Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка: «Наяўнасць у краіны ўласнай атамнай станцыі — гэта ў пэўным сэнсе спосаб забеспячэння суверэнітэту і незалежнасці»

У Палацы Незалежнасці разгледзелі вынікі пяці гадоў новай «атамнай» эры


Вынікі работы БелАЭС, павелічэнне энергаспажывання ў краіне, прапановы па будаўніцтве другой АЭС ці трэцяга энергаблока — гэтыя і іншыя пытанні развіцця атамнай энергетыкі абмеркавалі на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. 

БелАЭС кардынальна змяніла аблічча беларускай энергетыкі

Адкрываючы нараду, кіраўнік дзяржавы нагадаў: пяць гадоў таму ўрачыста запускаючы ў работу першую беларускую атамную электрастанцыю ў Астраўцы, ён казаў, што краіна ўступае ў новую эру. «Будаўніцтва АЭС не толькі ўмацавала нашу энергетычную бяспеку, але і вызначыла далейшае развіццё Беларусі як высокатэхналагічнай дзяржавы. Калі хочаце, наяўнасць у краіны ўласнай атамнай станцыі — гэта ў пэўным сэнсе спосаб забеспячэння суверэнітэту і незалежнасці. На кожным этапе будаўніцтва і эксплуатацыі станцыі былі і застаюцца бяспека і надзейнасць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. 

Пяцігодка — дастатковы перыяд, каб падвесці прамежкавыя вынікі, адзначыў Прэзідэнт. І прывёў некаторыя вынікі: «Мы забяспечылі сябе крыніцай даступнай, экалагічна чыстай энергіі на дзесяцігоддзі наперад, атрымалі эканамічны і экалагічны эфект (скарацілі выкіды парніковых газаў на больш чым 26 мільёнаў тон). За ўвесь час работы станцыя выпрацавала больш за 53 мільярды кілават-гадзін электраэнергіі, што дазволіла нам цалкам адмовіцца ад імпарту электраэнергіі. Таксама ўдалося знізіць залежнасць ад прыроднага газу (на 14,5 мільярда куб. м), доля якога ў генерацыі энергіі даходзіла да 95 % (цяпер каля 65 %), і зэканоміць бюджэтныя сродкі (больш за 1,6 мільярда долараў)». 

Больш за тое, атамная станцыя кардынальна змяніла аблічча беларускай энергетыкі, прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. У рамках інтэграцыі БелАЭС у энергасістэму рэалізавана маштабная праграма мадэрнізацыі электрасетак (рэканструявана больш за 1,7 тысячы км электрасетак), пабудаваны сучасныя падстанцыі, укаранёны прарыўныя лічбавыя тэхналогіі, якія павышаюць надзейнасць электразабеспячэння спажыўцоў. 

«У краіне сфарміравана новая галіна эканомікі, створаны неабходная інфраструктура і сучасная сістэма падрыхтоўкі кадраў. Усяго гэтага мы не мелі. За гады рэалізацыі нацыянальнай ядзернай энергетычнай праграмы намі назапашаны ўнікальныя кампетэнцыі па пытаннях праектавання, узвядзення, эксплуатацыі і абслугоўвання аб’ектаў атамнай энергетыкі. Гэта значыць, мы навучыліся дзякуючы спецыялістам з Расійскай Федэрацыі, дапамозе кіраўніцтва Расіі будаваць падобныя аб’екты», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Атамная станцыя — найважнейшы драйвер развіцця

Прэзідэнт зрабіў акцэнт — БелАЭС надала імпульс росту энергаспажывання. У 2024 годзе дасягнуты яго гістарычны максімум — 43,3 мільярда кілават-гадзін (за апошнія пяць гадоў прырост каля 6 млрд кілават-гадзін). У нас 100 % насельніцтва маюць доступ да электраэнергіі. Пры гэтым у рэйтынгу краін Еўропы Беларусь займае 3-е месца, дзе самая нізкая цана на электрычнасць (па даных рэйтынга, апублікаванага ў чэрвені 2025 года, самыя нізкія цэны на электраэнергію ў Казахстане, Расіі і Беларусі). 

«За кошт выкарыстання электрычнасці для ацяплення і гарачага водазабеспячэння, будаўніцтва электрадамоў павышаецца камфортнасць пражывання сотняў тысяч людзей (у 2021—2025 гадах узведзена больш за 2 мільёны кв. м такога жылля). На электраацяпленне з задавальненнем пераходзяць і жыхары прыватных дамоў. За мінулы год пададзена больш за 160 тысяч заявак», — прывёў яшчэ адзін факт кіраўнік дзяржавы. 

Развіваецца электратранспарт. Прычым не толькі ў буйных гарадах. «Пілотныя праекты па пераводзе грамадскага транспарту на электрычны ўкаранілі ў Шклове, Жодзіне і Наваполацку. А ў цэлым на сёння ў краіне эксплуатуецца больш за 44 тысячы электрамабіляў і налічваецца звыш 1870 зарадных станцый», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. 

У сувязі з гэтым ён звярнуў увагу на праблему чэргаў на маршрутныя таксі, шмат скаргаў з гэтай нагоды распаўсюджваецца ў інтэрнэце. «Чаго вы з людзей здзекуецеся? Навошта мы ў Шклове, у Наваполацку ўстанаўлівалі гэтыя электробусы? Што мы не можам замяніць гэтыя маршруткі электробусамі? Трэба замяніць і ўсё, — заўважыў Прэзідэнт. — Трэба паставіць аж да таго, што не толькі на рухавіках унутранага згарання аўтобусы, трэба паставіць электробусы і хай ідуць. З задавальненнем людзі паедуць, паветрам дыхаюць у гэтым аўтобусе, не сядзяць там заціснуўшыся». Паводле слоў беларускага лідара, гэта проста можна зрабіць і гэта акупны праект. 

Яшчэ адна перавага дзейнасці БелАЭС звязана з Астраўцом. «Астравец, дзе пабудавана наша першая АЭС, набыў статус сучаснага і перспектыўнага горада. Колькасць насельніцтва ў ім павялічылася амаль удвая — было 8 тысяч, цяпер — 15. На станцыі працуе каля трох тысяч чалавек, 30 % з іх — моладзь ва ўзросце да 32 гадоў, а сярэдні ўзрост калектыву — 38 гадоў. Выпускнікі энергетычных факультэтаў мараць трапіць туды на працу, — прывёў факты Аляксандр Лукашэнка. — Па добраўпарадкаванні, інжынернай інфраструктуры, узроўні даходаў (у тройцы лідараў па ўсіх рэгіёнах) мы лічым Астравец залатым стандартам для развіцця раённых цэнтраў. Узор. Трэба браць прыклад». 

«Гэта значыць, атамная станцыя — найважнейшы драйвер рэгіянальнага развіцця на дзесяцігоддзі наперад», — акцэнтаваў Прэзідэнт. І заклікаў гэта асабліва ўлічваць у кантэксце сённяшняй размовы.

Магчымасці з атамнай энергетыкай бачым не толькі мы

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што памянялася і стаўленне беларусаў да мірнага атама. Па даных сацыёлагаў, у пачатку будаўніцтва БелАЭС яго падтрымлівала 60 % насельніцтва, а сёння, з улікам работы і іншых станоўчых фактараў, — ужо больш за 80 %! 

«Новыя магчымасці для эканомікі з атамнай энергетыкай, вядома ж, бачым не толькі мы. Гэта глабальны трэнд. Сёння ў свеце эксплуатуецца 416 ядзерных рэактараў, яшчэ 63 знаходзіцца на этапе будаўніцтва. Усе будуюць, хто можа. Па прагнозах МАГАТЭ, агульная магутнасць АЭС у свеце ў найбліжэйшыя 25 гадоў павялічыцца больш чым у два разы, а доля атамнай генерацыі ў сусветнай вытворчасці электраэнергіі вырасце да 12 %, — заўважыў беларускі лідар. — Але яшчэ ўчора многія заходнія палітыкі спрабавалі зрабіць стаўку выключна на аднаўляльную энергетыку. Сёння там ужо расказваюць пра перавагі ўзвядзення АЭС, нават у нашых суседзяў — Еўрапейскім саюзе. Нават тэрмін новы з’явіўся — «рэнесанс атамнай індустрыі». Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта датычыцца і суседніх краін — Польшчы і Літвы, якія заўзята процідзейнічалі будаўніцтву нашай атамнай станцыі, а сёння маюць намер будаваць іх самі. Як заўважыў Прэзідэнт, усё гэта пацвярджае правільнасць выбранага намі шляху.

Акцэнт — на перспектывы загрузкі дзеючых і новых магутнасцяў

Гаворачы аб плане нарады, кіраўнік дзяржавы спачатку запатрабаваў кароткую справаздачу аб напрацаванай практыцы эксплуатацыі атамнай станцыі, выніках узаемадзеяння з расійскімі партнёрамі ў гэтай сферы, магчымых праблемных пытаннях, калі яны ёсць, а яны ёсць. «Сёння мы бачым патэнцыял павышэння эфектыўнасці ва ўсіх кірунках функцыянавання БелАЭС», — адзначыў ён. 

Прэзідэнт папрасіў далажыць, якія меры прыняты па павелічэнні электраспажывання. Ён заўважыў, што ў абмеркаваннях аб неабходнасці будаўніцтва другой электрастанцыі пастаянна ўзнікае пытанне, куды падзець электраэнергію. Напрыклад, сёння электрычнасць актыўна выкарыстоўваецца для ацяплення дамоў. Гэтак жа кіраўнік дзяржавы пацікавіўся вынікамі па далейшым развіцці электраэнергетыкі і звязаных з ёй галін. Напрыклад, майнінг крыптавалют, электратранспарт і будаўніцтва жылля з электраацяпленнем. «Акцэнт — на перспектывы загрузкі дзеючых і новых магутнасцяў», — папярэдзіў Прэзідэнт. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на майнінг крыптавалют. «Я тут усялякія запіскі прачытаў і меркаванні. У адной з запісак пішуць, што майнінг крыптавалют можа быць нестабільным. Дзесьці вышэй, дзесьці ніжэй. У нас цяпер увесь свет «хварэе» глабальнай праблемай — сысці ад залежнасці ад адной валюты — долара. І гэты працэс будзе нарастаць. І крыптавалюта з’яўляецца, напэўна, адным з варыянтаў сыходу, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Дык чаму ж мы ўжо так перажываем? Валацільнасць нейкая... Ну, напэўна, будзе. Але ваўкоў баяцца — у лес не хадзіць».

Прэзідэнт таксама нагадаў, што людзям трэба будаваць камфортнае жыллё, каб ацяпленне было электрычным. Важна развіваць і электрамабілі. «Таксама кавалак вялікі. Ну і эканоміку трэба ж развіваць. А без электрычнай энергіі якая эканоміка? Мы ж машынабудаўнічая краіна. Ды і ў сельскай гаспадарцы. Мы практычна ўсюды можам перавесці наш транспарт у сельскай гаспадарцы, наогул па краіне, на электрычнасць», — сказаў беларускі лідар. 

Ён нагадаў, што кіраўнік Нацыянальнай акадэміі навук абяцаў распрацаваць айчынную электрабатарэю, што дазволіла б не закупляць адпаведныя камплектуючыя за мяжой. «Вось гэта будзе прарыў. Вось няхай нашы навукоўцы пакажуць свой спрыт. Атрымаеце неймаверныя грошы за гэта. Тым больш, гэта ж не навінка», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Найперш трэба вызначыцца будаваць ці не будаваць

Таму ўраду даручана прапрацаваць пытанне аб узвядзенні другой АЭС ці трэцяга энергаблока дзеючай станцыі. На нарадзе кіраўнік дзяржавы прапанаваў абмеркаваць усе істотныя асаблівасці, перавагі і недахопы гэтых варыянтаў.

Першы — гэта будаўніцтва новага энергаблока на станцыі ў Астраўцы як другой чаргі БелАЭС. «Там ёсць усе ўмовы і спецыялісты (пляцоўка для размяшчэння, вытворчая, тэхналагічная, сацыяльная інфраструктура), а значыць, пабудуем хутчэй і танней. Грунты там даследаваны ад А да Я і там нічога не трэба даследаваць», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Другі варыянт — узвядзенне новай станцыі на ўсходзе краіны, у Магілёўскай вобласці. Менавіта там дазваляюць грунты пабудаваць атамную станцыю. «Відавочна, гэта запатрабуе вялікіх фінансавых укладанняў і арганізацыйных рашэнняў. Але дасць магутны імпульс для развіцця ўсходняга рэгіёна. З мядзведжага кута ператворым усходні рэгіён у высокаразвітую тэрыторыю Беларусі (новыя працоўныя месцы, прыцягненне інвестыцый, рэалізацыя інавацыйных праектаў і ўкараненне новых тэхналогій), — адзначыў Прэзідэнт. — Пры гэтым хачу заўважыць, што мы з Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным абмяркоўвалі наша супрацоўніцтва ў ядзернай энергетыцы ў ходзе сустрэчы на Сусветным атамным тыдні ў канцы верасня гэтага года. Разуменне і падтрымка з расійскага боку ёсць, чарга за намі. Мы перш за ўсё павінны вызначыцца, будзем ці не будзем. Калі будзем — калі, дзе». 

Даслоўна

Прынята рашэнне будаваць трэці блок БелАЭС


У размове з журналістамі намеснік Прэм’ер-міністра Віктар Каранкевіч адзначыў, што электраспажыванне ў краіне расце. За пяцігодку рост склаў каля 6 мільярдаў кілават-гадзін. Сярод асноўных кірункаў электраспажывання — устаноўка электракатлоў у энергасістэме для ацяплення і гарачага водазабеспячэння ў буйных населеных пунктах. У сельскай гаспадарцы пры будаўніцтве зімовых цяпліц выкарыстоўваецца дасветка, сёлета на гэта выкарыстана 120 мільёнаў кілават-гадзін, і гэты аб’ём будзе пастаянна расці. Развіваюцца і іншыя кірункі — электратранспарт, майнінг крыптавалют, насельніцтва ўсё больш спажывае электрычнасці. Як падкрэсліў Віктар Каранкевіч, відавочная дынаміка росту электраспажывання.

Імпульс гэтаму надала і сама атамная станцыя. «Па выніках нарады прынята рашэнне аб развіцці атамнай электрастанцыі. Будзе рэалізавана другая чарга — то-бок будаўніцтва трэцяга блока. І паралельна будзе арганізавана работа па даследаванні пляцовак на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, на якіх у будучыні магчыма пры ўмовах росту электраспажывання далей развіваць атамную энергетыку», — расказаў Віктар Каранкевіч. 

Генеральны дырэктар БелАЭС Сяргей Бабовіч адзначыў, што такому рашэнню рады. «Жыццё паказала, што сама рэалізацыя праекта і сумесная работа над эксплуатацыяй станцыі дазваляе нам рухацца далей», — адзначыў ён. 

Сяргей Бабовіч расказаў, што БелАЭС працуе стабільна, надзейна, у адпаведнасці з праектам. На сёння адзін з блокаў праходзіць праз планава папераджальны рамонт, які працягнецца да пачатку студзеня. Другі блок знаходзіцца на намінальнай нагрузцы. «Персанал укамплектаваны поўнасцю. Мы папаўняем штат выпускнікамі ўніверсітэтаў. І ў сувязі з развіццём атамнай энергетыкі, будаўніцтвам трэцяга блока ўзнікне патрэба ў падрыхтоўцы кадраў, спатрэбіцца каля тысячы чалавек», — расказаў Сяргей Бабовіч.

Валерыя СЦЯЦКО

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю