Пра тое, што навучальная ўстанова, якая адчыніла дзверы ў год Вялікай Перамогі, зрабіла значны ўнёсак у аднаўленне мірнага жыцця, гаварылася ў віншаванні Прэзідэнта Беларусі, якое агучыў на ўрачыстым сходзе міністр культуры краіны, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі:
«Рыхтуючы кадры для айчыннай сферы культуры, акадэмія выхавала цэлую плеяду таленавітых майстроў, якія высокім прафесіяналізмам, вернасцю традыцыям і няспынным творчым пошукам новых ідэй праславілі сваю альма-матар і мастацкую школу Беларусі. Упэўнены, што і надалей акадэмія будзе заставацца крыніцай натхнення для ўсіх, хто любіць сваю Радзіму і беражліва захоўвае нацыянальныя духоўныя каштоўнасці».
Гэта было закладзена напачатку. Беларусь аднаўлялася пасля вайны, але ўжо глядзела далёка наперад — як будзе гарманізаваць свет і несці стваральную энергію. Ужо праз два месяцы пасля Перамогі, 20 жніўня 1945 года, было прынята і зацверджана пастановай рашэнне аб арганізацыі Беларускага дзяржаўнага тэатральнага інстытута. А ўжо 14 лістапада 1945 года на акцёрскім аддзяленні з’явіліся першыя студэнты — 27 чалавек, якія займаліся тады яшчэ ў памяшканні Мінскага педагагічнага інстытута.

З 1 верасня 1953 года адкрываецца мастацкі факультэт — тады ўжо інстытут перастаў быць выключна тэатральным. Створаны кафедры графікі, выяўленчага мастацтва, скульптуры... Прырастаць кірункамі, кафедрамі і спецыяльнасцямі навучальная ўстанова працягвала ў залежнасці ад таго, як іх неабходнасць дыктаваў час. Цяпер тут чатыры факультэты: кіно, тэатра і тэлебачання; мастацкі; дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; навуковай, давучэбнай падрыхтоўкі і дадатковай адукацыі.
«Альма-матар — там, дзе здзяйсняюцца мары» — засведчылі цяперашнія студэнты, падрыхтаваўшы адмысловую віншавальную праграму, пастараўшыся падкрэсліць: іх добра вучаць. Таму ўзнагароды, адзнакі і падзякі — ад Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі, Федэрацыі прафсаюзаў, творчых саюзаў — гучна віталіся. А студэнты мінулага дадалі настальгіі. Напрыклад, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, кавалер ордэна Францыска Скарыны, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, рэжысёр Валерый Анісенка згадаў сваіх легендарных настаўнікаў — Дзмітрыя Арлова і Ілью Кургана — і прызнаўся: «З 80-гадовай біяграфіі акадэміі 60 — мае. У складзе 16-га выпуску акцёрскага факультэта я атрымаў самы галоўны падарунак у сваім жыцці: маю магчымасць займацца разгадкай чалавека. Вялікая літаратура, драматургія і шмат якія кірункі творчасці накіраваныя на гэта. А чалавек — найбольшая таямніца ў свеце».
Творцы ХХІ стагоддзя працягваюць. Рэжысёр кіно, сцэнарыст Кірыл Халецкі тры гады як выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў: «Яна дала мне дарогу ў жыццё... У нас у руках ёсць прафесія — гэта найбольш важнае і каштоўнае, што я маю на сёння. Вялікае шчасце — працаваць і займацца тым, што падабаецца... Таму класная ініцыятыва — „Клуб выпускнікоў акадэміі мастацтваў“. Насамрэч гэта не проста дзеля сустрэч, клуб можа быць пляцоўкай для абмену досведам, ведамі, для дапамогі маладым творцам, студэнтам, абітурыентам. Гэта і стварэнне сумесных праектаў. Трэба трымацца побач, каб падставіць адзін аднаму плячо».
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота БелТА