Амаль палова адходаў у нашых сметніцах — былая ва ўжыванні ўпакоўка. Прыгожыя скрынкі, якія цешаць нас літаральна некалькі хвілін, з жахлівай хуткасцю запаўняюць смеццевыя кантэйнеры.
Як расказала галоўны спецыяліст па інфармацыйнай рабоце, каардынатар рэспубліканскай інфармацыйнай кампаніі «Мэта 99» дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» Святлана МАЦКЕВІЧ, доля ўпаковачных матэрыялаў у бытавых адходах складае 30–50 %. Выкарыстанне іх для захавання, транспарціроўкі пэўных тавараў сапраўды неабходна, аднак калі яны служаць толькі маркетынгавым мэтам, як, напрыклад, неапраўдана вялікая скрынка для 10–12 цукерак, варта задумацца аб мэтазгоднасці.
Самая вялікая бяда пластмасы — час яе раскладання вылічаецца стагоддзямі. Фактычна ўвесь выраблены сёння пластык нікуды не падзеўся, а яго дробныя часціцы (мікрапластык) пранікаюць у ваду, ежу, паветра і нават наш арганізм. Пры гэтым перапрацаваць і зноў выкарыстоўваць у вытворчасці, паводле сусветнай статыстыкі, атрымліваецца пакуль усяго 10–20 % пластыкавых адходаў. Астатняе альбо захоўваецца, альбо спальваецца ці проста выкідваецца, а значыць — засмечвае навакольнае асяроддзе.
Сучасныя тэмпы «вытворчасці» смецця сур’ёзна апярэджваюць магчымасці яго перапрацоўкі. Па статыстыцы яшчэ 30 гадоў таму на кожнага беларуса прыпадала па 177 кг смецця за год. Сёння, паводле слоў начальніка упраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксея ФІЛАНОВІЧА, гэтая лічба вырасла да 433 кг. У цэлым у рэспубліцы штогод утвараецца звыш 4 млн тон ЦКА. У 2024 годзе — 4,3 млн тон, з якіх вывезена і прынята ад насельніцтва і арганізацый 3,5 млн тон. Нарыхтавана асобна сабраных другасных матэрыяльных рэсурсаў, якія не патрабуюць сартавання, каля 800 тыс. тон.
Паслугай вывазу смецця ахоплена 100 % насельніцтва краіны. Аднак сёння ўжо стаіць мэта не проста вывезці смецце, а максімальна яго перапрацаваць і ўцягнуць у другасны абарот. Для гэтага развіваецца сістэма раздзельнага збору адходаў. Калі ў 2012 годзе перапрацоўвалі ўсяго каля 20 % камунальных адходаў, то летась гэты паказчык вырас да 39,6 %. На перапрацоўку адправілася 840 тыс. тон ДМР: макулатура, шкло, пластык, шыны, нерабочая бытавая тэхніка і электроніка, батарэйкі і іншае.
Для перапрацоўкі ДМР у краіне створана інфраструктура, якая ўключае 10 смеццесарціровачных заводаў і 81 лінію сартавання.
Да 2040 года, як адзначыла начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі Мінпрыроды Вольга САЗОНАВА, узровень перапрацоўкі адходаў у Беларусі плануюць давесці да 90 %. Згодна з зацверджанай Стратэгіяй па абыходжанні з адходамі вытворчасці і спажывання, дасягненне мэты будзе ажыццяўляцца ў тры этапы — пяцігодкамі. Так да 2030-га ўстаноўлены паказчык у 70 % для выкарыстання ЦКА і 60 % — па ападках ачышчальных сцёкавых вод, у тым ліку з атрыманнем канчатковага прадукту — угнаення для сельскагаспадарчых патрэб і паліва. Прыярытэтам цыркулярнай эканомікі застанецца максімальнае выкарыстанне адходаў у якасці ДМР.
Штогод чалавецтва вырабляе больш за 460 млн тон пластыка. Гэта каля 56 кг на кожнага жыхара планеты. Палова з гэтага аб’ёму прызначана для аднаразовага выкарыстання. Да 2050 года, па меркаванні некаторых навукоўцаў, у акіяне можа выявіцца больш пластыка, чым рыбы. Паводле экспертных ацэнак ужо сёння на Зямлі агульная вага наяўнага пластыка складае 8 гігатон, а біямаса ўсіх жывёл — усяго 4 гігатоны.
Андрэй АКІМАЎ