Top.Mail.Ru

Як прафсаюз АПК Гродзеншчыны клапоціцца аб работніках сельскагаспадарчай галіны

13.11.2025 | 18:32

У Гродзенскай вобласці амаль усе работнікі аграпрамысловага комплексу ахоплены прафсаюзным рухам. Ён аб’ядноўвае каля 93 тысяч чалавек, што складае 98,3 працэнта ад усёй колькасці работнікаў. Па словах старшыні Гродзенскай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Міхаіла Сіцько, менавіта прадстаўнікі гэтай галіны складаюць самую шматлікую арганізацыю, куды ўваходзяць 17 раённых арганізацый, два аб’яднанні, 470 пярвічак. У склад абласнога прафсаюза таксама ўваходзіць Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, шэсць устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі і сем сярэдняй спецыяльнай адукацыі. А сёлета прафсаюз папоўніўся яшчэ на 306 новых членаў, пераважна за кошт стварэння новых прадпрыемстваў і ўстаноў.


— Лічу, што галоўнай задачай прафсаюза з’яўляецца абарона інтарэсаў работнікаў сельскагаспадарчага комплексу, — заўважае Міхаіл Сіцько. — Простыя людзі павінны быць пад увагай у першую чаргу, бо ад іх здароўя, дабрабыту залежыць агульны поспех. Я ўпэўнены, што тыя справы, якія робяцца ў рамках прафсаюзнага руху, садзейнічаюць умацаванню грамадства, асабліва цяпер, калі вакол нямала знешніх нядобразычлівых суседзяў.

Між тым гродзенцы больш увагі звяртаюць не на розныя палітычныя гульні, а на стваральную працу. У чарговы раз яны заявілі аб сваіх лідарскіх пазіцыях падчас сёлетніх палявых работ. Гродзеншчына паказала высокі вынік, рэгіён унёс у агульны намалот звыш 2 мільёнаў тон збожжавых і зернебабовых культур. У гэты перыяд вызначылася нямала лідараў, якія былі адзначаны прафсаюзамі АПК у рамках абласнога спаборніцтва, як заўважыў інспектар па сацыяльна-эканамічнай рабоце Аляксандр Семянчук. Сотні экіпажаў намалацілі па тысячы тон збожжа, а рэкардсмены дасягнулі нават пяці тысяч тон. Гэта камбайнер Алег Бандарэвіч і вадзіцель Павел Барцэвіч з СВК імя Дзеншчыкова Гродзенскага раёна. Звыш 2200 удзельнікаў уборачнай кампаніі ўзнагароджаны на агульную суму 217 тысяч 290 рублёў. І гэта не канчатковы вынік. У кожным раёне будзе вызначаны свой пераможца па намалоце, які атрымае прыз падчас прафесійнага свята. Высокія паказчыкі спрыяюць і дабрабыту работнікаў сферы АПК.

Шмат увагі ўдзяляецца ўмовам працы на вытворчасці. Міхаіл Сіцько паведаміў, што перад уборкай быў праведзены даволі значны семінар, дзе ўлічваліся ўсе актуальныя моманты, у тым ліку аспекты бяспекі. Важны акцэнт быў зроблены на харчаванні падчас палявых работ. Асаблівая ўвага ўдзялялася агляду сельскагаспадарчай тэхнікі, наяўнасці супрацьпажарных сродкаў. Пастаяннае правядзенне месячнікаў бяспекі працы і тыдняў нулявога траўматызму дазволіла пазбегнуць няшчасных выпадкаў падчас масавых палявых работ.

Па словах тэхнічнага інспектара абласной арганізацыі Віталя Крыштопіка, істотную дапамогу ў ахове працы аказваюць грамадскія інспектары. Іх у вобласці амаль 1600 чалавек. Усе яны пастаянна ўдасканальваюць свае навыкі, толькі сёлета прайшла навучанне амаль тысяча грамадскіх інспектараў. Аб іх узроўні сведчаць і добрыя вынікі падчас конкурсаў сярод гэтай катэгорыі. Адзін з такіх інспектараў нават стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу на званне найлепшага грамадскага інспектара Беларусі. Такім чынам, прафсаюзы АПК прыкладаюць усе намаганні для таго, каб чалавек прыйшоў на бяспечнае месца работы і здаровым пайшоў дамоў пасля працоўнага дня.

Не застаецца ўбаку прафсаюзная арганізацыя і ад дапамогі ў вырашэнні прававых пытанняў пры працоўных спрэчках. Як адзначае прававы інспектар Павел Скамарошка, катэгорыя такіх спрэчак розная. У асноўным разглядаюцца справы па адмене дысцыплінарных альбо матэрыяльных спагнанняў, аказанне адзіначасовай матэрыяльнай дапамогі ў асобных выпадках. Такім чынам, за 9 месяцаў на карысць работнікаў спагнана звыш 640 тысяч рублёў. Рэгулююцца таксама працоўныя адносіны, звязаныя з кантрактнай сістэмай.

Абласны прафсаюз АПК скіраваны не толькі на працоўны аспект. Тут дбаюць аб тым, каб людзі мелі магчымасць аздаравіцца, таму на гэтыя мэты выдзяляюцца максімальна значныя сродкі. Усе члены прафсаюза карыстаюцца аздараўленнем у прафсаюзных санаторыях са зніжкай 25 %. Пры гэтым чалавек можа звярнуцца ў прафкам па месцы працы, каб яму часткова кампенсавалі затраты на аздараўленне. Па словах галоўнага бухгалтара Ліліі Серахан, За 9 месяцаў амаль 7 тысяч членаў прафсаюза пабывалі ў здраўніцах Беларусі. Абласной прафсаюзнай арганізацыяй закуплена 11 пуцёвак для аграрыяў, якія працавалі на палявых работах. Сёлета таксама аздаравіліся 10 тысяч дзетак работнікаў АПК. Значную дапамогу аказалі прафсаюзныя арганізацыі па месцы работы бацькоў. Каб зрабіць пуцёўкі больш таннымі, было накіравана звыш 300 тысяч рублёў. За кошт прафсаюзаў арганізавана больш за 400 турыстычных паездак.

Вялікая ўвага абласным прафсаюзам засяроджваецца і на ўдзеле ў дабрачынных рэспубліканскіх прафсаюзных акцыях «Прафсаюзы дзецям», «Ад усёй душы», «Тыдзень бацькоўскай любові». У рамках акцый аказваецца спонсарская дапамога на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы падшэфных арганізацый (установы адукацыі, сацыяльна-педагагічныя цэнтры і цэнтры сацыяльнай абароны насельніцтва, пансіянаты і г. д.), арганізуюцца ўрачыстыя ўшаноўванні членаў прафсаюза, сустрэчы пакаленняў, наведванні ветэранаў працы з уручэннем падарункаў і аказаннем адраснай дапамогі, дабрачынныя мерапрыемствы для дзяцей і многае іншае.

Арганізацыйнымі структурамі Гродзенскай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК вядзецца планамерная работа па арганізацыі і правядзенні розных фізкультурна-аздараўленчых і спартыўна-масавых мерапрыемстваў, павышэнні ролі фізічнай культуры і спорту ва ўмацаванні здароўя членаў прафсаюза і членаў іх сем’яў, арганізацыі вольнага часу. Як вынік гэтай работы — члены прафсаюза АПК Гродзеншчыны ў ліку пераможцаў і прызёраў абласных і рэспубліканскіх спартакіяд і турыстычных злётаў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Алены ДАЎЖАНОК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю