Як нагадаў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар КАРПЕНКА, у адпаведнасці з рашэннем рэспубліканскага рэферэндуму 2022 года па пытанні ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, раздзел ІV Асноўнага Закона краіны быў дапоўнены асобнай главой аб Усебеларускім народным сходзе. «Упершыню ў 2024 годзе пасля адзінага дня галасавання прайшлі выбары дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу ад структур грамадзянскай супольнасці і мясцовых Саветаў дэпутатаў, сфарміраваны яго склад, — канстатаваў ён. — У адпаведнасці з Канстытуцыяй, УНС пачаў сваю работу як найвышэйшы прадстаўнічы орган нашай краіны».
У краіне ідзе падрыхтоўка другога пасяджэння VІІ Усебеларускага народнага сходу. У адпаведнасці з распараджэннем Старшыні Усебеларускага народнага сходу Аляксандра Лукашэнкі, яно пройдзе ў Мінску 18–19 снежня 2025 года. Адным з ключавых пытанняў парадку дня пасяджэння УНС стане Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на будучую пяцігодку.
Згодна з дзеючым заканадаўствам, Цэнтрвыбаркам прызначае выбары дэлегатаў УНС, у тым ліку і замест тых, хто выбыў. Таксама ЦВК устанаўлівае вынікі гэтых выбараў, рэгіструе выбраных дэлегатаў.
Як звярнуў увагу старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый СЯНЬКО, у адпаведнасці з заканадаўствам, у красавіку 2024 года на 9-м пазачарговым з’ездзе ФПБ былі выбраны 80 дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу. «З моманту правядзення першага пасяджэння VІІ УНС па падставах, прадугледжаных артыкулам 39 Закона „Аб Усебеларускім народным сходзе“, датэрмінова спынілі свае паўнамоцтвы два дэлегаты: адзін — ад Магілёўскай вобласці і адзін — па горадзе Мінску, — канкрэтызаваў ён. — Згодна з артыкулам 96-16 Выбарчага кодэкса Беларусі, у выпадку датэрміновага спынення паўнамоцтваў дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу ад суб’екта грамадзянскай супольнасці па рашэнні кіруючага органа суб’екта грамадзянскай супольнасці могуць праводзіцца выбары новага дэлегата УНС ад таго ж суб’екта грамадзянскай супольнасці».
На мінулым пасяджэнні ЦВК быў сфарміраваны новы склад Маладзёжнага савета пры Цэнтрвыбаркаме. Ён прыступіў да дзейнасці: сумесна з Цэнтрам па рабоце з насельніцтвам і выбарчым працэсе Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь з’яўляецца ініцыятарам шэрагу маладзёжных праектаў, накіраваных на прававую асвету. Іх канцэпцыю і чаканы эфект разгледзелі падчас бягучага пасяджэння Цэнтральнай камісіі.
Вераніка КАНЮТА