Top.Mail.Ru

Галоўнае — бяспека: каля 1300 літоўскіх грузавікоў знаходзяцца на спецыяльных пляцоўках

14.11.2025 | 19:48

Усе цяжкагрузы, якія не змаглі перасекчы мяжу з Літвой да таго, як яна ў аднабаковым парадку закрыла аўтадарожную мяжу з Беларуссю, знаходзяцца на спецыяльных пляцоўках, якія ахоўваюцца. Большасць вадзіцеляў ужо накіравалася да месцаў свайго пражывання. Для тых, хто застаўся на пляцоўках, як і патрабаваў Прэзідэнт, створаны адпаведныя неабходныя бытавыя ўмовы. Падрабязнасці — у нашым матэрыяле.


Даслоўна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка:

— Каб нас потым не абвінавацілі, што мы там нешта дрэннае зрабілі. Узялі іх пад ахову. Хочуць эвакуіраваць, што ж, будзем дамаўляцца.

Аўтамабілі сабраны, стаяць пад аховай. Тыя, хто іх ахоўвае, папрасілі, па-мойму, 120 еўра за суткі. Заплацілі за ахову. Колькі сутак будуць стаяць — памножыць на 120 еўра, — плаціце, забірайце аўтамабілі з грузам. Калі ў бліжэйшыя некалькі дзён гэтага не будзе зроблена, мы прымем рашэнне, як МЗС заявіў, у адпаведнасці з нашымі законамі. Аж да канфіскацыі гэтых аўтамабіляў. Яны не могуць боўтацца на дарогах — 1100 або 1200 велізарных фур, якія стаялі дзесьці там на дарозе.

На нарадзе аб дапрацоўцы Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026-2030 гады, 10 лістапада 2025 г.

Усе ўмовы створаны

Нагадаем, што 29 кастрычніка ўлады Літвы на месяц закрылі аўтадарожную мяжу з Беларуссю. Рух праз пункт пропуску «Шальчынінкай» («Беняконі») быў цалкам прыпынены, а дзейнасць пункта пропуску «Мядзінінкай» («Каменны Лог») абмежаваная выключэннямі. Па даручэнні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі органы ўнутраных спраў пад кіраўніцтвам Дзяржсакратара Савета Бяспекі ўсе літоўскія аўтамабілі былі сабраны паблізу пунктаў пропуску і ўзяты пад ахову менавіта для таго, каб гарантаваць бяспечны рух усім астатнім транспартным сродкам на граніцы, а таксама, каб стварыць належныя ўмовы кіроўцам, якія апынуліся ў такім гаротным становішчы.

Як звярнуў увагу начальнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрый РАЗЯНКОЎ, па ўказанні міністра ўнутраных спраў супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі Гродзеншчыны суправадзілі літоўскія грузавікі, якія назапасіліся ў прыграніччы, на спецыяльна абсталяваныя стаянкі, якія ахоўваюцца. 

— Таксама на дарогах назапасіліся безгаспадарліва кінутыя прычэпы і паўпрычэпы на літоўскай рэгістрацыі без цягачоў, — праінфармаваў праваахоўнік. — Указаныя транспартныя сродкі размяшчаліся хаатычна, ствараючы пагрозу бяспекі руху і перадумовы для здзяйснення ДТЗ. У гэтай сувязі кіраўнік міліцэйскага ведамства даручыў эвакуіраваць іх на стаянкі, што ахоўваюцца. У цяперашні час гэты працэс завершаны. Пад’язныя шляхі да пункта пропуску «Каменны лог» свабодныя.

Па словах начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама, экіпажы ДАІ Гродзеншчыны працягваюць несці службу ва ўзмоцненым рэжыме, забяспечваючы дарожную бяспеку і ахову грамадскага парадку.

Як адзначыў начальнік мытнага паста «Беняконі» Гродзенскай рэгіянальнай мытні Дзмітрый ПАРФËНАЎ, у мэтах забеспячэння бяспекі і захавання належных санітарных умоў, на пад’язных дарогах да беларуска-літоўскіх пунктаў пропуску наведзены поўны парадак. 

— Усе літоўскія фуры, якія засталіся на абочынах каля пунктаў пропуску, размешчаны на спецыяльна ўстаноўленых пляцоўках, — канстатаваў ён. — Усяго на стаянках знаходзіцца каля 1300 літоўскіх грузавікоў. Ажыццяўляецца кругласутачная ахова дадзеных пляцовак. Большасць вадзіцеляў накіравалася да месцаў пражывання. Для тых, хто застаўся на пляцоўках, створаны адпаведныя ўсе неабходныя бытавыя ўмовы.

Вільнюс маўчыць

Тым часам міністэрства замежных спраў Літвы да цяперашняга часу не дало свой адказ на зробленую некалькі дзён таму прапанову беларускага боку аб правядзенні перамоваў паміж двума знешнепалітычнымі ведамствамі для пошуку шляхоў вырашэння сітуацыі на беларуска-літоўскай мяжы. Пра гэта заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Руслан Варанкоў:

— Да цяперашняга часу адказ МЗС Літвы на нашу прапанову не паступаў. Замест гэтага ад літоўскага боку атрымана прапанова аб правядзенні ў пачатку наступнага тыдня сустрэчы на ўзроўні намеснікаў кіраўнікоў пагранічных службаў дзвюх краін па пытанні барацьбы з трансгранічнай злачыннасцю.

Ён адзначыў, што гэтая ініцыятыва цалкам сугучная тым крокам, якія Мінск прапаноўваў Вільнюсу на працягу апошніх гадоў: узаемадзеянне ў галіне аховы і кантролю перасячэння дзяржаўнай мяжы. 

— І мы яго, вядома, вітаем, — заявіў прэс-сакратар. — Аднак такое ўзаемадзеянне не вырашае пытання адкрыцця закрытых у аднабаковым парадку літоўскім бокам пунктаў пропуску і аднаўлення праз іх руху грамадзян, транспартных сродкаў і грузаў. Яшчэ раз падкрэсліваем, што з улікам комплекснага характару дадзенага пытання яго рашэнне магчыма толькі на палітыка-дыпламатычным узроўні, чаго ад нас так чакаюць грамадзяне Беларусі, Літвы і іншых дзяржаў, уключаючы ЕС. Беларускі бок да гэтага гатовы. Але ёсць і іншы, больш просты варыянт: літоўскі бок можа проста адмяніць сваё аднабаковае рашэнне аб закрыцці мяжы.

Варшава: становішча на мяжы «самае спакойнае за доўгі час»

Пакуль літоўскія ўлады маўчаць з нагоды развязвання сітуацыі на мяжы, афіцыйная Варшава абвяшчае аб адкрыцці двух пунктаў пропуску на беларуска-польскай мяжы. 

Так, прэм’ер-міністр краіны Дональд Туск пацвердзіў, што Польшча адновіць працу двух КПП на мяжы з Беларуссю ў пачатку наступнага тыдня. Раней мясцовыя СМІ са спасылкай на адпаведны законапраект МУС Польшчы паведамілі, што Варшава плануе адкрыць у панядзелак, 17 лістапада, два пераходы з нашай краінай. Гаворка ідзе пра аўтамабільныя памежныя пераходы «Баброўнікі» («Бераставіца» з беларускага боку) і «Кузніца Беластоцкая» («Брузгі»).

У прыватнасці, пагранпераход «Баброўнікі» — «Бераставіца» будзе адкрыты для пасажырскіх перавозак, уключаючы аўтобусы. Ім змогуць скарыстацца і грузавікі, але з абмежаваннямі. Скарыстацца памежным пераходам «Кузніца Беластоцкая» — «Брузгі» змогуць толькі ўладальнікі легкавога транспарту. Мэтай аднаўлення пунктаў пропуску з’яўляецца аднаўленне перамяшчэння людзей і транспарціроўка тавараў.

Са слоў Туска, абстаноўка на мяжы «самая спакойная за доўгі час». Абодва КПП адкрыюцца ў тэставым рэжыме. А ў МУС Польшчы заявілі, што галоўная прычына адкрыцця двух памежных пераходаў з Беларуссю — эканамічны эфект. 

Рашэнне Польшчы — удар ніжэй пояса

Прэзідэнт Нацыянальнай асацыяцыі аўтаперавозчыкаў (LINAVA) Эрландас Мікенас адзначыў, што такое рашэнне Польшчы — «удар ніжэй пояса» для літоўскага бізнэсу, пішуць літоўскія СМІ.

З ягоных слоў, літоўская лагістыка будзе канчаткова знішчаная пасля гэтага, калі ўлады Літвы не адкрыюць мяжу з Беларуссю:

— Палякі заўсёды так робяць. Я не ведаю, чаму Літва паступае так неразумна. 

Мікенас з абурэннем адзначыў:

— Вы разумееце, якую памылку дапусціла Літва, зачыняючы мяжу? Зараз грузапатокі становяцца незбалансаванымі. Мы ўжо шмат гадоў спрабуем зрабіць Літву транзітнай краінай. Мы ўвялі шмат тэрміналаў у Літве, а цяпер нашы тэрміналы пустуюць і, паколькі мяжа закрытая, грузы ідуць з Польшчы ў Азію.

У LINAVA канстатавалі, што калі Літвой не будзе знойдзены спосаб аднавіць канкурэнтную перавагу сваіх перавозчыкаў, то літоўскай лагістыцы прыйдзе канец. 

Віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі LINAVA Алег Тарасаў сказаў, што прынятыя літоўскімі ўладамі пастановы губяць галіну. Паводле яго слоў, адкрыўшы памежныя пункты, Польшча павялічыць прапускную здольнасць сваёй мяжы і праз яе будзе праходзіць увесь грузапаток, што знізіць неабходнасць транспарціроўкі грузаў праз Літву ці Латвію.

Кампетэнтна

Член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Ігар Сяргееў, кажучы пра сітуацыю на беларуска-літоўскай мяжы, падкрэслівае — пазіцыя Беларусі застаецца вельмі выразнай і адкрытай:

— Наш бок не закрываў мяжу і ў любы момант гатовы забяспечыць яе паўнавартаснае функцыянаванне. Як ужо было агучана, для гэтага спатрэбіцца мінімальны час — літаральна дзве гадзіны, каб аднавіць нармальны рэжым працы. Рашэнне аб закрыцці, якое прывяло да калапсу, было прынята выключна літоўскім бокам.

Парламентарый канстатуе той факт, што гэта відавочная шкода, нанесеная інтарэсам не толькі Беларусі, але і нашых ключавых партнёраў — Расіі, Казахстана, Кітая, чые грузы і транспартныя патокі апынуліся заблакіраваныя:

— Больш за тое, Літва наносіць сур’ёзны ўдар па ўласным бізнесе. Вымушанае знаходжанне літоўскіх грузавых аўтамабіляў на нашай тэрыторыі цягне за сабой неабходнасць іх наступнага выкупу і аплату паслуг па ахове і стаянцы. Вільнюс свядома ідзе на эканамічныя страты, матывы якіх застаюцца зусім незразумелымі з пункту гледжання добрасуседства і здаровага сэнсу.

Сенатар звяртае ўвагу, што беларускі бок не проста чакае, але і дзейнічае:

— Па даручэнні Кіраўніка дзяржавы, міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў накіраваў Вільнюсу канкрэтныя і канструктыўныя прапановы па хутчэйшым вырашэнні гэтага крызісу. Агучаныя ініцыятывы нацэленыя на поўнае аднаўленне нармальнай працы ўсіх пунктаў пропуску і ўзаемадзеянне адпаведных службаў.

Па паведамленнях нашых карэспандэнтаў і БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю