквадор, Дамініканскую Рэспубліку.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю