Top.Mail.Ru

У Рэспубліканскім цэнтры эндакрыналогіі з дапамогай сучасных метадаў лечаць самыя складаныя выпадкі дыябету

Рэспубліканскі цэнтр эндакрыналогіі, які працуе на базе Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння ў Мінску, прымае пацыентаў з усёй краіны з цяжкімі эндакрыннымі захворваннямі. Напрыклад, цукровым дыябетам, калі ў пацыента ён цяжка паддаецца лячэнню, маюцца спадарожныя хваробы, цяжкія ўскладненні, ці патрэбны абследаванні на абсталяванні экспертнага класу. Усе лабараторныя аналізы, ультрагукавую і функцыянальную дыягностыку, першасную і паўторную кансультацыю эндакрынолага і іншых спецыялістаў пацыент, як правіла, праходзіць у дзень прыезду і адразу атрымлівае прызначэнні.


Трымаць пад кантролем

У цэнтры працуе некалькі эндакрыналагічных аддзяленняў, а таксама аддзяленні афтальмалогіі, гінекалогіі, лабараторнай, ультрагукавой, функцыянальнай дыягностыкі. Як адзначае галоўны ўрач Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння Аляксандр ПАЦЕЕЎ, маецца ўсё неабходнае для аказання дапамогі пацыентам з эндакрыннай паталогіяй, у тым ліку самай распаўсюджанай — цукровым дыябетам.


На яго ў Беларусі пакутуе 5,5 % дарослага насельніцтва. Яшчэ 20 гадоў гэта лічба была амаль у тры разы меншай. Аднак казаць, што захваральнасць імкліва расце, не зусім правільна. Трэба ўлічваць той факт, што за апошнія гады істотна палепшылася дыягностыка гэтага захворвання: пацыенты часцей абследуюцца, яно хутчэй выяўляецца, а значыць больш людзей маюць магчымасць трымаць яго пад кантролем. Як тлумачыць намеснік галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння Вольга САЛКО, у свеце кожны другі чалавек, які мае цукровы дыябет, не ведае пра яго. І гэта асноўная праблема названай хваробы.

— Калі чалавек не ведае, што ў яго маецца захворванне, нават пры не надта высокім узроўні цукру ў крыві — 6,5-6,8 ммоль/л — развіваюцца ўскладненні цукровага дыябету. І захворванне небяспечнае менавіта імі, бо павышаны ўзровень цукру не непакоіць пацыента сам па сабе. Часта, калі мы выстаўляем дыягназ цукровы дыябет 2 тыпу, амаль ва ўсіх пацыентаў ужо ёсць усе пачатковыя стадыі ўскладненняў дыябету. Таму самая галоўная задача — ранняе выяўленне, — звяртае ўвагу Вольга Салко.

Самыя распаўсюджаныя ўскладненні дыябету — дыябетычная рэцінапатыя (пашкоджанні вачэй) і дыябетычная нефрапатыя (пашкоджанні нырак), а таксама пашкоджанні мікрасасудаў ног, што можа прывесці да гангрэн, ампутацый і інш.

На ранняе выяўленне дыябету 2 тыпу накіравана шмат мерапрыемстваў, у тым ліку і сістэма дыспансерызацыі, а таксама інфармацыйныя акцыі, якія нацэлены ў першую чаргу на павышэнне інфармаванасці пацыентаў пра праблему дыябету. А своечасовы дыягназ пры карэкцыі ладу жыцця нярэдка дазваляе абысціся без таблетак ці трымаць хваробу пад кантролем з дапамогай простага медыкаментознага лячэння, якое лёгка пераносіцца.

Кіраваць хваробай з дапамогай смартфона

Пацыенты, якія пакутуюць на цукровы дыябет, у тым ліку маюць патрэбу ў назіранні ўрачом-афтальмолагам. Афтальмалагічнае аддзяленне цэнтра аснашчана сучасным абсталяваннем па дыягностыцы, маецца і лячэбнае абсталяванне.

— Раз у год, а пры неабходнасці і часцей, пацыенты з цукровым дыябетам павінны прыходзіць на агляд вочнага дна для выяўлення ранніх праяўленняў захворвання на сятчатцы. Тыя, хто ўжо мае такія праявы — для вызначэння неабходнасці лазернай каагуляцыі сятчаткі. У нас працуе лазерны кабінет, дзе мы выконваем такую працэдуру — расказвае ўрач-афтальмолаг Алена ВАСІЛЕВІЧ.

Лабараторыя цэнтра робіць каля 400 тысяч даследаванняў у год, з іх 93–94 % — у дзень звароту. Жыхарам рэгіёнаў сапраўды зручна адразу здаць аналізы, атрымаць кансультацыю і прызначэнні доктара, каб не прыязджаць паўторна. Тут праводзяцца і гарманальныя, і эндакрыналагічныя, і нават алергалагічныя даследаванні.

У эндакрыналагічнае аддзяленне накіроўваюцца пацыенты з самай цяжкай паталогіяй з усёй краіны. Тут жа праводзіцца рэспубліканскі кансіліум па прызначэнні аналагаў інсуліну, а таксама працуе кабінет помпавай тэрапіі, дзе сканцэнтраваны ўсе сучасныя метады дыягностыкі і лячэння цукровага дыябету. Адзін з іх — неперарыўнае манітарыраванне глікеміі. Яно адбываецца з дапамогай адмысловага прыстасавання, якое дазваляе цягам пэўнага перыяду, на сёння гэта 14 дзён, кантраляваць узровень цукру з перыядычнасцю 2-5 хвілін. Пацыент у рэжыме рэальнага часу бачыць свой узровень цукру — даныя перадаюцца на смартфон, а урачу гэта дапамагае прааналізаваць узровень глікеміі і падабраць правільнае лячэнне. Асабліва гэта важна ў пацыентаў, якія выкарыстоўваюць інсулінатэрапію, калі трэба карэктна падабраць дозы.

— Сістэмы неперарыўнага манітарыравання глюкозы актыўна развіваюцца ва ўсім свеце, і наша краіна — не выключэнне, — адзначае Аляксандр Пацееў. — Супрацоўнікі цэнтра сумесна з БДУІР распрацоўваюць айчынную сістэму, якая будзе разлічана не менш чым на 90 дзён работы. Датчык будзе імплантавацца падскурна і перадаваць вынікі аналізаў на смартфон пацыента.

Выкарыстанне сістэмы — вялікі крок наперад у кіраванні цукровым дыябетам.

— Гэта дазваляе дыягнаставаць схаваныя гіпаглікеміі, якія пацыент не адчувае, постпрандыяльныя (пасля прыёму ежы) пікі павышэння глюкозы, пра якія пацыент можа не ведаць пры кропкавым вызначэнні глюкометра. Гэта зручна для бацькоў дзетак з цукровым дыябетам першага тыпу, бо маецца аддалены доступ да даных дзіцяці, — расказвае ўрач-эндакрынолаг Алена ЦІХАНОВІЧ.

А вось самы сучасны на сёння спосаб дастаўкі інсуліну ў арганізм пацыента — помпавая інсулінатэрапія. Інсулінавая помпа — гэта апарат, у які запраўлены інсулін. Ён мацуецца да цела пацыента і ажыццяўляе неперарыўную ін’екцыю. Па сутнасці прыбор з’яўляецца прасунутай смарт-ручкай.

— Яе перавагі ў тым, што падачу інсуліну можна запраграмаваць літаральна па хвілінах, чым забяспечыць персаніфікаваны падыход да кожнага пацыента, — расказвае дзіцячы ўрач-эндакрынолаг Кацярына БЯЛЯЕВА. — Запыт на такі метад у пацыентаў вялікі, асабліва з боку дзяцей і іх бацькоў. Яны ў нас галоўныя карыстальнікі такіх сучасных сістэм.

Алена КРАВЕЦ

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю