Агляд якасці і маштабная дэгустацыя
На апошні дзень арганізатары пакінулі шмат цікавага. У прыватнасці, узнагароджанне пераможцаў дэгустацыйнага конкурсу, Міжнародны чэмпіянат кандытарскага мастацтва, Міжнародны конкурс па антыгравітацыйных тортах «Мары збываюцца». На пляцоўцы «Майстэрня смаку» прадэманструюць арт-кампазіцыю «Каляды ў салодкім горадзе», таксама наведвальнікі пабачаць работы пераможцаў Міжнароднага конкурсу на лепшае пакаванне «СмакАрт-2025», будзе магчымасць прадэгуставаць і найлепшыя ўзоры хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў для здаровага харчавання падчас Рэспубліканскага агляду якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў «Смаката-2025», а разам з гэтым атрымаць рэкамендацыі па здаровым харчаванні ад спецыялістаў. Ну а кульмінацыяй стане цырымонія ўрачыстага закрыцця выстаўкі і ўручэнне дыпломаў і памятных узнагарод удзельнікам.
Міжнародны дэгустацыйны конкурс якасці харчовай прадукцыі «ПрадЭкспа. Традыцыі. Якасць. Інавацыі» праводзіцца па такіх кірунках, як хлебабулачныя вырабы, мясная прадукцыя (у тым ліку з мяса птушкі), малочная прадукцыя, бульбапрадукты і кандытарскія вырабы. Штогод у ім бяруць удзел каля 100 айчынных і замежных вытворцаў. З 2020-га Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні выступае яго суарганізатарам.
Як расказала намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце і стандартызацыі Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні» Наталля КАМАРОВА, штогод камісіі ацэньваюць ад 300 да 500 узораў. Па выніках конкурсу прысуджаюцца Гран-пры, залатыя і сярэбраныя медалі. Сёння, 14 лістапада, пераможцам уручаць заслужаныя ўзнагароды, а таксама дыпломы якасці.
Паводле меркавання галоўнага рэдактара часопіса «Пекар&Кандытар» Людмілы АЎСЯННІКАВАЙ, сапраўднай разынкай апошняга дня стане і конкурс антыгравітацыйных тортаў, якія літаральна лунаюць у прасторы. Такое спаборніцтва ў рамках выстаўкі праводзіцца ўпершыню. Гэта і вяршыня кандытарскага майстэрства, і сапраўднае мастацтва. Цікавая і лакацыя «Майстэрня смаку» з казачнымі дэкарацыямі з шакаладу, карамелі, мастыкі. Тут жа правядзе свой майстар-клас сталічны кандытар, пераможца Сусветнай кулінарнай алімпіяды Вольга Гатоўка. Такім чынам, сёння чакаецца, бадай, самая насычаная праграма. Калі вы яшчэ не паспелі наведаць галоўную харчовую і кулінарную падзею — паспяшайцеся.
Алена КРАВЕЦ
Фота Лізаветы ГОЛАД і БелТА