Top.Mail.Ru

Як маладое пакаленне прапаноўвае нестандартныя рашэнні для звыклых праблем

Звяртаць увагу на маладых і смелых — адзін з галоўных прынцыпаў сучаснай эканомікі. І гэта нядзіўна: моладзь часта прапаноўвае нестандартныя рашэнні і крэатыўныя ідэі для самых розных сфер: прадпрымальніцтва, імпартазамяшчэння, стварэння новых рынкаў. На якую падтрымку можа разлічваць сёння прадпрымальнік-пачатковец і якія перспектывы ў стартап-руху Беларусі, даведалася карэспандэнт газеты «Звязда».


Стартап-рух і яго падтрымка

З кожным годам стартап-культура ўсё больш інтэгруецца ў адукацыйны працэс. Ва ўніверсітэтах з’яўляюцца курсы па прадпрымальніцтве, праектным менеджменце, бізнес-мадэляванні. У міждысцыплінарных камандах будучыя інжынеры працуюць разам з эканамістамі і маркетолагамі, ІT-спецыялісты — з дызайнерамі і псіхолагамі. Усё гэта ссоўвае акцэнт з простага запамінання інфармацыі студэнтамі на стварэнне імі новых прадуктаў. Такія праекты, якія даходзяць да стадыі прататыпа, атрымання патэнтаў і нават выходзяць як на беларускі, так і на міжнародны рынкі, патрабуюць усебаковай падтрымкі.

Цэнтральнай фігурай у гэтай справе выступае Парк высокіх тэхналогій, які каардынуе намаганні па стварэнні ў краіне спрыяльнага асяроддзя для маладзёжных стартапаў. Важным крокам стала падпісанне ў пачатку верасня дарожнай карты супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі і ПВТ. Пагадненне аб’яднала 12 вядучых ВНУ краіны, што ўжо пачалі праводзіць мерапрыемствы, галоўная задача якіх — выявіць і падтрымаць самыя смелыя маладзёжныя праекты. Так, 28–30 лістапада ў аздараўленчым комплексе БДУ «Брыганціна» пройдзе форум, а таксама адбудзецца першы конкурс ранніх інавацыйных праектаў маладых распрацоўшчыкаў.

Але, як падкрэсліваюць у Міністэрстве адукацыі, работа са стартапамі ў Беларусі не абмяжоўваецца адным пагадненнем. У краіне існуе цэлы шэраг маштабных конкурсаў, пераможцы якіх паспяхова ператвараюць свае смелыя ідэі ў бізнес. Да іх адносяцца, напрыклад, «100 ідэй для Беларусі» і Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў, які Мінадукацыі праводзіць ужо больш за 30 гадоў. У апошнім штогод удзельнічаюць звыш 50 вышэйшых навучальных устаноў, а агульная колькасць маладых вучоных дасягае трох тысяч. Пераможцы атрымліваюць як іміджавую, так і фінансавую падтрымку з боку дзяржавы. Так, у 2025 годзе былі выдзелены гранты на 113 работ на агульную суму каля мільёна рублёў.

У сваю чаргу, на конкурс «100 ідэй для Беларусі», які праводзіцца вось ужо 15-ы сезон, за ўвесь час было пададзена каля 20 тысяч заявак, з якіх рэалізавана больш за 3,5 тысячы. Пераможцы ўдзельнічаюць у конкурсе «100 ідэй для СНД», маюць права атрымаць рэкамендацыі для паступлення ў беларускія ВНУ і могуць прэтэндаваць на ўключэнне ў спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, выніковы спіс пераможцаў штогод рассылаецца на буйныя прадпрыемствы і ў дзяржаўныя ўстановы для далейшага ўкаранення іх распрацовак у рэальны сектар эканомікі.

Унікальны патэнцыял маладых

Рэальны сектар эканомікі, каб заставацца на плаву, пастаянна мае патрэбу ў практычных і прымяняльных ідэях, адзначае Леанід МЕЛЬНІКАЎ, начальнік упраўлення інавацыйнай палітыкі Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях. І Рэспубліканскі конкурс інавацыйных праектаў — галоўная нацыянальная платформа для адбору і падтрымкі такіх ініцыятыў. За 16 гадоў яго існавання было разгледжана больш за 2 200 праектаў, але рэальная колькасць заявак яшчэ вышэйшая. Гэта сведчыць аб высокай актыўнасці і цікавасці да конкурсу з боку маладога пакалення: «Стратэгічны курс нашай дзяржавы накіраваны на пабудову інавацыйнай эканомікі і ўмацаванне тэхналагічнага суверэнітэту, — адзначыла Таццяна СІМАНОЎСКАЯ, начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. — Таму тое, што прапануе моладзь, тыя інавацыі, якія ад яе зыходзяць, павінны стаць асновай тых праектаў, што будуць укараняцца ў нашы сферы эканомікі. Студэнты, маладыя вучоныя адкрыты новаму, не баяцца эксперыментаваць, бачаць новыя падыходы да рашэння звыклых праблем і прапаноўваюць іх нестандартныя рашэнні».

Сёння ў Беларусі працуе 15 тэхнапаркаў, якія аб’ядноўваюць больш за 240 рэзідэнтаў. Па выніках 9 месяцаў 2025 года яны ўжо забяспечылі выпуск прадукцыі на суму больш за 840 мільёнаў рублёў. Характэрна, што палова — гэта інавацыйныя тавары і прадукты. Дарэчы, рэзідэнты тэхнапаркаў атрымліваюць унікальную магчымасць — бясплатна прадстаўляць свае распрацоўкі на найбуйнейшых выстаўках і бізнес-форумах краіны. І, паводле слоў Леаніда Мельнікава, каля 15 перспектыўных ініцыятыў ад рэзідэнтаў тэхнапаркаў ужо гатовы да ўключэння ў дзяржаўную праграму.

Напрыклад, адным з найбольш яркіх вынікаў інавацыйнай дзейнасці ў рамках тэхнапаркаў стала серыйная вытворчасць эндапратэзаў каленных суставаў — 5 000 камплектаў у год. І гэта, як адзначыла намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце Рэспубліканскага інавацыйнага УП «Навукова-тэхналагічны парк БНТУ «Палітэхнік» Надзея ПАПКОВА, не эксперыментальная партыя, а паўнацэнны прамысловы выпуск прадукцыі, якая па сваіх характарыстыках не ўступае сусветным аналагам і дэманструе высокі ўзровень айчынных распрацовак.

Аміна НАЗАРАВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю