Паўнамоцтвы — карміць народ
За час інавання са сцен каледжа, які ў розныя часы называўся ПТВ № 16, 57, політэхнічны прафесійны ліцэй, індустрыяльна-педагічны каледж, выйшла больш за 40 тысяч выпускнікоў. Паказальны факт: сёння каля 75 % работнікаў арганізацый гандлю і грамадскага харчавання Віцебшчыны — выпускнікі каледжа.
Высокі ўзровень падрыхтоўкі кадраў пацверджаны тым, што ў 2020 годзе каледж быў прызнаны лепшай у краіне ўстановай адукацыі сярэдняга спецыяльнага звяна, у 2022-м — прафесійна-тэхнічнай адукацыі, а ў 2021-м занесены на Рэспубліканскую дошку гонару. «Такія высокія адзнакі не падстава для самазаспакаення, а стымул трымаць высокую планку, — адзначае дырэктар Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжа Руслан ВІНАКУРАЎ. — Час імкліва змяняецца, патрабуе таго, каб нашы выпускнікі адпавядалі ўзрастаючым запытам кліентаў адносна якасці страў, хлебабулачных вырабаў і сэрвісу. Каб даць навучэнцам найбольш поўныя тэарэтычныя веды і практычныя навыкі, мы штогод паляпшаем сваю матэрыяльна-тэхнічную базу».
Сёлета каледж пераехаў у новы вучэбны корпус. У яго будынку за кошт сродкаў абласнога бюджэту выкананы капітальны рамонт з мадэрнізацыяй. Перароблена ўсё: ад інжынерных камунікацый у падвалах да даху. Корпус укамплектаваны абсталяваннем, добраўпарадкавана тэрыторыя. Запушчаны новыя лініі хлебапякарнай вытворчасці і па вырабе пячэння, вучэбна-вытворчыя лабараторыі па кулінарным і кандытарскім мастацтве, а таксама лабараторыя інавацыйных тэхналагічных распрацовак па стандартах Profskіlls Belarus, дзе навучэнцы будуць праходзіць падрыхтоўку да профільных конкурсаў.
Дарэчы, цэнтр кампетэнцый на мясцовай базе, вядомы як «Кафэ 16», быў адкрыты яшчэ ў 2018 годзе і стаў важным ядром практыка-арыентаванага навучання. Ён — база для падрыхтоўкі не толькі навучэнцаў індустрыяльнага каледжа, але і іншых сярэдніх спецыяльных устаноў вобласці, дзе даюць прафесіі повара, кандытара, афіцыянта. З сёлетнім удасканаленнем, а менавіта аснашчаннем самым сучасным абсталяваннем, тут змогуць павышаць кваліфікацыю работнікі арганізацый — заказчыкаў кадраў.
Інавацыйныя тэхналогіі спрыяюць прымяненню безадходных вытворчасцяў і фарміруюць у навучэнцаў іншы тып мыслення. Ці ведалі вы, напрыклад, што лупінне бульбы, іншай агародніны і фруктаў можа паслужыць асновай для стварэння новых страў? А для лабараторыі набыты дэгідратар — сушыльная машына, якая дазваляе атрымліваць чыпсы, сухафрукты ці ідэальнае безэ — і маладыя людзі вучацца на ім працаваць.
Практыкуючыся ўжо з першага курса, на выхадзе з каледжа навучэнцы ўмеюць гатаваць не толькі базавыя супы ці катлеты з пюрэ, але і адмысловыя стравы. Яны становяцца майстрамі, якія тонка адчуваюць, як лепш спалучаць прадукты, распрацоўваюць аўтарскія рэцэпты. Дбайна клапоцяцца аб тым, каб абеды ці вячэры, якія яны прапануюць гасцям, былі не проста смачныя, але і з густам аформленыя, пададзеныя.
Чарга за спецыялістамі
У каледж паступаюць дзяўчаты і юнакі з усіх куткоў паўночнага рэгіёна. Гэта іх шанц атрымаць запатрабаваныя на рынку працы прафесіі, атрымаць не толькі першае рабочае месца, але і замацавацца на ім, расці прафесійна. Дарэчы, пералік спецыяльнасцяў пастаянна змяняецца і ўдасканальваецца ў залежнасці ад развіцця той ці іншай вытворчасці, запытаў патэнцыяльных работадаўцаў.
Напрыклад, не так даўно пры падтрымцы прадпрыемства «Белвітуніфарм» з’явілася спецыяльнасць «біятэхнолаг», якая будзе спрыяць распрацоўцы тэхналогій прыгатавання здаровай ежы без дабавак і прымесяў. «Нашы выпускнікі запатрабаваны як спецыялісты, — ганарыцца Руслан Вінакураў. — Штогод на кожнага з іх паступае па 5-6 заявак. Мы супрацоўнічаем як з буйнымі партнёрамі, так і з невялікімі прадпрыемствамі розных форм уласнасці. Сёння яны праяўляюць усё большую цікавасць да падрыхтоўкі кадраў на ўмовах мэтавых дагавораў, бо хочуць мець у сваім штаце добра падрыхтаваных, кваліфікаваных спецыялістаў, як нашы выпускнікі».
Тыя, хто жадае атрымаць вышэйшую адукацыю, паступаюць у тэхналагічныя ўніверсітэты па праграме неперарыўнага навучання. Інакш кажучы, з дыпломам каледжа паступаюць адразу на трэці курс ВНУ, заканчваюць іх у карацейшыя тэрміны. Згодна з дагаворамі аб супрацоўніцтве, уладальнікі чырвоных дыпломаў паступаюць на вышэйшую ступень адукацыі без экзаменаў. Некаторыя вяртаюцца працаваць у свой жа каледж у якасці выкладчыкаў, майстроў працоўнага навучання.
У сістэму прафтэхадукацыі ў Віцебскай вобласці ўваходзяць 36 ССНУ. Іх выкладчыкі і навучэнцы дэманструюць высокі ўзровень кампетэнцый, заваёўваюць узнагароды на міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах. Яскравае пацвярджэнне — другое па колькасці медалёў месца на VІ Рэспубліканскім конкурсе прафмайстэрства ProfSkіlls Belarus 2025. Ёсць у гэтай скарбонцы ўнёсак і індустрыяльнага каледжа: адзін залаты медаль і тры сярэбраныя.
«Золата» ў кампетэнцыі «Кулінарнае майстэрства» ўзяў Антон Яшкоў, «серабро» ў намінацыі «Хлебапячэнне» заваяваў Павел Баркар, «Кандытарскае мастацтва» — Марыя Дзядкова, «Рэстаранны сэрвіс» — Кацярына Шарамецьева. Цікава, што яны навучаліся на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Сёння Антон — студэнт Белдзяржуніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій, Кацярына працягвае вучыцца ў нашым каледжы, каб стаць майстрам вытворчага навучання.
Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота БелТА