Сёння ў Беларусі налічваецца 59 радыёстанцый, з іх 35 — дзяржаўных. На думку міністра інфармацыі Марата МАРКАВА, такой колькасці больш чым дастаткова, каб задаволіць усе патрэбы аўдыторыі. «Мы вяшчаем у кожным кутку краіны. А пасля таго, як выйшлі ў інтэрнэт і стварылі Нацыянальны анлайн-радыёплэер, нас чуюць ва ўсім свеце дзякуючы новым тэхналогіям — гэта самае галоўнае», — падкрэсліў міністр.
«З моманту пачатку вяшчання першага радыё пачалася эпоха ўсіх электронных СМІ. Нават у лічбавую эпоху радыё застаецца адной з самых папулярных крыніц інфармацыі. Яго мы слухаем усюды: у аўтамабілі, краме, цырульні. Перакананы, што колькасць станцый, якія працуюць сёння, і ёсць адлюстраванне гэтага», — сказаў міністр сувязі і інфарматызацыі Кірыл ЗАЛЕСКІ.
У сваю чаргу Марат Маркаў дадаў, што галіна дынамічна развіваецца: «За апошнія гады створана Нацыянальная асацыяцыя радыёвяшчання — вымяральнік, які дае дакладныя даныя па запатрабаванасці той ці іншай радыёстанцыі, сістэма маніторынгу радыёвяшчання, дзякуючы якой у аўтаматычным рэжыме можна паглядзець, як радыёстанцыя выконвае заканадаўства і працуе ў выпадку неабходнасці. Каля 36-37 % людзей слухаюць радыё альбо ў аўтамабілі праз магнітолу, альбо праз стацыянарныя радыёпрыёмнікі. Ужо 20 % слухаюць радыё і ў інтэрнэце, гэты кірунак трэба развіваць — Нацыянальны анлайн-радыёплэер спампавалі ўжо больш за 100 тыс. чалавек».
Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван ЭЙСМАНТ падзяліўся вынікамі даследавання радыёвяшчання ў Беларусі незалежнымі экспертамі. «Нам вельмі прыемна было атрымаць ацэнку незалежных міжнародных экспертаў, якія адзначылі, што радыё Беларусі знаходзіцца на вельмі высокім узроўні, запоўнены ўсе нішы, ствараецца цікавы кантэнт. Сёння ў гэтай вытворчасці задзейнічаны розныя сферы, бо радыё — гэта яшчэ і мастацтва, культура, гісторыя. Гашэнне паштовай маркі — прыгожы элемент, які дазволіць святу застацца ў гісторыі краіны», — звярнуў увагу ён.
Першы намеснік міністра культуры Дзмітрый ШЛЯХЦІН таксама адзначыў цесную сувязь культуры і радыё. «Для нас працяглы перыяд часу гэта была адна з галоўных крыніц данясення шырокай публіцы багатай спадчыны культуры Беларусі», — дадаў ён.
* * *
Таксама, 14 лістапада, у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачала працаваць часовая экспазіцыя «Увага! Гаворыць Мінск!», прысвечаная 100-годдзю Беларускага радыё.
На выстаўцы прадстаўлены рэдкія і ўнікальныя матэрыялы, уключаючы фатаграфіі, радыётэхніку, плакаты і відэаматэрыялы, якія ілюструюць багатую і разнастайную гісторыю беларускага радыёвяшчання. Наведвальнікі змогуць убачыць, як мянялася радыё на працягу ста гадоў — ад першых перадач да сучасных тэхналогій.
Паводле БелТА
Фота БелТА