Як адзначыў намеснік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Аляксей ЯРКАВЕЦ, час з’яўляецца важным паказчыкам паўсядзённага жыцця чалавека, а параўнанне бюджэтаў часу за розныя перыяды дазваляе прасачыць, як тэхналагічны прагрэс і сацыяльныя трансфармацыі мяняюць паўсядзённае жыццё людзей.
За апошнія дзесяцігоддзі было праведзена больш за 250 абследаванняў выкарыстання часу больш як у 80 краінах свету. І Беларусь не выключэнне. Такое абследаванне ў нашай краіне праводзіцца раз у 10 гадоў, папярэдняе ажыццяўлялася ў 2014–2015 гадах.
«У ходзе абследаванняў бюджэту часу збіраецца інфармацыя аб тым, як насельніцтва краіны размяркоўвае свой час на працягу дня, выконваючы розныя віды дзейнасці, — растлумачыў Аляксей Яркавец. — Такім чынам ствараецца дэталёвая карціна таго, як людзі выкарыстоўваюць свой час: чым яны займаюцца і як доўга. Вынікі абследавання таксама з’яўляюцца шырокім інфармацыйным рэсурсам для аналізу і маніторынгу прагрэсу ў забеспячэнні роўных магчымасцяў для жанчын і мужчын ва ўсіх сферах жыцця».
Як паказалі вынікі абследавання, жыхары Беларусі ва ўзросце 10 гадоў і больш амаль палову свайго сутачнага фонду часу (11 гадзін 35 хвілін) выкарыстоўваюць на догляд за сабой: на сон, прыём ежы, асабістую гігіену. Трэцяя частка часу (8 гадзін) адводзіцца на працу, навучанне, вядзенне хатняй гаспадаркі, догляд за членамі сям’і, дапамогу сваякам і сябрам. Вольны час у сярэднестатыстычнага беларуса займае 4 гадзіны 18 хвілін.
Для параўнання, 10 гадоў таму на догляд за сабой беларусы трацілі на 29 хвілін менш, а вольнага часу было на 18 хвілін больш. Цяпер мы спім на 16 хвілін даўжэй і прымаем ежу даўжэй на 4 хвіліны.
На працягу жыцця ў сярэднестатыстычнага беларуса на сон сыходзіць амаль 28 гадоў, вольнага часу — амаль 13,5 года, з якіх крыху больш за 6 гадоў мы праводзім каля тэлевізара. Больш за 11 гадоў — гэта час, праведзены на працы. Прыём ежы займае крыху больш за 4 гады, а на яе прыгатаванне затрачваецца больш за 2,5 года. На прыборку жылля, мыццё і прасаванне сыходзіць 1 год 7 месяцаў, а на набыццё тавараў і атрыманне паслуг яшчэ 11 месяцаў.
У Беларусі, як і ў іншых краінах свету, бюджэт часу мае гендарныя асаблівасці. Дадзенае абследаванне прадэманстравала прагрэс у дасягненні гендарнай роўнасці ў нашай краіне.
«Калі ўлічваць усе віды паўсядзённай дзейнасці, то аказваецца, што працягласць працоўнага часу ў жанчын (аплатная праца і праца па вядзенні хатняй гаспадаркі і доглядзе за членамі сям’і), як правіла, большая, чым у мужчын, і гэта адбіваецца на іх вольным часе, — заўважыў намеснік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта. — Калі 10 гадоў таму беларускі трацілі на работу па хаце і догляд за членамі сям’і ўдвая больш часу, чым мужчыны, то, паводле апошніх звестак, гэты разрыў скараціўся да 1,7 раза».
Для параўнання: у сярэднім у свеце жанчыны прысвячаюць хатняй працы і догляду за членамі сям’і ў 2,5 раза больш часу ў дзень, чым мужчыны.
Вераніка КАНЮТА